Выбрать главу

Яшчэ горшыя справы былі ў Польшчы. Шведы тут менш чым за год захапілі Варшаву і Кракаў. Апроч таго, быў пазбаўлены Карлам XII каралеўскага пасада Аўгуст II. Арганізаванай шведскім кралём канфедэрацыяй 13 ліпеня 1704 г. на месца Аўгуста II быў абраны пазнанскі ваявода Станіслаў Ляшчынскі. Усё гэта і прымусіла Польшчу звярнуцца зноў па дапамогу да Расіі.

Пётр I, выкарыстаўшы тое, што асноўныя сілы Швецыі былі адцягнуты ў Польшчы, змог атрымаць шэраг перамог над ёй у Прыбалтыцы. Былі ўзяты некалькі крэпасцей, у выніку чаго Расія прабілася да Балтыйскага мора, ў 1703 г. быў заснаваны Санкт-Пецярбург. Гэтыя перамогі хаця і былі важныя, але не канчатковыя. Асноўныя сілы шведаў яшчэ дзейнічалі, і яны маглі змяніць ход вайны ў іх карысць. Вось чаму Пётр I так прыязна сустрэў польскае пасольства, з якім 19 жніўня 1704 г. і заключыў вайсковую дамову. Паводле яе было паслана адно рускае войска на чале з генралам Рэпніным да Полацка, а другое — на дапамогу Вішнявецкаму з мэтай захапіць Вільню. Вось з гэтага часу Беларусь на некалькі гадоў стала месцам, дзе разгортваліся далейшыя падзеі Паўночнай вайны. Уступіўшы на тэрыторыю Беларусі, шасцідзесяцітысячная армія Рэпніна да сярэдзіны 1705 г. заняла Менск і Гародню.

У канцы чэрвеня 1705 г. сам Пётр I з шасцідзесяцітысячнай арміяй накіраваўся на Вільню і па дарозе спыніўся ў Полацку, дзе прабыў месяц. I вось тут зноў з выключнай відавочнасцю выявілася нянавісць расейскіх уладароў да уніяцкай царквы. Аднойчы, праходзячы па горадзе з некалькімі сваімі прыдворнымі, Пётр I зайшоў у Сафійскі сабор, які стаў галоўным храмам беларускіх уніятаў. У гэты час некалькі святароў і манахаў праводзілі набажэнства, якое цар перапыніў, патрабуючы правесці яго па храме, на што і згадзіўся адзін з манахаў. Яшчэ ў час свайго прабывання ў Віцебску ў 1701 г. Пётр I загадаў пасекчы і папаліць уніяцкія абразы. Але яшчэ больш жахлівымі былі яго дзеянні ў Полацку. Зачэпкай да гвалтоўных дзеянняў Пятру I з’явіўся абраз з выявай I. Кунцэвіча, які яму не спадабаўся асабліва, і ён ударыў сваім цяжкім кулаком манаха, а калі той паваліўся, то быў яшчэ цяжка паранены царскай шабляй. Услед за гэтым і служкі цара, якія суправаджалі яго, пачалі шаблямі біць святароў, у выніку чаго, апроч аднаго, яны былі пасечаны да смерці. А таго, што застаўся жывым, усю ноч катавалі, каб сказаў, дзе знаходзяцца саборныя скарбы. Аднак ён не сказаў пра гэта і быў павешаны. Не менш жорсткую кару панёс і сам сабор. Спачатку Сафія падверглася абрабаванню, а пасля была ператворана ў склад і стайню для коней, а перад ад’ездам Пятра I з Полацка ў выніку выбуху пораху, які ў саборы захоўваўся, храм ператварыўся ў руіны. I толькі праз 30 гадоў беларуская святыня была адноўлена.

Такая нянавісць Пятра I, як і ранейшых расійскіх уладароў, да уніяцкай царквы зразумелая. Ён добра бачыў, што яна надавала уніятам — а яны складалі асноўную масу насельніцтва Беларусі — побач з іншым яркае нацыянальнае аблічча, якое адрознівала яго ад праваслаўнага насельніцтва Расіі. А гэта і не задавальняла расійскіх самадзержцаў, бо яны заваёўвалі Беларусь пад выглядам абароны яе праваслаўнага насельніцтва.

3 Полацка Пётр I з войскам у ліпені 1705 г. пайшоў у Вільню, куды і прыбыў 15 ліпеня 1705 г. Прабыўшы некалькі дзён, цар пакінуў тут значныя сілы, а сам накіраваўся з часткаю войска ў Курляндыю на дапамогу генералу Шарамецьеву. Заняўшы да канца лета 1705 г. Літву і Курляндыю, Пётр I у пачатку верасня сабраў свае асноўныя сілы колькасцю ў 35 тысяч чалавек каля Гародні і перадаў іх пад камандаванне Аўгуста II. Супроць гэтай групы войскаў і накіраваў свой удар Карл XII і з пачатку студзеня 1706 г. аблажыў гарнізон Гародні. Аўгусту II прыйшлося адступіць у Саксонію (яго радзіму), а частцы рускай конніцы ўдалося адступіць да Менску.

Вярнуўшыся з Расіі, куды ён вымушаны быў паехаць для расправы з Астраханскім паўстаннем, Пётр I зноў заняўся вайсковымі справамі, у лютым 1706 г. спыніўшыся ў Оршы, а ў сакавіку — у Менску. Тут расійскія войскі асабліва вызначыліся рабаўніцтвам жаночага Траецкага манастыра і Свята-Духаўскай царквы. (Вось так абаранялася імі праваслаўная вера!) За гэты час рускім войскам удалося прарвацца з аблогі ў Гародні і сканцэнтравацца ў раёне Кіева. Адступленне рускага войска з Гародні і заняцце яе шведамі адкрыла апошнім шлях у глыб Беларусі. У 1706 г. яны ўзялі і спалілі Нясвіж, Клецк, Полацк, Новагародак і аблажылі Ляхавічы, па-ранейшаму адданым саюзнікам шведаў быў П. Сапега. Менавіта разам з яго атрадам яны ў 1706–1707 гг. ўварваліся ў цэнтр Беларусі і рабавалі, руйнавалі маёнткі тых, хто ваяваў супроць іх. Разбуральныя і грабежніцкія дзеянні шведаў на Беларусі назаўсёды ўрэзаліся ў памяць нашага народа. Нездарма ж пра благога чалавека ў нас гаварылі: «Гэта не чалавек, а швед».

Але для Расіі ў гэты момант ствараліся неспрыяльныя ўмовы. Рэч у тым, што Карлу XII удалося прымусціь Аўгуста II адмовіцца ад саюза з Расіяй, і той згадзіўся заключыць сепаратны мір. Такім чынам, Расія засталася ў вайне са шведамі адзін на адзін. 3 гэтага часу падзеі Паўночнай вайны цалкам перамясціліся на тэрыторыю Беларусі. Рускія войскі з Валыні перайшлі ў Палессе. А шведскія войскі з Польшчы перайшлі зноў на Беларусь, у канцы студзеня 1708 г. занялі Гародню і рушылі на Ліду і Смаргонь, каб разбіць армію Шарамецьева, што не ўдалося, бо тая змагла адысці да Улы і Віцебска. Галоўныя сілы шведаў, што знаходзіліся каля Даўгінава і Радашковічаў, 7 чэрвеня 1708 г. прыйшлі да Менска, а праз тыдзень пераправіліся праз Бярэзіну. Як бачна, галоўныя сілы і шведаў, і расійцаў знаходзіліся на Беларусі і рыхтаваліся да рашаючых баёў. I першы з іх адбыўся каля мястэчка Галаўчын (зараз Бялыніцкі р-н), дзе частка рускай арміі, адарваўшыся ад шведаў, заняла баявыя пазіцыі і дзе 14 ліпеня 1708 г. адбылася бітва, у якой рускае войска было разбіта, за што камандзір яго, генерал Рэпнін, быў разжалаваны ў радавыя. Астатняе рускае войска падалося за Дняпро, каб перакрыць шведам дарогу да Смаленска, бо расійскі ўрад прадпрымаў усе меры, каб не дапусціць пашырэння вайсковых дзеянняў на тэрыторыі Расіі. Так яно і было. Сапраўды, вайсковыя дзеянні адбываліся на тэрыторыі Літвы, Польшчы, Беларусі і закончыліся на Украіне. Увесь цяжар Паўночнай вайны выпаў на долю гэтых краін. (У час Паўночнай вайны ў адрозненне ад руска-польскай Расіяй не ставілася задача заваявання Беларусі. Апошняя для Пятра I была толькі месцам часовага прабывання, неабходнага для вайны са шведамі. I таму для яго Беларусь з’яўлялася чужой і нават варожай зямлёй, з інтарэсамі якой можна было не лічыцца і нават наносіць ёй шкоду. Гэтым і тлумачыцца тое, чаму расійскія войскі, адступаючы ўслед за шведамі на Украіну, спалілі гарады Віцебск, Дуброўна, Оршу. Магілёў, Мсціслаўль, Быхаў і інш.)

Але прыкрыўшы Смаленск, рускае войска адкрыла шведам дарогу на Магілёў, які ў верасні 1708 г. тыя захапілі. Аднак доўга яны тут не былі. Карл XII рашыў весці сваё войска на Украіну, дзе меў намер злучыцца з войскам гетмана Мазепы, які перайшоў на бок шведаў з мэтай пры іх дапамозе вызваліць Украіну з-пад улады Масквы. На дапамогу Карлу XII з Рыгі выйшаў корпус генерала Левенгауза. Перайшоўшы праз Дняпро ў раёне Шклова, 20-тысячнае войска ўзяло курс на Прапойск. Насустрач яму з 12-тысячным войскам рушыў Пётр I, дзе яны і сышліся ля в. Лясная (зараз Слаўгарадскі р-н). Тут 9 кастрычніка 1708 г. і адбылася паміж імі бітва, у якой шведы былі разгромлены, страціўшы шмат вайсковай сілы, узбраення і абозаў. Нездарма ж пасля Пётр I назваў пераможную для яго бітву як «маці Палтаўскай бітвы».