Выбрать главу

Убачанае Паклонскім закрэсліла далейшыя ілюзіі і прывяло яго, як ён сказаў, «к возврату до милое и златые отчины». Не супярэчыў гэтаму і ягоны пераход на бок Я. Радзівіла, бо апошні, будучы праціўнікам польскага ўплыву ў ВКЛ, змагаўся ў інтарэсах сваёй дзяржавы, часткай якой была Беларусь. Вось чаму Паклонскі дапамагае Я. Радзівілу адваяваць Магілёў. Менавіта ён ноччу 6 лютага 1655 г. знаходзячыся са сваім палком у Магілёве, адчыніў яго вароты для Я. Радзівіла. Аднак ім удалося толькі пранікнуць за знешні земляны вал. А ўнутраны стаў недаступным у выніку ўпартага супраціўлення рускага войска. I Я. Радзівілу прыйшлося зняць аблогу горада і адступіць да Бярэзіны. Стаўшы яго саюзнікам, адначасова з ім адступіў і Паклонскі. Важна адзначыць, што Я. Радзівіл 10 траўня 1655 г. асобным універсалам даў К. Паклонскаму палкоўніцтва над усімі беларускімі краямі. Такім чынам, і Я. Радзівіл бачыў у асобе К. Паклонскага выдатнага дзеяча Беларусі і таму даручыў яму кіраванне яе войскамі. Праўда, яму не ўдалося стрымаць наступ рускіх войскаў на Друці і Бярэзіне, што вымусіла адступіць на захад.

Далейшы лёс Паклонскага быў вельмі цяжкі і складаны. Спачатку ён прадаўжаў служыць у войску Я. Радзівіла, пасля трапіў у Прусію, ваяваў са шведамі, да якіх папаў у палон, адкуль яму ўдалося вызваліцца. Жыццё яго абарвалася дзесьці каля 1662 г. Для нас жа ў дзейнасці К. Паклонскага асабліва важна тое, што ён, знаходзячыся ў складаных гістарычных абставінах, змог выкарыстаць іх для ўзвышэння сваёй краіны, якая набывала сваю новую назву «Беларусь» і першым выдатным дзеячам якой ён і стаў.

ЯШЧЭ АДНА УНІЯ

Летам 1655 г. рускія войскі зноў перайшлі ў наступленне, паступова прасоўваючыся на захад. Тое, што ім разам з казакамі Залатарэнкі з чэрвеня па верасень 1655 г. удалося заняць Барысаў, Менск, Вільню, Гродна, Коўна, Клецк, Слонім, Тураў, Пінск, Любань і аблажыць Львоў, сведчыць аб іх вялікім поспеху. Фактычна амаль уся тэрыторыя Беларусі і Літвы і частка Украіны былі заваяваны і далучаны да Расіі. І гэта дало падставу цару Аляксею Міхайлавічу з верасня 1655 г. у свой тытул апроч Вялікай і Малой Расіі ўключыць Белую Расію і тытул вялікага князя літоўскага.

Здавалася б, што Масква дасягнула пастаўленай ёй мэты ў вайне, якую распачала ў 1654 г. Аднак вайна набыла нечакана новы паварот. Рэч у тым, што ў выніку гэтых поспехаў рускага войска склаліся вельмі спрыяльныя абставіны для Швецыі ў справе разгрому яе даўняга саперніка — Рэчы Паспалітай. Праўда, яшчэ раней у Маскве шведскія паслы вялі перамовы з царскім урадам аб падзеле паміж Швецыяй і Масквой тэрыторыі BKЛ, пры гэтым Масква прапаноўвала шведам адначасова пачаць вайну з Рэччу Паспалітай. Але згода не была дасягнута, бо Масква спадзявалася без шведскай дапамогі справіцца з Рэччу Паспалітай, што ёй у вялікай меры і ўдалося ў выніку летняга настуллення 1655 г. I вось зараз. убачыўшы і ўзважыўшы ўсё гэта, шведскі кароль Карл X Густаў пачаў у чэрвені вайну з Польшчай, у выніку чаго яна і была канчаткова разгромлена і заваявана. Акупавана была і значная частка Літвы. Аднак далейшы рух рускіх войскаў на паўночны захад ад Вільні спыніўся. У далейшым для ўмацавання свайго тылу былі паспешна пасланы рускія войскі пад тыя гарады, дзе яшчэ знаходзіліся гарнізоны войск BKЛ, якія не здаліся ворагу і прадаўжалі супраціўленне (Берасце, Слуцк, Стары Быхаў). У сваю чаргу Залатарэнка адвёў казакоў пад Стары Быхаў, каб мець большую магчымасць трымаць пад сваім кантролем паўднёва-ўсходнюю частку Беларусі. Аднак у пачатку кастрычніка 1655 г. у баі I. Залатарэнка быў цяжка паранены і праз некалькі дзён памёр. Замест яго прызначаны быў Іван Нячай, зяць Б. Хмяльніцкага.

Аднак што ж з’явілася галоўнай прычынай спынення далейшага руху рускіх войскаў на паўночны захад, каб прабіцца да Балтыйскага мора, што было іх канчатковай мэтай у гэтай вайне? Як было бачна, BKЛ зноў апынулася паміж двух агнёў: і з боку Расіі, і з боку Швецыі. I яшчэ да здачы Вільні перад Я. Радзівілам, у руках якога была засяроджана ўся ўлада і перад якім стаяла адказнасць за лёс дзяржавы, паўстала нялёгкае пытанне, як выратаваць яе ў такім цяжкім для яе становішчы. Вядома, што такое пытанне не было новым у гісторыі нашай дзяржавы. I адказ на яго павінен быў выключыць магчымасць абстрэлу з двух бакоў, што ў адваротным выпадку магло быць смяртэльным для яе. У выніку гэтага і заключаліся уніі з Польшчай. Таму і зараз перад Я. Радзівілам паўстала неабходнасць выбраць, з кім пайсці на саюз. Як ужо адзначалася, вялікі гетман быў далёка не прыхільнік саюза з Польшчай і супраціўляўся яе ўплыву ў BKЛ. Да таго ж ён ненавідзеў караля Яна Казіміра. I вось цяпер, калі Польшча была адолена шведамі, перад Я. Радзівілам паўстала рэальная магчымасць парваць з ёй унію. Аднак гэта адначасова азначала для ВКЛ ваяваць і са Швецыяй, і з Масквой, паколькі і першая, і другая захапілі землі княства. Але для ВКЛ гэта было згубным, і таму перад ім зноў паўстала пытанне аб уніі. I ў дадзеных абставінах яна магла быць заключана або з Масквой, або са Швецыяй. Я. Радзівіл добра разумеў, што саюз з першай быў яшчэ больш небяспечны, чым з Польшчай, бо гэта азначала б аддаць дзяржаву на поўнае паглынанне. I Я. Радзівіл рашыў пайсці, як на меншае зло, на унію са Швецыяй. Трэба зазначыць, што такое рашэнне не было раптоўным, бо яшчэ ў 1649 г. ён распачаў сувязь з паўночнай суседкай. А гэта можа сведчыць аб прадбачанні ім у далейшым вайны Швецыі з Польшчай, што і дасць магчымасць разарваць унію з апошняй і заключыць яе з другой. Трэба ўлічваць і тое, што ў гэты час Б. Хмяльніцкі праз Залатарэнку меў стасункі са шведскім каралём. Трэба думаць, што гэта не было таямніцай для Я. Радзівіла і падштурхоўвала яго на саюз са Швецыяй.

Апынуўшыся пасля заняцця рускімі войскамі Вільні 28 ліпеня 1655 г. на тэрыторыі, занятай шведамі, Я. Радзівіл прыступіў да ажыццяўлення вызначанай справы. I 17 жніўня пад Кейданамі (тут знаходзіўся і К. Паклонскі) і быў заключаны дагавор аб пераходзе BKЛ пад пратэктарат Швецыі. Пагадненне прадугледжвала аб’яднанне войскаў дзвюх краін супроць супольнага ворага. Шведскі бок абавязваўся вярнуць BKЛ усе страчаныя ім у вайне з Масквой гарады і землі. Асабліва важным у пагадненні было тое, што тут гарантавалася роўнасць дзвюх дзяржаў і выключалася магчымасць інкарпарацыі Швецыяй BKЛ. Пагадненне гэта з боку ВКЛ у Кейданах падпісалі каля паўтысячы асоб, сярод іх быў Я. Радзівіл, які пасля гэтага называў сябе гетманам шведскага караля, але адначасова лічыў сябе віленскім ваяводам. Праўда, у далейшым выявілася, што далёка не ўсе падтрымалі гэту унію, шмат было ў вярхах дзяржавы тых, хто лічыў сябе падданым каралю Казіміру.

Заключэнне Кейданскай уніі і было прычынай часовага спынення далейшага наступлення рускіх войскаў. Яе ўмовы сталі адразу вядомымі расійскаму боку, што для яго азначала непазбежнасць вайны са Швецыяй. Гэта тым больш стала відавочным, калі шведскія войскі, рухаючыся ўверх па Зах. Дзвіне, захапілі Браслаў, Друю і Дрысу, якія ў 1654 г. былі заняты рускімі войскамі. Для маскоўскага ўрада як вораг на першы план пачала выступаць Швецыя, якая сваімі дзеяннямі загароджвала рускім войскам шлях да Балтыйскага мора, што было таксама важнейшай мэтай іх і што ў сваю чаргу асабліва небяспечна было для Швецыі, якая ставіла сваёй задачай не выпускаць са сваіх рук валодання Прыбалтыкай. Усё гэта і змяніла рэзка кірунак вайны, якая з руска-польскай стала пераходзіць у руска-шведскую.