Выбрать главу

Для BKЛ было характэрна існаванне шэрагу найбагацейшых, а таму і магутных магнацкіх родаў. I кожны з іх імкнуўся атрымаць найбольшы ўплыў у жыцці дзяржавы. А гэта ў сваю чаргу параджала паміж імі саперніцтва, якое выклікала жорсткую барацьбу, што часамі перарастала ў грамадзянскую вайну. Часцей за ўсё гэта здаралася ў час бескаралеўя. Так адбылося і пасля смерці Я. Сабескага ў 1696 г. Гетман BKЛ Казімір Сапега, абапіраючыся на вайсковую сілу, дамогся ад сената паставіць свайго сына Юрыя жамойцкім маршалкам. Гэта і выклікала незадаволенасць з боку магнатаў Агінскіх, якія расцанілі такое з боку Сапегаў як спробу захапіць усю ўладу ў BKЛ. Супроць Сапегаў і распачалася барацьба, якую ўзначаліў Станіслаў Агінскі. Абапіраючыся на сваіх прыхільнікаў, ён сабраў войска. I хаця яно пад Берасцем вымушана было капітуляваць перад войскам Юрыя Сапегі, аднак гэта не спыніла дзеянняў С. Агінскага. Ён сабраў досыць значнае войска ў 20 тысяч чалавек, пачаў нападаць на маёнткі Сапегаў і рабаваць іх. Тое ж самае ён тварыў і ўварваўшыся ў Жамойць. Не атрымаўшы дапамогі ад караля Аўгуста II, які к гэтаму часу быў абраны на пасад Рэчы Паспалітай, Сапега ў сваю чаргу сабірае таксама 20-тысячнае войска і пачынае нападаць на маёнткі Агінскага і яго саўдзельнікаў. Як бачым, узнікла жорсткая ўнутраная вайна, якая прынесла шмат шкоды мірнаму насельніцтву, як і знешняе ўварванне. Ужо тое, што магнаты маглі сабіраць такія шматлікія войскі, гаворыць аб іх вялікіх магчымасцях уздзейнічаць на дзяржаўную палітыку ў сваіх інтарэсах.

Бачачы такое, уплывовыя асобы звярнуліся да караля з просьбай спыніць гэту недарэчную вайну. Аднак пасланае ім войска, якое складалася з саксонцаў, на сваім шляху тварыла не меншыя рабаўніцтвы і гвалты, і таму зноў такі па патрабаванні шэрагу відных асоб было адазвана, тым больш што барацьба паміж Сапегамі і Агінскімі пачала сціхаць. Аднак дзякуючы аднаму недарэчнаму выпадку, калі слугі Сапегі, не ведаючы, з кім маюць справу, паранілі князёў Вішнявецкіх, барацьба па патрабаванні апошніх зноў узнавілася з яшчэ большай сілай. Аб яе выключнай жорсткасці можа сведчыць тое, што сын Сапегі Юрый, папаўшы ў палон да Агінскіх і Вішнявецкіх, быў пасечаны на кавалкі. Гэта барацьба мела свой далейшы працяг і заканчэнне ўжо ў пачатку новага стагоддзя, у час Паўночнай вайны, якая і адкрыла нашу гісторыю ў XVIII стагоддзі.

ПАЎНОЧНАЯ ВАЙНА

Так склаўся лёс Беларусі, што яе ўваходжанне ў кожнае стагоддзе з’яўлялася нешчаслівым. Гэтак пачатак XI ст. быў азмрочаны смерцю Рагнеды і яе сына Ізяслава, а пачатак XII ст. — смерцю славутага Усяслава Чарадзея. У пачатку XIII ст. крыжакі, збудаваўшы Рыгу, адрэзалі Полацк ад Балтыйскага мора, што абцяжарыла ўвесь далейшы шлях Беларусі. XIV ст. зноў пачалося з нападаў крыжакоў на нашу зямлю. Пачатак XV ст. засмуціла паражэнне Вітаўта на р. Ворскле. XVI ст. пачалося са спусташальнага маскоўскімі войскамі нападу на Смаленскую, Аршанскую, Мсціслаўскую, Віцебскую, Полацкую і іншыя нашыя землі. У пачатку XVII ст. Беларусь напаткаў страшэнны голад, а ў XVIII ст. пачалася Паўночная вайна, якая цягнулася з 1700 па 1721 г.

Прычына яе тая ж, што і Лівонскай вайны, а менавіга імкненне Расіі прабіцца да Балтыйскага мора. Не дасягнуўшы сваёй мэты ў той вайне, яна тым не менш не адмовілася ад свайго намеру. Расіі, якая стала буйной дзяржавай, для большых эканамічных, гандлёвых і культурных сувязей неабходна было прабіцца да мора. Перад гэтым яна вяла вайну з Турцыяй за выхад да Чорнага мора, але не змагла гэтага дасягнуць, задаволіўшыся толькі выхадам да Азоўскага. I заключыўшы мір з Турцыяй, яна адразу аб’явіла вайну Швецыі, якая тады валодала Балтыйскім рэгіёнам. Саюзнікамі Расіі ўгэтай вайне былі Данія і Рэч Паспалітая. Але для іх траіх пачатак вайны склаўся няўдала. Спачатку шведскі кароль Карл XII летам 1700 г. разграміў дацкае войска і пад Рыгай польскае, а ў лістападзе і руская армія пацярпела паразу пад Нарвай.

Пасля гэтага, намерваючыся пайсці на Польшчу, Карл XII пачаў сцягваць свае войскі ў Курляндыю, што вельмі напалохала караля Аўгуста II, і ён звярнуўся па дапамогу да Пятра I, які к гэтаму часу стаў расійскім імператарам. I гэта просьба была задаволена на іх сустрэчы 26 лютага 1701 г. у Біржах (Жамойць). Аднак аб’яднаныя сілы Рэчы Паспалітай і Расіі ў канцы чэрвеня 1701 г. былі разбіты шведскімі войскамі.

Варта ўвагі тое, што барацьба паміж Сапегамі, з аднаго боку, і Агінскімі і Вішнявецкімі, з другога боку, пераплялася з падзеямі Паўночнай вайны і мела ў ёй свой працяг. Сапега, не знайшоўшы падтрымкі караля Аўгуста II, перайшоў да шведаў. Як бачым, калі Сапегі ў час заключэння Кейданскай уніі са шведамі былі супроць іх і стаялі на чале пра-польскай партыі, то зараз яны занялі процілеглую пазіцыю, стаўшы на бок Швецыі. Менавіта Сапега і прыбыў да Карла XII у канцы 1700 г., калі той, разбіўшы датчан і рускіх, рыхтаваўся зрабіць напад на Рэч Паспалітую. I вось, калі Карл XII разбіў аб’яднаныя сілы Польшчы і Расіі, Сапега і параіў яму весці свае войскі ў Жамойць, што было і зроблена.

Вось у гэты час, у пачатку 1702 г., і адбылося першае ўварванне шведаў на тэрыторыю Беларусі. Войскі Карла XII, рухаючыся ў Рэч Паспалітую, прайшлі праз Гародню, якая, як і навакольныя мястэчкі і вёскі, была разрабавана. Калі Сапега быў на баку шведаў і фактычна з’яўляўся дараднікам Карла XII, то яго ворагі Агінскія і Вішнявецкія займалі важныя месцы ў вайне з імі. Так, Агінскаму было даручана каралём Аўгустам II са сваім войскам супроцьстаяць шведскаму, калі яно прыйшло ў Жамойць. Праўда, ён не рашыўся наступаць на варожую армію, хаця і меў пераважнае па колькасці войска. Больш за тое, калі ў Жамойць прыбыў Карл XII, умацаваўшы свае войскі, і пачаў наступаць, Агінскі стаў паспешна адыходзіць. Прыбыўшы ў Вільню, ён перадаў камандаванне сваімі войскамі Вішнявецкаму, што, як і ён, быў заклятым ворагам Сапегі. Аднак і той не змог стрымаць наступленне шведаў, і ў сакавіку 1702 г. яго войска было разбіта пад мястэчкам Езна. Праўда, у новай бітве некалькі пазней каля мястэчка Дарсунішкі войска Вішнявецкага нанесла паразу шведам, галоўнакамандуючы якіх нават трапіў у палон. У адказ на гэта Карл XII, каб пазбавіць Вішнявецкага апоры ў вайне з ім, загадаў свайму войску захапіць Вільню, і гэта было зроблена выключна імкліва, што Вішнявецкі ледзь сам не трапіў у палон. Не была ўдалай яго спроба ўзяць Коўну, якую раней захапілі шведы.

У той час, як баі са шведамі ішлі на тэрыторыі ВКЛ, Сойм Рэчы Паспалітай асабліва не турбавала гэта вайна. Ён не даваў у распараджэнне караля новага войска і дакараў яго за тое, што ён увязаўся ў вайну са шведамі. Сойм нават рашыў памірыцца са Швецыяй і дзеля гэтага паслаў да Карла XII групу сваіх дэпутатаў. Аднак той катэгарычна заявіў ім, што калі яны жадаюць міру, то хай пазбавяць свайго караля пасада і заплацяць яму кантрыбуцыю за яго вайсковыя выдаткі. У адваротным выпадку ён прыгразіў, што сам пазбавіць Аўгуста II яго пасада і паставіць на яго месца патрэбнага яму караля. I гэта не было пустой пагрозай. Карл XII даў загад свайму войску рухацца на Польшчу. На тэрыторыі BKЛ засталіся хаця незначныя яго часткі, але досыць баяздольныя. Пад камандаваннем генерала Левенгаупта і… Сапегі. Як бачым, апошні не толькі быў дараднікам Карла XII, але і военачальнікам у яго арміі. Тут жа прадоўжылі барацьбу са шведамі Агінскі і Вішнявецкі. Са сваім войскам яны прыйшлі сюды, каб дапамагчы паасобным партызанскім атрадам, якія вялі напады на шведскае войска. Аднак іх дзеянні былі няўдалымі. У дзвюх бітвах пад Саванцкім і Радзівілішкамі войскі Агінскага і Вішнявецкага пацярпелі вельмі жорсткую паразу, страціўшы шмат забітымі, вайсковай тэхнікі і абозаў. Да таго ж самі военачальнікі ледзь не трапілі ў палон.