Выбрать главу

Аднак дзейнасць казакоў насіла разрознены характар. Іх поспехі ў паасобных месцах з’яўляліся часовымі, як гэта было ў раёнах Рэчыцы, Мазыра, Турава, Пінска, Новагародка, Слоніма, Бярэсця, Бабруйска. Супроць паўстанцаў былі кінуты адборныя вайсковыя сілы пад камандай Ельскага, Мірскага, Паца, Радзівіла і інш. Ім удалося на працягу канца 1648 — пачатку 1649 г. пагасіць казацкія паўстанні. Удзельнікі іх караліся выключна жорстка, як гэта было ў Пінску, Бабруйску, Тураве. Асабліва бязлітасна распраўляліся з кіраўнікамі паўстанцаў, якія траплялі ў палон. Так, у Мазыры быў скінуты з вежы на абледзянелыя каменні Миненка, а ў Бабруйску быў пасаджаны на кол Паддубскі.

Каб надалей ухіліць небяспеку казацкіх атрадаў з Украіны, спецыяльна сабранае войска пад камандаваннем Януша Радзівіла ў студзені 1649 г., рухаючыся з захаду на ўсход уздоўж левага берага Прыпяці ў напрамку Пінск — Тураў — Мазыр — Рэчыца, умацоўвала паўднёвую мяжу Беларусі. Аднак вясной 1649 г. Б. Хмяльніцкі пасылае на Беларусь трохтысячны атрад казакоў на чале з Галотам, якому ўдалося прарвацца праз Прыпяць у паўднёвыя раёны Беларусі. I ўсё ж, нягледзячы на першую перамогу над войскам Радзівіла, гэты атрад быў разгромлены, а Галота, які паранены трапіў у палон, быў жорстка закатаваны.

У канцы чэрвеня 1649 г. Б. Хмяльніцкі, які ў гэты час зноў узнавіў вайсковыя дзеянні супроць Польшчы, пасылае на Беларусь шасцітысячны казацкі атрад, які ўзначальвалі Падбайла і Гаркуша. Ён умацаваўся паміж Сожам і Дняпром, куды з часткай свайго войска рушыў Радзівіл, каб разграміць казакоў. Але з тылу ён быў атакаваны новым казацкім атрадам Міхаіла Крычэўскага. Хоць войска Радзівіла і панесла значныя страты, але яму ўдалося перамагчы казацкія сілы. Цікава адзначыць, што Радзівіл угаворваў Крычэўскага, які папаў у палон, перайсці на яго бок. Аднак той не паддаўся на ўгаворы і, ведаючы, што яго чакае лютая смерць, скончыў жыццё самагубствам, стукнуўшыся галавой аб кола воза.

3 падпісаннем Б. Хмяльніцкім у жніўні 1649 г. з Польшчай Збораўскага міру вайсковыя дзеянні на Украіне часова спыніліся. А гэта дало магчымасць Я. Радзівілу канчаткова разграміць рэшткі казацкіх атрадаў, якія знаходзіліся ў раёне Лоева. Пасля гэтага ён узяў кірунак на Украіну. Яго наступленне не мог стрымаць высланы Б. Хмяльніцкім 15-тысячны атрад палкоўніка Марціна Нябабы. Ён быў разбіты ў раёне лоеўскай пераправы з вялікімі ахвярамі, у ліку якіх быў і сам Нябаба.

Паражэнне войскаў Б. Хмяльніцкага пад Берасцечкам у 1651 г. дало магчымасць Я. Радзівілу авалодаць Кіевам. Як бачым, Я. Радзівілу, хоць і з вялікімі цяжкасцямі, усё ж удалося не толькі перамагчы шматлікія казацкія ўварванні на Беларусь, але і прарвацца на Украіну, і захапіць Кіеў. I гэтыя яго дзеянні не былі вынікам яго саюза з Польшчай у барацьбе з Б. Хмяльніцкім. Якраз наадварот, Я. Радзівіл быў праціўнікам польскага ўплыву і каталіцтва ў ВКЛ і таму дзейнічаў самастойна ў інтарэсах сваёй дзяржавы. Не выключана, што яго прарыў на Украіну быў прадыктаваны імкненнем зноў вярнуць яе землі ў BKЛ, у складзе якога яны былі да Люблінскай уніі.

У 1654 г. барацьба Б. Хмяльніцкага з Польшчай закончылася аб’яднаннем Украіны з Расіяй. Здавалася б, што разам з гэтым наступіць мір і на Беларусі, аднак гэтага не адбылося, яна зноў стала арэнай працяглай і жорсткай вайны.

ПАЧАТАК «ПАТОПУ»

Гісторыя Беларусі — гэта найперш гісторыя войнаў, пры гэтым самых крывавых і разбуральных. Цяжка пералічыць іх з-за вялікай колькасці на нашай зямлі. Вось і зараз, не паспеў наш народ акрыяць ад Лівонскай вайны, доўгай і пакутнай, як зноў трапіў пад агонь яшчэ больш знішчальнай вайны, якая ўвайшла ў гісторыю пад назвай руска-польскай вайны 1654–1667 гг. Фактычна вайсковыя дзеянні з казацкімі атрадамі працягваліся з 1648 г., аднак ў 1654 г. пачаўся сапраўдны вайсковы патоп, які хлынуў на Беларусь з розных бакоў.

Адразу пасля аб’яднання Украіны з Расіяй у 1654 г. для Масквы адкрылася магчымасць ажыццяўлення сваёй запаветнай мары: аб’яднаць пад сваёй уладай усе ўсходнеславянскія землі, непадначаленай з якіх была толькі Беларусь. I калі Украіна аб’ядналася з Масковіяй добраахвотна, то Беларусь трэба было заваёўваць, што і стала галоўнай прычынай гэтай вайны.

Ужо восенню 1653 г. разарваны дыпламатычныя адносіны з Рэччу Паспалітай з прычыны таго, што апошняя, маўляў, парушала ранейшыя дамовы з Масквой. А гэта азначала непазбежнасць вайны. I што важна адзначыць — план яе пачатку і далейшага ходу царскаму ўраду падказаў Б. Хмяльніцкі ў сваёй грамаце ад 17 мая 1654 года. У ёй гаварылася аб неабходнасці шчыльнага ўзаемадзеяння рускіх і ўкраінскіх войскаў. Калі першыя будуць наступаць з усходу, то другія з поўдня.

Адразу пачалася ўзмоцненая падрыхтоўка да вайны. Шэраг дакументаў сведчыць, што насельніцтва паасобных земляў Беларусі, асабліва пагранічных з Расіяй, чакала прыходу маскоўскіх войскаў як сваіх вызваліцеляў. Не выключана, што гэта было арганізавана агентамі Масквы, бо ў асяроддзі цёмных і забітых мас народа жывуць ілюзорныя надзеі на «добрага» цара, які прынясе вызваленне. Са свайго боку і царскі ўрад рабіў усё, каб падтрымаць гэтыя дарэмныя чаканні, даючы распараджэнні сваім ваяводам некрыўдзіць тых «беларусцаў», якія не будуць аказваць супраціўлення рускаму войску.

Ведаючы аб падрыхтоўцы вайны з боку Масквы, палявы гетман ВКЛ Януш Радзівіл выдае 16 лютага 1654 г. універсал ваяводам аб прывядзенні войскаў пад Оршай у баявую гатоўнасць.

Вайна пачалася ў сярэдзіне мая 1654 г. з боку Масквы, калі яе войскі пад камандаваннем Шарамецьева накіраваліся на Невель і гарады, размешчаныя на Зах. Дзвіне. Сам жа цар Аляксей Міхайлавіч узначаліў цэнтральную групоўку войскаў, якая ўзяла ў аблогу Смаленск. 3 боку Бранска кірункам на Мсціслаўскае ваяводства рушылі войскі пад началам Трубяцкога. 3 поўдня на Беларусь выйшла 30 000 казакоў, пасланых Б. Хмяльніцкім пад камандай I. Залатарэнкі, якія рухаліся на поўнач уздоўж Дняпра ў кірунку Гомеля, Прапойска, Старога Быхава. Як бачым, тэрыторыя Беларусі была абкладзена і з фронту, і з флангаў. што давала рускім войскам магчымасць захапіць умацаванні па Зах. Дзвіне і Дняпры і, абапіраючыся на першы поспех, прасоўвацца далей на захад.

Гэтаму забяспечвала поспех і тое, што сілы Польшчы і ВКЛ былі тут непараўнальна слабымі. Дзесяцітысячнае войска Я. Радзівіла, якое знаходзілася пад Оршай, не магло прыйсці на дапамогу абложанаму рускімі войскамі Смаленску. Не мела поспеху спроба Я. Радзівіла сабраць павятовыя апалчэнні з мясцовай шляхты, якая тут лічылася ў дастатковай колькасці, каб намнога ўзмацніць войска. Аднак яна тут з асаблівай выразнасцю паказала сваю карыслівасць. Будучы пад уладай Польшчы, шляхта ВКЛ змагалася за наданне ёй прывілеяў польскай шляхты, чым яна асабліва даражыла. Аднак цяпер, бачачы наступленне маскоўскіх войскаў і баючыся, апынуўшыся пад рускай уладай, страціць свае ранейшыя правы, яна ўхілялася ад ўступлення ў армію, каб бараніць айчыну. Трэба ўлічваць, што цар Аляксей Міхайлавіч загадаў прымаць на вайсковую службу тых беларусаў, якія захочуць яму служыць. Ён нават дазваляў фарміраваць асобныя аграды з беларусаў у складзе яго войскаў. Як пакажуць далейшыя падзеі, шляхта шэрагу мясцовасцей Беларусі, занятых маскоўскімі войскамі, звярталася да новых уладароў аб захаванні старых ці наданні ёй новых прывілеяў.

Як бачым, у гэты цяжкі для Радзімы час яе феадалы клапаціліся перш за ўсё пра свае выгоды, гатовыя служыць за іх чарговаму гаспадару. У свой час Я. Купала добра ахарактарызаваў іх паводзіны, адзначыўшы, што «людзі «лепшыя», як зблудшая аўца, той за маскоўскім, іншы за варшаўскім раем… за шляхецкія адзнакі або за царскія чыны… плылі ў чужыншчыну сляпой паводкай».

Менавіта з прычыны малалікасці войска ВКЛ і дало магчымасць рускім войскам імкліва развіваць паступленне. Ужо ў ліпені 1654 г. ім удалося авалодаць Полацкам, Дзісной, Друяй і іншымі гарадамі. А ў маі - чэрвені 1654 г. казакі I. Залатарэнкі, якіх было 20 000, захапілі гарады Гомель, Чачэрск, Новы Быхаў і падышлі да Старога Быхава. Аднак там, дзе былі больш-менш моцныя гарнізоны, поспех рускіх войскаў быў больш стрыманы. Толькі праз тры месяцы аблогі 18 верасня быў захоплены Смаленск. За здачу яго ваявода Піліп Абуховіч падвергся суроваму і здзекліваму асуджэнню ў літаратурным творы «Ліст да Абуховіча». I толькі 18 лістапада здаўся Віцебск.