Выбрать главу

У поўнай згодзе з I. Выгоўскім быў I. Нячай. Калі для яго раней Беларусь была аб’ектам захопу, то цяпер яна стала для яго прадметам гандлю: ён паабяцаў Яну Казіміру пад яго каралеўскую міласць аддаць Белую Русь, за што прасіў узнагароду, якую і атрымаў. I сапраўды Сойм Рэчы Паспалітай у маі 1659 г. даў яму на пажыццёвае ўладанне Чавусы і Чэрыкаў, а таксама два войтаўствы ў Магілёўскім павеце і Бабруйскую эканомію. Шляхецкія званні атрымалі таксама і некаторыя кіраўнікі так званых сялянскіх паўстанняў. Усё гэта паказвае, што дзейнасць запарожскіх казакоў на Беларусі перш за ўсё дыктавалася іх інтарэсамі і ў залежнасці ад таго, калі ім было выгадней, яны прыстасоўваліся то на бок Расіі, то на бок Польшчы. У залежнасці ад гэтага яны прымушалі дзейнічаць сялянскія атрады. Калі I. Нячай са сваім атрадам зрабіў намер захапіць Магілёў, то Мурашка рашыў захапіць Менск. Аднак і першае, і другое скончылася няўдачай. Канчаткова I. Нячай і яго саюзнікі былі разгромлены ў канцы 1659 г., калі I. Выгоўскі ў выніку казацкіх хваляванпяў быў заменены Юрыем Хмяльніцкім, пры якім быў зноў адноўлены саюз Украіны з Расіяй. Па патрабаванні Масквы, якая бачыла ў казаках свайго саперніка ў валоданні Беларуссю, усе казацкія загоны павінны былі быць выведзены з яе тэрыторыі. У хуткім часе рускія войскі ў пачатку снежня 1659 г. захапілі Стары Быхаў. I. Нячай і яго паплечнікі былі ўзятыя ў палон, і большасць з іх — павешаны. Толькі заступніцтва Ю. Хмяльніцкага выратавала I. Нячая і яго брата Юрыя ад смерці, і яны былі высланы ў Табольск. Аднак паасобныя казацкія загоны, якія дзейнічалі самастойна, нікому не падначальваючыся, па-ранейшаму знаходзіліся на Беларусі і вялі тут вайсковыя дзеянні. Так, у чэрвені 1660 г. яны аблажылі і штурмавалі Пінск, а ў 1664 г. разам з рускімі войскамі зноў штурмавалі Пінск, а таксама Магілёў, у якім быў спалены замак.

Зноў пачалася новая хваля ўварвання расійскіх войскаў на Беларусь. Армія ваяводы Хаванскага ў снежні 1659 г. захапіла Гародню, а ў студзені наступнага года Бярэсце. Аднак гэтыя перамогі былі часовымі. Заключыўшы ў 1660 г. мір са Швецыяй, Рэч Паспалітая сканцэнтроўвае свае вайсковыя сілы на Беларусі супроць расійскай арміі. Ужо 18 чэрвеня 1660 г. руская армія пацярпела паражэнне пад Ляхавічамі, а 28 чэрвеня злучанымі войскамі BKЛ (пад камандаваннем П. Caпeгi) і польскага (пад камандаваннем С. Чарнецкага) войска Хаванскага было разгромлена пад в. Палонка (на Слонімшчыне). Гэтыя бліскучыя перамогі адкрылі шлях для далейшага прасоўвання на ўсход і адваявання тэрыторыі Беларусі. Ужо 3 ліпеня 1660 г. войскі BKЛ і Польшчы вызвалілі Менск, дайшлі да Бярэзіны. Гэтак жа паспяхова было адбіта 4 кастрычніка 1660 г. наступленне рускага войска на Чавусы, і яно вымушана было адступіць да Смаленска.

Адначасова з гэтым у гарадах, занятых рускімі войскамі, расла незадаволенасць мясцовага насельніцтва сваім паднявольным становішчам, што прывяло да шэрагу хваляванняў, з якіх асабліва вызначылася Магілёўскае паўстанне 3 лютага 1661 г. У ранейшай гістарыяграфіі сцвярджалася, што гэта паўстанне было вынікам змовы тых, хто чакаў уступлення ў горад войскаў Рэчы Паспалітай. Але адначасова сцвярджалася, што размешчаныя па кватэрах у Магілёве рускія салдаты з жыхарамі абыходзіліся груба, штодзённа чынілі ім розныя крыўды, ад якіх нідзе не знаходзілі дпя сябе ўправы і абароны, хаця і неаднаразова скардзіліся. Зразумела, што пры такіх абставінах не магло не быць усеагульнага абурэння насельніцтва горада, і таму яно прыняло актыўны ўдзел у паўстанні. Напярэдадні яго гаспадары дамоў, у якіх кватаравалі салдаты, у стрэльбах сваіх пастаяльцаў вынялі крэмні. Повад для пачатку паўстання падалі зноў такі самі рускія салдаты. Раніцай, па свайму звычаю натоўпамі праходжваючыся па рынку, чапляліся да гандлярак, яны хапалі ў іх выстаўленыя на продаж харчы. На рынку падняўся крык і шум. На гукі звону, што было ўмоўным знакам для пачатку паўстання, з дамоў сталі выбягаць узброеныя чым папала жыхары горада і сталі біць салдат. У выніку гэтага ўсе яны (а іх мелася тры тысячы) былі забітыя. Шмат было ахвяр і сярод жыхароў горада. Выратаваліся ад смерці толькі тры ваяводы і некалькі афіцэраў, якія былі захоплены і адпраўлены ў Варшаву. Падобныя паўстанні адбыліся ў гэты час у Дзісне, Себежы, Гомелі і іншых гарадах, што яскрава сведчыла, наколькі насельніцтва Беларусі вызвалялася ад ранейшых ілюзій (і яны яму ўпарта навязваліся) аб добрым цары, які прыйдзе з усходу і прынясе яму шчаслівае жыццё. Сапраўднасць жа паказвала, што іх гаротнае жыццё ў выніку прыходу добрага цара станавілася яшчэ больш цяжкім.

Расійская армія працягвала цярпець няўдачы. У пачатку лістапада 1661 г. частка яе пад камандаваннем Хаванскага і Орды-Нашчокіна была разгромлена ў баі каля в. Кушлікі. А 6 лістапада 1661 г. войскі BKЛ на чале з С. Чарнецкім нанеслі поўнае паражэнне расійскаму войску каля г. Глыбокага, што мелара шаючае значэнне для вызвалення Вільні 2 снежня 1661 г.

У далейшым руска-польская вайна на Беларусі атрымала зацяжны характар. Вялікіх баёў не было, у асноўным адбываліся лакальныя сутычкі. Знясіленыя шматгадовай барацьбой, ні адзін, ні другі бок не маглі істотна папаўняць вельмі парадзелыя войскі. I таму абодва бакі вымушаны былі ісці да мірных перамоваў, якія і закончыліся 30 студзеня 1667 г. у в. Андрусава (каля Мсціслаўля) падпісаннем перамір’я на 13,5 года. Паводле яго, да Расіі адыходзілі Смаленскае ваяводства, Северская зямля з Чарнігавам і Старадубам, якія раней належалі ВКЛ, а таксама Левабярэжная Украіна з Кіевам. Як бачым, хаця Беларусь у асноўным засталася ў складзе Рэчы Паспалітай, аднак страта Смаленшчыны для яе з’явілася цяжкім ударам. Будучы аднапляменнай крывіцкай зямлёй, яна за шматвяковую гісторыю так шчыльна звязалася этнічна, палітычна і эканамічна, што нават адабранне яе ад Беларусі па Андрусаўскаму перамір’ю не магло ў далейшым сцерці яе беларускі характар. У навуковай літаратуры XIX ст. Смаленшчына і адносілася да Беларусі. Не кажучы ўжо пра ўрад БНР, але нават I з’езд КПБ большую частку Смаленшчыны са Смаленскам аднёс да тэрыторыі абвешчанай ім БССР. Аднак у скорым часе яна была адабрана ад Беларусі разам з Віцебшчынай, Магілёўшчынай і Гомельшчынай. Але калі тры апошнія ў 1924 і 1926 гг. былі вернуты ў склад БССР, то Смаленшчына так і засталася ў складзе Расіі, што з'явілася не чым іншым, як пацвярджэннем Андрусаўскага перамір’я.

АПОШНЯЯ ТРЭЦЬ XVII СТАГОДДЗЯ

Гэты час для Беларусі быў адносна спакойным. Хоць войны, як убачым, тады і вяліся, аднак яны ў цэлым не закраналі яе тэрыторыю, як было перад гэтым. Але вынікі руска-польскай вайны 1654–1667 гг. былі настолькі катастрафічнымі, што пераадоленне іх асабліва абцяжарыла жыццё народа ў гэты перыяд. У адным дакуменце Сойма так характарызаваўся стан паасобных рэгіёнаў Беларусі пасля вайны. Адны з іх паказаныя як «ператвораныя ў руіны і пераважна спаленыя», другія як «ушчэнт разбураныя», трэція як «амаль датла спаленыя», чацвёртыя як «у многіх месцах пагарэлыя», пятыя як «дашчэнту спаленыя», шостыя як «у большай частцы ператвораныя ў папялішчы» і т. п.. Да таго ж, і гэта самы страшны вынік вайны, Беларусь страціла больш паловы свайго насельніцтва. Калі ў 1650 г. у ёй было 2,9 мільёна жыхароў, то ў 1673 г. у ёй засталося не больш 1,4 млн. I за трэць стагоддзя, да 1700 г. узровень насельніцтва дасягнуў толькі 2,2 млн. жыхароў. Гэта лічба вельмі добра паказвае, наколькі пакутлівым быў працэс аднаўлення разбуранага і вынішчанага вайной. Многія паселішчы так і засталіся маланаселенымі, што ў сваю чаргу адмоўна адбілася на развіцці сельскай гаспадаркі, рамёстваў і гандлю.

У хуткім часе пасля заключэння Андрусаўскага перамір’я адбылася змена на каралеўскім пасадзе Рэчы Паспалітай. У 1669 г. Ян Казімір, які быў каралём з 1648 г., добраахвотна адрокся ад свайго пасада. Такі вельмі рэдкі факт у біяграфіях уладных асоб быў выкліканы здароўем Яна Казіміра. I яно сапраўды шмат цярпела ад жорсткіх патрабаванняў часу яго каралявання, на які цалкам прыпадае барацьба з ім Б. Хмяльніцкага і вайна з Масквой і Швецыяй. Яну Казіміру нельга адмовіць у рэалістычным бачанні ім непрыгляднага ўнутранага становішча сваёй дзяржавы, абумоўленага перш за ўсё магнацкім свавольствам. Менавіта ў яго час увайшоў звычай аднагалосся на соймах, калі які-небудзь яго дэпутат адхіляў пастанову вокрыкам «не пазволям». Аб глыбокім прадбачанні Яна Казіміра канчатковага лёсу Рэчы Паспалітай добра сведчыць яго развітальная прамова на сойме, у якой ён прадказаў соймавым дэпутатам аб непазбежным падзеле ў будучым іх дзяржавы паміж Масквой, Прусіяй і Аўстрыяй, што ў далейшым дакладна і адбылося праз стагоддзе з лішкам. Адрокшыся ад пасада, Ян Казімір выехаў у Францыю, дзе і жыў у манастыры і дзе ў канцы 1672 г. памёр. Цела яго як караля было прывезена ў Польшчу і пахавана ў Кракаве.