Выбрать главу

Адразу пасля адрачэння Яна Казіміра адбыліся выбары новага караля. Як і раней, у такіх выпадках выстаўляўся і прадстаўнік маскоўскага царскага роду, гэтым разам сын Аляксея Міхайлавіча — Фёдар. Але, як і ў папярэднія разы, ён таксама не прайшоў. На каралеўскі пасад нечакана для яго і ў адсутнасць яго быў абраны Міхал Карыбут Вішнявецкі. Аднак яго караляванне было зусім непрацяглым ды і прыпадала зноў такі на цяжкі час. Як і перад гэтым, на сойме панаваў хаос у выніку ўзаемных прэтэнзій дэпутатаў. Супроць караля нават рыхтавалася змова яго шляхецкімі праціўнікамі. Але асабліва цяжкім ударам для Рэчы Паспалітай была вайна з Турцыяй, якая адбылася ў 1672 г. і якую справакаваў казацкі гетман Дарашэнка. У выніку яе Турцыя захапіла Правабярэжную Украіну. Такая страта для дзяржавы была невыноснай, і таму Рэч Паспалітая ў 1673 г. пачала вайну з туркамі. Ёю кіраваў каронны гетман Ян Сабескі, і яна была паспяховай. У ёй асабіста прыняў удзел і кароль, аднак у паходзе цяжка захварэў і ў лістападзе 1673 г. у 35-гадовым узросце памёр.

Ужо тое, што ў ліку прэтэндэнтаў на такі хутка апусцелы каралеўскі пасад Рэчы Паспалітай было звыш дзесяці чалавек, сведчыць, наколькі прывабнай была гэта высокая пасада. У ліку іх зноў быў сын Аляксея Міхайлавіча Фёдар. Яго кандыдатуру падалі прадстаўнікі BKЛ, сярод якіх быў вялікі гетман Міхал Казімір Пац, што на першы погляд некалькі можа здзіўляць, бо ўся баявая вайсковая дзейнасць яго была звязана з барацьбой супроць Масквы. Але менавіта ў гэтым кірунку ішло імкненне выбраць на каралеўскі пасад Фёдара Аляксеевіча, паколькі перад ім у выпадку яго абрання, апроч іншага (прыняцця каталіцтва, жаніцьба з удавой Міхала Вішнявецкага), ставілася і ўмова вярнуць BKЛ усё раней заваяванае ў яго маскоўскімі царамі. Вядома ж, гэта апошняе было асабліва непрымальным для Фёдара, і таму ён не даў згоды на яго абранне. I каралём Рэчы Паспалітай 8 мая 1674 г. быў абраны Ян Сабескі, які ўжо ў вайне з Турцыяй паказаў сябе як выдатны вайсковы дзеяч.

Стаўшы каралём, ён і ў далейшым удзяляў вялікую ўвагу барацьбе з Турцыяй. Ачысціўшы ад яе войскаў Правабярэжную Украіну і атрымаўшы бліскучую перамогу над ёй пад Венай, 12 верасня 1686 г. быў заключаны «вечны мір», які фактычна пацвярджаў умовы Андрусаўскага перамір’я і такім чынам канчаткова замацоўваў за Масквой Левабярэжную Украіну з Кіевам і Смаленшчыну. Аднак вайсковая падтрымка Я. Сабескаму з боку іншых дзяржаў была недастатковай, каб ажыццявіць сваю мэту. Хаця вайна з Турцыяй у 1699 г. і закончылася перамогай над ёй, аднак выціснуць з Еўропы Турцыю не ўдалося.

Усё больш станавілася відавочнай няроўнасць BKЛ у саюзе з Польшчай. Здавалася б, што агульныя соймы Рэчы Паспалітай павінны былі адбывацца пачаргова ў Польшчы i BKЛ. Аднак у 1673 г. была прынята пастанова, паводле якой у BKЛ (у Гародні) праводзіўся толькі кожны трэці сойм.

Беларусь заўсёды была месцам, дзе праходзілі і скрыжоўваліся міждзяржаўныя шляхі. Вось адразу пасля заканчэння вайны ў 1667 г. паміж Вільняй і Масквой быў пракладзены дзяржаўны паштовы маршрут, які праходзіў па тэрыторыі Беларусі, што было для яе важным, прагрэсіўным набыццём.

Урад Рэчы Паспалітай у другой палове XVII ст. прымаў далейшыя меры па ўмацаванні царкоўнай уніі, па прыцягненні ў яе праваслаўных. Яшчэ пры Яну Казіміру была прынята пастанова, паводле якой праваслаўныя святары, якія прынялі унію, вызваляліся ад вайсковых павіннасцяў (пастояў, выдачы правіянту, падводаў і т. п.), што, вядома, не магло не заахвочваць да пераходу ў унію. Ян Казімір таксама патрабаваў, каб на магістрацкія пасады ў гарадах выбіраліся толькі католікі і уніяты. У час Яна Сабескага гэта палітыка была прадоўжана, што і зразумела. Прыгадаем, што на Віленскіх перамовах 1656 г. маскоўскія паслы настойвалі на ліквідацыі царкоўнай уніі, каб гэтым самым і надалей пад выглядам абароны праваслаўных ажыццяўляць свой наступ на Рэч Паспалітую. Вядома ж, урад апошняй таксама гэта добра бачыў і таму прымаў меры на аслабленне праваслаўя і тым самым на пашырэнне уніі. Так, праваслаўным брацтвам было забаронена зносіцца з усходнімі патрыярхамі па справах веры, што пазбаўляла іх маральнай падтрымкі, якую яны мелі раней адтуль. А ў 1677 г. праваслаўным наогул было забаронена выязджаць за мяжу, парушэнне чаго ім пагражала смяротнай карай і канфіскацыяй маёмасці. Універсалам Віцебскага ваяводы Храпавіцкага ў 1672 г. забаранялася праваслаўным вернікам наведваць свае набажэнствы. Адлучэннем ад уніяцкай царквы і пазбаўленнем духоўных і грамадзянскіх правоў караліся тыя, хто з уніяцтва вяргаўся ў праваслаўе, як гэта было ў адносінах да святара Хадыкі. Зразумела, што праваслаўныя не заўсёды мірыліся з наступленнем уніяцтва, пра што сведчыць выступленне ў 1681 г. праваслаўных жыхароў Полацка супроць уніяцкага мітрапаліта Жахоўскага, які вызначаўся асаблівай настойлівасцю ў пашырэнні уніі. Аднак усе гэтыя гвалтоўныя меры па ўцягненні ў унію насельніцтва толькі ўмацоўвалі уніяцкую царкву і рабілі яе больш самастойнай. Як вядома, царкоўная унія была задумана як пераходны этап да пераходу ў каталіцтва. Але ў яго з уніяцтва ніхто не пераходзіў. Толькі ўжо пасля захопу Беларусі ў склад Расійскай імперыі, калі ў 1839 г. царом была ліквідавана унія, многія яе вернікі, не жадаючы пераходзіць у праваслаўе, пераходзілі ў каталіцтва.

У дзяржаўным жыцці Рэчы Паспалітай вялікую ролю адыгрывала царква, якая была адной з магутнейшых апор дзяржавы. Вось чаму ў ёй усялякае адступленне ад рэлігіі, ад веры ў Бога каралася як найцяжэйшае злачынства. Вось чаму ў 1689 г. сойм прысудзіў да пакарання смерцю берасцейскага падсудка Казіміра Лышчынскага, абвінавачанага ў атэізме.

Не абышлося на Беларусі і без «палявання на ведзьмаў». Так, у 1677 г. узводзілася судовая справа ў адносінах дзісненскай мяшчанкі Кумцэвічавай, якая абвінавачвалася ў чарадзействе.

Раней ужо гаварылася аб шырокім бытаванні «беларускага пісьма» ў ВКЛ яшчэ ў 2-й палове XVII ст. На ім па даўняй традыцыі пісаліся дзяржаўныя дакументы, ім карысталіся ў перапісцы, нават маскоўскі ўрад патрабаваў ад урада Рэчы Паспалітай, каб ён прысылаў паперы не на польскай мове, а выкананыя «беларускім пісьмом». Усё гэта вельмі непакоіла польскія вярхі, дзеля якіх такое шырокае ўжыванне «беларускага пісьма» было галоўнай перашкодай у паланізацыі насельніцтва ВКЛ. I таму з іх боку сталі прадпрымацца ўсе захады, каб абмежаваць ужыванне беларускай мовы. Асабліва гэта справа набыла моц пасля Андрусаўскага перамір’я 1667 г., па якому амаль уся Беларусь засталася ў складзе Рэчы Паспалітай, што па-ранейшаму жывіла беларускасць у дзяржаве.

Адным з важнейшых сродкаў заглушэння адной мовы другой з’яўляецца асвета. Вось чаму так паскорана адчыняліся ў беларускіх гарадах езуіцкія калегіумы, у якіх выкладанне вялося па-польску і па-латыні. I гэтым самым навучэнцы іх забывалі родную мову, якую іх вучылі не паважаць, як простую і грубую. Так з году ў год папаўняліся і пашыраліся шэрагі тых, хто ганьбіў нашу мову, адначасова ўкараняючы ў нас польскую.

Аднак не менш важнай умовай жыццяздольнасці мовы з’яўляецца яе функцыянаванне як дзяржаўнай. Менавіта беларуская мова, з’яўляючыся дзяржаўнай мовай BKЛ, і надавала яму побач з іншым характар беларускай дзяржавы. Таму з боку Польшчы і былі прадпрыняты рашучыя крокі для выключэння беларускай мовы з дзяржаўнага ўжытку. Вядома ж, у сваім гэтым імкненні яны абапіраліся на значныя вынікі пашырэння польскай мовы сярод магнатаў і шляхты BKЛ. Ім гэта мова была добра знаёмай, яны ёю валодалі, і таму прыняцце яе як дзяржаўнай не з’яўлялася для іх праблемай. I хаця III Статут BKЛ, прыняты ў 1588 г., і гарантаваў толькі беларускай мове значэнне дзяржаўнай, якой толькі і павінен пісар пісаць, 29 жніўня 1696 г. усеагульная канфедэрацыя саслоўяў Рэчы Паспалітай (так называўся сойм, на якім прысутнічалі кароль, сенат і палата прадстаўнікоў) скасавала гэта патрабаванне, запісаўшы, што ў ВКЛ «усе рашэнні павінны складацца на польскай мове». Дзень прыняцця гэтай пастановы з’яўляецца адной з чорных датаў у гісторыі Беларусі, з гэтага часу фактычна і пачалася ўсеагульная паланізацыя BKЛ, бо ўся дакументацыя дзяржаўных і прававых устаноў пачала весціся на польскай мове, і таму кожны, хто звяртаўся туды, павінен быў ведаць польскую мову. Так, выдаленая з дзяржаўнага ўжытку, беларуская мова стала траціць сваё ранейшае ўсеагульнае значэнне і ўжыванне. Гэтым самым быў нанесены і знішчальны ўдар па беларускаму друку і пісьменству. I тым не менш усё гэта не змагло вынішчыць беларускую мову. Яе толькі адракліся магнаты і больш заможная шляхта. А ў асяроддзі сялянства і гарадскіх нізоў яна прадаўжала жыць. Амаль поўны заняпад беларускага друку і пісьменства кампенсаваўся інтэнсіўным развіццём вуснай народнай творчасці, якая ў гэты час убірала ў сябе высокі інтэлектуальны і мастацкі патэнцыял беларускага народа. Гэтым і тлумачыцца, чаму беларускі фальклор па свайму зместу, жанрах і сюжэтах — адзін з самых багацейшых у свеце.