Выбрать главу

Так закончылася існаванне нашай беларускай дзяржавы, гісторыя якой доўжылася звыш паўтысячагоддзя. Праўда, у довад, што гэта дзяржава была толькі літоўскай, а не якой-небудзь іншай, прыводзіцца тое, што ў ёй панавала літоўская княская дынастыя. Але такі довад гэтак жа абсурдны, як і тое, калі б мы Кіеўскую дзяржаву называлі варажскай на падставе толькі таго, што ў ёй панавала варажская дынастыя Рурыкавічаў. Гэтак жа сама, як варажскія князі былі выкарыстаны Ноўгарадам для ўтварэння Старажытнарускай дзяржавы, так і літоўскія князі-перабежчыкі былі выкарыстаны Новагародкам для ўтварэння BKЛ, першым крокам для чаго, як мы бачылі, было заваяванне Літвы. У апошні час з’явілася прапанова лічыць BKЛ беларуска-літоўскай ці літоўска-беларускай дзяржавай, паколькі ў яе ўваходзілі і беларускія і балцка-літоўскія землі. Аднак, напрыклад, Маскоўскую дзяржаву, у якую ўваходзілі і угра-фінскія землі, не называюць руска-угра-фінскай, а рускай дзяржавай. I гэта зразумела, бо угра-фінскія землі былі заваяваны і падначалены Маскве. Гэтак жа балцка-літоўскія землі былі заваяваны і падначалены Новагародку, і таму няма ніякіх падстаў лічыць ВКЛ беларуска-літоўскай ці літоўска-беларускай дзяржавай, бо яна была адметнай беларускай дзяржавай. Нельга адмаўляць называцца BKЛ беларускай дзяржавай і таму, што ў яе ўваходзілі паасобныя рускія ці ўкраінскія землі. Тым больш, што яны знаходзіліся ў складзе ВКЛ толькі часова. Першыя з іх былі адваяваны Масквой, другія ў час Люблінскай уніі выйшлі са складу ВКЛ і аддаліся пад «Каруну», г. зн. пад уладу Польшчы. I такім чынам у ВКЛ засталіся толькі беларускія і балцка-літоўскія землі.

Фактычна, разуменне ВКЛ як літоўскай дзяржавы ў сучасным значэнні гэтага слова трымаецца толькі на яго назве. Калі гэта дзяржава так называлася, то зразумела, маўляў, Літва была ў ёй пануючай. Але не заўсёды гэты стэрэатып так спрацоўвае. Так, буйнейшая нямецкая дзяржава са сталіцай у Берліне называлася Прусіяй, г. зн. назвай той зямлі, якая была заваявана, яе балцкае насельніцтва прусаў было асімілявана крыжакамі ў XI–XII стст., але якая сваёй назвы не толькі не страціла, але і пашырыла далёка на ўсход Нямеччыны. Дык вось як у Прусіі апроч назвы не было нічога першапачатковага прускага, так і ў ВКЛ апроч яго назвы не было нічога літоўскага ў сучасным значэнні гэтага слова. Гэтак жа сама як Прусія была заваявана немцамі, так і Старажытная Літва была заваявана Новагародкам. Але як Прусія, так і Літва пасля яе заваявання не толькі не страціла сваёй назвы, але і пашырыла яе на захад у сувязі з перанясеннем сталіцы ў Вільню на тэрыторыю сучаснай Літвы. I таму як нельга лічыць, што назва Прусія прыйшла з Берліна да Балтыйскага мора, бо ўсё было наадварот, так у і нельга лічыць, што назва Літва прыйшла з Вільні ў Беларускае Панямонне, бо ўсё, як адзначалася намі раней, было наадварот.

Аб выключным панаванні беларушчыны ў ВКЛ яскрава сведчыць і тое, што пасля страты сваёй дзяржаўнасці, пазбаўленыя сваёй асветы, друку, царквы, г. зн. усяго таго, пры дапамозе чаго найперш ажыццяўляецца асіміляцыя адным народам другога, беларусы, не маючы ўсяго гэтага, тым не менш па інерцыі працягвалі «без шуму і гвалту», як трапна зазначыў А. Качубінскі, асіміляваць летувісаў, у тым ліку і на тэрыторыі сучаснай Летувы. Гэта добра пацвердзіў перапіс насельніцтва ў 1897 г. Паводле яго ў Віленскім і Свянцянскім паветах беларусы складалі найбольшыя нацыянальныя групы, і іх вялікая колькасць была ў Троцкім павеце і іншых месцах Летувы (Шнряев Е. Русь Белая, Русь Черная и Литва в картах. Мн., 1991. С.78–80).

Зразумела, не так лёгка пераадолець традыцыйную канцэпцыю ўтварэння далейшай гісторыі ВКЛ, якая звыш чатырох стагоддзяў пануе ў гістарыяграфіі дзякуючы таму, што яна найперш адпавядала інтарэсам Масквы, якая пад выглядам вызвалення адзінакроўнага і адзінавернага народа з-пад улады літоўска-язычніцкіх князёў ажыццяўляла сваю агрэсію супроць ВКЛ. Выкарысталі гэту фальсіфікацыю і жамойцкія феадалы, якія, прэтэндуючы на першынство ў дзяржаве, прыпісвалі сваім князям і справу стварэння ВКЛ. Гэту застарэлую версію ў мэтах падтрымання нацыянальнага гонару працягваюць сучасныя летувіскія даследчыкі. Каб упэўніцца ў гэтым, варта толькі прачытаць кнігу 3. Кяўпа, Ю. Кяўпене i А. Кунцэвічуса «Гісторыя Летувы да 1795 г.», выдадзеную ў 1995 г. у Вільнюсе на летувіскай мове. У ёй, як і раней, шляхам замоўчвання важных гістарычных сведчанняў, як, напрыклад, аб заваяванні Міндоўгам і Войшалкам Літвы, прыпісвання ўсяго, што насіла назву Літвы і літоўскага, да сучаснай тэрыторыі Летувы, ВКЛ паказваецца выключна як летувіская дзяржава. Аднак гісторыю народа можна сказіць не толькі яе прыніжэннем, але і непамерным узвышэннем. Толькі праўдзівая гісторыя з’яўляецца сапраўдным духоўным здабыткам народа. Час міфаў беззваротна прайшоў. Сучасная гістарычная навука ўжо не можа з імі мірыцца. Шматлікія гістарычныя факты, прыведзеныя ў гэтай кнізе, адвяргаюць буйнейшую гістарычную фальсіфікацыю. Насуперак ёй яны паказваюць, што ВКЛ як па сваім утварэнні, так і па далейшым сваім гістарычным змесце была тыпова беларускай дзяржавай.

Яшчэ да афіцыйнага падзелу Рэчы Паспалітай, што было аб’яўлена 24 кастрычніка 1794 г., Кацярына II у маі гэтага года выдала ўказ менскаму генералгубернатару аб прыняцці гірысягі ад насельніцтва далучаных да Расіі тэрыторый па гэтым падзеле. Трэці падзел Рэчы Пасгіалітай азначаў і канчатковую ліквідацыю беларускай дзяржаўнасці, якая мела звыш тысячагадовую гісторыю. Спачатку ў форме племянных саюзаў крывічоў, дрыгавічоў і радзімічаў, пасля ў форме паасобных княстваў (Полацкага, ТураваПінскага, Смаленскага, Новагародскага і Старажытнай Літвы), што ў XIII–XIV стст. аб’ядналіся ў BKЛ, якое з’явілася вышэйшым этапам у развіцці беларускай дзяржаўнасці ў мінулым. Аднак, акружанае варожымі дзяржавамі, ВКЛ вымушана было пайсці ў выніку Крэўскай і іншых за ёй уній на злучэнне з Польшчай, што ў значнай ступені абмяжоўвала суверэнітэт ВКЛ, асабліва пасля апошняй Люблінскай уніі. Тым не менш Рэч Паспалітая была федэратыўнай дзяржавай, у якой ВКЛ не траціла дзяржаўных прыкмет. Яно мела свой дзяржаўны герб — «Пагоню», сваё войска, сваю грашовую сістэму і інш. Аднак усяго гэтага ВКЛ пазбавілася пасля трох падзелаў Рэчы Паспалітай і захопу ўсёй яго тэрыторыі Расіяй. Як ужо было бачна, адразу ўводзіліся расійскія адміністрацыйныя і прававыя парадкі. Ужо 14 снежня 1795 г. на тэрыторыі Беларусі, захопленай пасля трэцяга падзелу, былі ўтвораны Віленская і Слонімская губерні, якія праз год былі аб’яднаныя ў адну Літоўскую губерню, а раней далучаныя Полацкая і Магілёўская былі аб’яднаны ў адну — Беларускую губерню. (Гэта добра сведчыць, што ў той час разумелася пад Літвой і пад Беларуссю.) Але пазней гэтыя спрадвечныя для нас назвы ўласнай імператарскай рукою Мікалая I былі заменены на казённую мянушку «СевероЗападный край». Было забаронена ў юрыдычнай справе прымяняць Літоўскі Статут, а з гэтым пачалі нішчыцца многія прававыя нормы беларусаў. Зліквідавана была і уніяцкая царква, гвалтоўна аб’яднаная з праваслаўнай. Так закрэсліваліся рэшткі ўсяго, што вызначала беларусаў як асобны народ і што магло сведчыць аб іх ранейшай самастойнасці.

Адначасова з нацыянальным узрос і сацыяльны ўціск беларускага народа. Па-першае, далучэнне Беларусі да Расіі не вызваліла беларускіх сялянаў з-пад прыгнёгу польскіх памешчыкаў. Кацярына II адразу паклапацілася пра апошніх, выдаўшы 3 снежня 1795 г. рэскрыпт аб вяртанпі іх маёнткаў у Беларусі і ў той жа час насаджала расійскіх памешчыкаў, аддаючы сваім генералам і афіцэрам, якія ўдзельнічалі ў задушэнні паўстання 1794 г., буйныя зямельныя надзелы ў Беларусі. Толькі А. Сувораву, гэтаму галоўнаму душыцелю паўстання, было аддадзена звыш 13 тысяч беларускіх сялян (увесь Кобрынскі павет). Такім чынам, беларускія сяляне (а яны тады складалі галоўную масу народа) у выніку далучэння да Расіі папалі пад двайны прыгнёт польскіх і расійскіх памешчыкаў, да якіх дадаліся і расійскія чыноўнікі.

Аднак і гэты страшэнны нацыянальны і сацыяльны ўціск не змог змярцвіць беларусаў як народ. Што ж, калі яны змаглі скласціся і вырасці на зямлі, дзе амаль бесперастанку лютавалі знішчальныя войны, то ўжо гэта характарызуе іх як выключна жыццяздольную нацыю. I таму яна змагла пераадолець і найцяжэйшыя выпрабаванні на сваім шляху ў XIX i XX стагоддзях, захаваўшы сваю адметнасць як народа і адрадзіўшы сваю дзяржаўнасць. Паслядоўнае адстойванне гэтага і з'яўляецца цвёрдым грунтам для далейшага паўнакроўнага гістрычнага жыцця беларускага народа.