Вінцук ВЯЧОРКА
Беларускі народ — суб’ект ці аб’ект гісторыі? Адказу ня знойдзем (Гісторыя Беларусі, 9 кл.)
С. В. Паноў, У. Н. Сідарцоў, В. М. Фамін. Гісторыя Беларусі. 1917 г. — пачатак ХХI ст. / Вучэбны дапаможнік для 9 класа ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі з беларускай мовай навучання. — Мінск: Выдавецкі цэнтр БДУ, 2019.
***
Яўна не апраўдаю разьлікаў тых, хто прасіў мяне напісаць гэты агляд.
Належу да пакаленьня, якое выдатна ўмела чытаць паміж радкамі і радавацца знойдзеным намёкам на гістарычную праўду. Мы былі ўдзячнымі тым аўтарам савецкага часу, якія ўмела шыфравалі ад цэнзуры сваё пасланьне, каб яно дайшло хоць да кагосьці з чытачоў.
Але катэгарычна не хачу перадаваць такі досьвед наступным пакаленьням беларусаў. Яны маюць права бачыць аб’ектыўны наратыў і плюралізм яго ацэнак, каб выпрацоўваць сваё ўласнае стаўленьне. Калі мне кажуць „Вы же сами всё понимаете...“ (яшчэ з камуністычнай пары), я з тае самае пары цьвёрда адказваю: не, не разумею!
Расейскаму Лібэралу з аднайменнай казкі Салтыкова-Шчадрына выпрасіць свабоды „па магчымасьці“ не ўдавалася, не дазвалялі і „хоць што-небудзь“ з тае свабоды, але ласкава дазвалялі Лібэралу са сваімі ідэаламі дзейнічаць „применительно к подлости“. Дык вось не хачу больш ацэньваць, у якой ступені „пріменітельно“ дзейнічаюць беларускія навукоўцы, пэдагогі, культурныя дзеячы, і захапляцца тым, што ў некага ўзровень „пріменітельності“ ніжэйшы за суседа ці папярэдніка. Бо калі новае пакаленьне мусіць шукаць праўды беларушчыны і свабоды за кніксэнамі і фігурамі змоўчаньня, то гэта ставіць Беларусь пад вялікую небясьпеку ва ўмовах інфармацыйна-каштоўнаснай атакі на былыя калёніі з боку адноўленай імпэрыі.
Вінцук Вячорка, сябра Канцылярыі і Назіральнай рады Таварыства беларускай школы.
Я не гісторык. Гэта чытацкія ўражаньні ад падручніка (ужываю гэтае слова нефармальна, ведаючы статусную розьніцу падручніка і дапаможніка) з акцэнтам на ўспрыманьне яго моўных сродкаў, кампазыцыі, вобразнага шэрагу, а таксама на яго магчымае месца ў сьвядомасьці адрасата, які жыве ў сучасным мультымэдыйным полі. На мае ўражаньні ўплываюць і сямейны ўспамін пра бел-чырвона-белыя кніжачкі, зь якіх вучыліся гісторыі Беларусі мае дзеці ў 1990-я, і дэканструкцыя кухні падручніка Я. Новіка („Дапытлівы юнак спытаў“).
А яшчэ я чалавек, які гэтую гісторыю часткова пражыў. Ранейшую — праз спасьціжэньне лёсу сваёй сям’і, заходнебеларускіх гаспадароў хутара, а таксама праз шматлікія гутаркі з творцамі і сьведкамі гісторыі — Лявонам Луцкевічам і Зоськай Верас, Васілём Быкавым і Рыгорам Барадуліным, Алесем Белакозам і Сакратам Яновічам... І, натуральна, я не магу быць адстаронены ў ацэнцы гісторыі апошніх сарака гадоў, бо быў яе чынным саўдзельнікам, — але ведаю яе ня з кніг і пераказаў, мяне не ўвядзеш у аблуду (разумею, што гэта ўплывае на бесстароннасьць, але сьвядома яе пільнуюся).
Зрэшты, выказвацца пра школьныя падручнікі гісторыі Беларусі маю маральнае права. :) Я адзін з тых, якія з 1980-х дамагаліся і дамагліся-такі ўвядзеньня ў школе гэтага прадмету, у якасьці доказу маю ліст намесьніцы міністра Людмілы Сухнат ад 29 студзеня 1992 году: „У адказ на пісьмо спадара В. Вячоркі Міністэрства адукацыі паведамляе, што (...) у 10–11 класах прапануецца вывучаць гісторыю Беларусі, а гісторыю славянскіх народаў [псэўданім гісторыі СССР/Расеі. — В. В.] выкладаць у якасці факультатыўнага курса“.
У мастацкай літаратуры прынята крытыкаваць тое, што напісана, а не бедаваць за тым, чаго няма. У навуковай і мэтадычнай апошняе акурат можна, што я ніжэй і раблю. Але гэта ня адрасная крытыка аўтараў дапаможніка, я іх асабіста ня ведаю, мая задача — ацаніць уплыў выданьня на маладога чытача.
І. ПРА ЗЬМЕСТ
Пракрустава праграма адсякае ня толькі беларускія ногі, але і беларускую галаву
Аднак і пракруставыя рамкі праграмы можна карэктаваць: зьместам, напаўненьнем, кампазыцыяй разьдзелаў. Ці зроблена гэта?
Гісторыя Беларусі XX–ХХІ стагодзьдзяў у праграме і адпаведна ў падручніку пачынаецца з „кастрычніцкай рэвалюцыі ў Расіі“ — і ў адным пакеце зь ёю ідзе „станаўленьне беларускай нацыянальнай дзяржаўнасьці“. Так назва першага ж разьдзелу і адпаведна гістарычнага пэрыяду задае пункт адліку і ярархію — што першаснае, што другаснае.
Гэта падручнік гісторыі Беларусі. Яе суб’ект, як трэба было б спадзявацца, — беларускі народ і выразьнікі яго палітычных інтарэсаў. Таму лягічна было б бачыць у першых жа зьмястоўных радках кожнага храналягічнага разьдзелу рэзюмэ нацыянальна-дзяржаўнага статусу нашай краіны і стану беларускага нацыянальна-незалежніцкага руху. Напрыклад, уводных тэзаў-каардынатаў такога кшталту: у пачатку апісванага пэрыяду Беларусь ня мела дзяржаўнай незалежнасьці (і была часткаю, напр. Расейскай дзяржавы з сталіцай у Петраградзе, або была падзелена паміж такімі і такімі), а беларускі рух быў у гэтакім стане.