Выбрать главу

Як пасля першага, так і пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай расійскі ўрад ва ўноў захопленых землях Беларусі пачаў заводзіць свае адміністрацыйныя парадкі. Так адразу была ўтворана Менская губерня. Гэтак жа надаецца вялікая ўвага царкоўным справам, сведчаннем чаго з’явілася ўтварэнне Менскай праваслаўнай епархіі, улада якой пашырылася і на ўкраінскія губерні — Валынскую і Падольскую. Яе ўзначаліў ужо вядомы нам В. Садкоўскі. Калі раней ён вызначаўся сваім імкненнем выкінуць беларускую мову з праваслаўнага набажэнства, то зараз, стаўшы епіскапам, а пасля і архіепіскапам, усю сваю энергію і заўзятасць прыклаў да ліквідацыі уніяцкай царквы. I хоць яму ўдалося перавесці значную колькасць уніятаў у праваслаўе, аднак многія не пажадалі пакінуць сваю веру, і яны былі падначалены полацкаму уніяцкаму архіепіскапу Лісоўскаму, які пазней быў узведзены ў мітрапаліты.

ПАЎСТАННЕ 1794 г. I ТРЭЦІ ПАДЗЕЛ РЭЧЫ ПАСПАЛІТАЙ

Зразумела, што два падзелы і заключаны саюз з Расіяй, па якім яна магла басперашкодна ўмешвацца ва ўнутраныя справы Рэчы Паспалітай, набліжалі апошнюю да палітычнай бездані. I гэта не магло не выклікаць трывогі ў патрыятычных колах. Аднак тарговіцкія канфедэраты, якія тады дарваліся да ўлады, стваралі ўсялякія перашкоды для іх дзейнасці, і таму многія з іх, каб пазбавіцца рэпрэсій, вымушаны былі эмігрыраваць. I тым не менш гэта не магло перашкодзіць узнікненню падпольных груповак як у самой Польшчы, так і ў асяроддзі эмігрантаў за мяжой, якія ставілі сваёй мэтай не толькі бараніць Рэч Паспалітую ад далейшага развалу, але і вярнуць пад яе ўладу раней страчаныя тэрыторыі. Ставілася таксама і задача аднаўлення Канстытуцыі 3 мая і рэформаў, праведзеных чатырохгадовым соймам. Так на глебе дзейнасці рэвалюцыйных груп канчаткова выспела рашэнне аб неабходнасці паўстання. Кіраўніком яго быў прызначаны Тадэвуш Касцюшка, які дзеля гэтага прыбыў у Кракаў з Саксоніі, дзе ён быў у эміграцыі. Касцюшка не з’яўляўся прыродным палякам. Ён паходзіў з даўняй беларускай шляхты, што жыла на Берасцейшчыне. Вайсковую адукацыю ён атрымліваў спачатку ў Варшаве, а пасля ў Парыжы. Ён рана пранікся ідэяй свабодалюбства і таму, выехаўшы ў Амерыку, прыняў самы непасрэдны ўдзел у барацьбе Злучаных Штатаў за незалежнасць ад Англіі. Яго вялікая заслуга ў гэтай справе была адзначана наданнем яму генеральскага чыну і званнем ганаровага грамадзяніна ЗША. Такі багаты баявы вопыт і жыццёвая загартоўка і рабілі яго вартым узначаліць паўстанне. I ён адразу ў сваіх універсалах, разасланых па краіне, заклікаў да ўсенароднага паўстання, у якім бы прынялі чынны ўдзел усе саслоўі грамадства і ратавалі сваю бацькаўшчыну.

I паўстанне выбухнула спачатку ў Кракаве, а пасля ў Варшаве, дзе яно было асабліва паспяховым. Тут 6 кастрычніка 1794 г. паўстанцы амаль поўнасцю вынішчылі дзесяцітысячнае расійскае войска. 3 Варшавы паўстанне перакінулася на Літву і Беларусь, дзе яно атрымала таксама даволі шырокі размах. Але калі ў Польшчы кіраваў паўстаннем беларус, ці, як ён сябе называў (што ўсё роўна), ліцвін Касцюшка, то ў Літве і Беларусі паўстанне ўзначальваў паляк палкоўнік Якуб Ясінскі. Ён таксама быў прыхільнікам рашучых рэвалюцыйных дзеянняў. У пачатку красавіка паўстанцы накіравалі свой удар супроць расійскага войска, якое знаходзілася ў Вільні. Адна частка яго была знішчана і ўзята ў палон, а частка адышла ў Гародню.

23 красавіка ў Вільні быў аб’яўлены акт паўстання, а таксама ўтвораны рэвалюцыйны ўрад — Найвышэйшая Літоўская рада. У красавіку - маі паўстанне пашырылася на Заходнюю Беларусь, дзе паўстанцы захапілі ўладу ў Берасці, Слоніме, Ваўкавыску, Ашмянах, Лідзе. Націск паўстання быў настолькі моцны, што расійскія войскі вымушаны былі адступіць на мяжу, што была перад другім падзелам Рэчы Паспалітай.

Аднак імклівае пашырэнне паўстання на Беларусі вельмі ўстрывожыла царскі ўрад. 11 мая 1794 г. менскі генерал-губернатар звярнуўся да галоўнакамандуючага расійскай арміяй з просьбай прыслаць дадатковыя войскі супроць мяцежнікаў.

Я. Ясінскі ў ліку іншых рэвалюцыйных змен аб’яўляў і аб поўнай адмене прыгоннага права. I гэта ў сваю чаргу прыцягвала ў шэрагі паўстанцаў многіх беларускіх сялян. Што так было, можа яскрава сведчыць «Песня беларускіх жаўнераў», у якой гаварылася аб тых бедах, якія ім прынесла расійскае войска, і гучаў заклік «ісці жыва да Касцюшкі», дзе «рубаць будзем маскалюшкаў». Вось чаму царскія ўлады са свайго боку, каб адцягнуць сялян ад паўстання, пачалі цешыць іх абяцаннямі, што ім будуць перададзены землі, адабраныя ад паноў-паўстанцаў. I гэта ў значнай ступені зменшыла прыток сялян у шэрагі паўстанцаў.

Нягледзячы на цяжкасці, паўстанцы пад кіраўніцтвам Я. Ясінскага прадаўжалі весці паспяховыя баі з расійскім войскам, пра што красамоўна сведчыць іх перамога ў баі каля в. Паляны. I тым не менш Я. Ясінскім не былі задаволены ў Варшаве. Памяркоўных прыхільнікаў паўстання (а іх было нямала там) найперш не задавальнялі яго паслядоўныя рэвалюцыйныя погляды і дзеянні. Сапраўды, такое патрабаванне Я. Ясінскага, як адмена прыгоннага права, перш за ўсё пагражала магнатам. У гэтых адносінах лёс Я. Ясінскага нагадваў лёс пазнейшага К. Каліноўскага — кіраўніка паўстання 1863–1864 гг. таксама ў Беларусі і Літве. Менавіта сваімі рашучымі дэмакратычнымі дзеяннямі ён выклікаў незадаволенасць кіраўнікоў Варшаўскага паўстання і таму быў часова адхілены ад кіравання паўстаннем у Беларусі і Літве. Тое ж самае, толькі намнога раней, адбылося і з Я. Ясінскім, які 4 чэрвеня 1794 г. быў адкліканы з Вільні (некалькі пазней ён загінуў у баі пад Варшавай). Была адначасова распушчана і Найвышэйшая Літоўская рада, і замест яе ўтворана Цэнтральная дэпутацыя BKЛ.

Была спроба пашырыць паўстанне і на ўсход Беларусі. М.-К. Агінскі з гэтай мэтай са сваім паўстанцкім атрадам у сярэдзіне мая 1794 г. прайшоў праз Валожын і Івянец, але быў разбіты. Гэта не адштурхнула яго ад далейшай барацьбы. У жніўні ён з новым атрадам прайшоў праз Браслаўшчыну на Дзвінск з мэтай адцягнуць расійскае войска ад Вільні, да якой яно падступала і якую яно захапіла 8 ліпеня. Вялікі прастор Беларусі ахопліваў у другой палове жніўня трохтысячны паўстанцкі атрад С. Грабоўскага, хваля якога закранула мясцовасці Івянца, Ракава, Койданава, Пухавіч, Асіповіч, Бабруйска. Аднак у раёне Любані ён быў разбіты.

Захапіўшы зноў тэрыторыю Беларусі і Літвы і задушыўшы тут паўстанне, расійскія войскі рушылі на тэрыторыю Польшчы, дзе былі сканцэнтраваны галоўныя сілы паўстанцаў. У разгроме іх і адыграў галоўную ролю знакаміты А. Сувораў. 3 сямітысячным атрадам ён рушыў спачатку на Валынь, дзе патапіў у крыві паўстанне, затым пайшоў на Падолле і разбіў пад Берасцем паўстанцкі корпус Серакоўскага. Пасля гэтага для Суворава была адчынена дарога на Варшаву, куды ён і паспяшаўся, каб, злучыўшыся з другім расійскім войскам, захапіць яе. Вось гэтага злучэння, ведаючы, што пасля яго Варшава не выстаіць, Касцюшка і рашыў не дапусціць, спачатку разбіўшы адно войска, а пасля і другое. Аднак у бітве пад в. Мацяёвічы яго войска было разбіта, а сам Касцюшка, цяжка паранены, быў узяты ў палон. Пасаджаны ў Петрапаўлаўскую крэпасць, у 1796 г. ён быў выпушчаны адтуль і далейшае сваё жыццё да смерці ў 1817 г. пражыў у эміграцыі.

23 кастрычніка 1794 г. Варшава была захоплена, што азначала канчатковы разгром паўстання 1794 г., а разам з гэтым і канец існавання Рэчы Паспалітай. 15 лістапада 1794 г. Станіслаў Панятоўскі адмовіўся ад каралеўскага пасада і адправіўся Ў Пецярбург, дзе праз тры гады і памёр. Параза паўстання і прадвырашыла трэці і канчатковы падзел Рэчы Паспалітай. Спачатку 23 снежня 1794 г. урады Расіі і Аўстрыі аб’явілі дэкларацыю аб гэтым. Паводле яе да Расіі пераходзілі Гарадзенскае, Віленскае і Ковенскае ваяводствы, да Прусіі — уся цэнтральная Польшча з Варшавай, да Аўстрыі — Кракаў з яго акругай. Галоўнай прычынай такога развалу былі магнацкая анархія і палітыка рэлігійнай нецярпімасці. Буйныя магнацкія роды, прагнучы большай улады і ўзбагачэння, уцягвалі ў сваю ўзаемную барацьбу вялікую колькасць насельніцтва, а таксама і суседнія дзяржавы, што непазбежна вяло да ўнутранага аслаблення і знешняга ўмяшання. Гэтак жа сама і імкненне рэакцыйных колаў акаталічыць іншаверцаў, у першую чаргу праваслаўных і пратэстантаў, давала повад Расіі і Прусіі пад выглядам абароны сваіх адзінаверцаў уводзіць свае войскі на тэрыторыю Рэчы Паспалітай, што зноў такі абяссільвала яе і ўрэшце прывяло да развалу.