Выбрать главу

„...Дарагі брат, паведамляю Вам аб тым, што бацька Ваш моцна апух і слабая і матка Вашая, а тэлеграму паслаць няма грошай, то, калі ласка, прасіцеся дадому. Ваш бацька пакуль жывы, але без прытомнасьці... Хоць Вы і служыце на вайсковай службе, то, калі ласка, зьвярніцеся дадому, можа быць, бацьку застанеце ў жывых, але ж маці не засьпееце. Сястра Ваша ў больніцы, то ж прыяжджайце, распарадзіцеся самі, а то ў нас хаваць цяпер вельмі дорага. Ямку рыць — усё ж працадзень прападае, але мы хацелі паперку аформіць, але не было старшыні нашага калгаса...“ (Улада і грамадства: БССР у 1929–1939 гады. Логвінаў, 2019. — С. 203)

Голад вядзе да выміраньня цэлых сем’яў у вёсцы. Гэта 1934 год. Калі верыць падручніку — час непазьбежнага трыюмфу калгаснай сыстэмы: Правядзенне калектывізацыі тлумачылася неабходнасцю забеспячэння горада сельскагаспадарчай сыравінай і прадуктамі ва ўмовах індустрыялізацыі. Гэтую задачу не маглі выканаць дробныя аднаасобныя сялянскія гаспадаркі. Патрабавалася стварэнне буйных сялянскіх гаспадарак з выкарыстаннем машыннай тэхнікі. А чаму ж гэтую задачу пасьпяхова выканалі аднаасобныя сялянскія гаспадаркі некамуністычных краін?

Зрэшты, тэндэнцыйнасьць аўтараў, іх дзіўная любоў да калгаснага ладу перасягае часавыя рамкі камуністычнай улады ў Беларусі. Няма слова пра адраджэньне прыватнага сельскага гаспадараньня ў 1990-я гады, калі маладыя адукаваныя людзі з мэнэджэрскай жылкай браліся за фэрмэрства. Але пачынаючы з 2-й паловы 1990-х дзяржава як магла маргіналізавала беларускіх фэрмэраў эканамічнымі, юрыдычнымі і прапагандысцкімі інструмэнтамі, і толькі цяпер, калі калгасны лад канчаткова праваліўся, маманты фэрмэрства, якія нягледзячы ні на што выжылі, трымаюць на сабе сельскую гаспадарку цэлых раёнаў, як Шруб у Жыткавіцкім раёне. Між тым у Жыткавічах і вёсках Тураўшчыны таксама ёсьць школьнікі, якія ведаюць, чаму з былых калгасаў-саўгасаў спэцыялісты і паляводы (у тым ліку бацькі тых школьнікаў) зьбягаюць да Шруба. Але ў падручніку яны знойдуць толькі кананізацыю калгаснага ладу.

Ужо напісаўшы большую частку тэксту, я натрапіў на публіцыстычны агляд падручнікаў гісторыі Беларусі ХХ стагодзьдзя па стане на 2015 год, які зрабіў быў Павел Сьвярдлоў. Там каштоўная падборка цытатаў падручнікаў 1990-х гадоў, якія пісалі пра камуністычныя рэпрэсіі бесцэнзурна і аб’ектыўна. Ёсьць з чым параўноўваць.

Заходняя Беларусь

Пра яе гісторыю цягам 20 гадоў — толькі адзін параграф. Хоць гэта палова краіны і народу, пад уладай іншага акупанта, але несавецкая. Там віравала магутнае беларускае палітычнае і культурнае жыцьцё, асабліва ў 1920-я, яго Варшава не змагла цалкам стлуміць да сярэдзіны і нават да канца 1930-х. Была пэўная эканамічная свабода, працавіты чалавек меў шанец на адносны дабрабыт. Усе сучасныя падлеткі — нашчадкі жыхароў Заходняй Беларусі — чулі ад сваіх дзядоў-прабабуляў успаміны пра зьдзіўленьне галодных чырвонаармейцаў у верасьні 1939-га ўзроўнем жыцьця „вызваленых“ (хоць апошнія і не качаліся як сыр у масьле, але ў саветах было зусім жахліва).

А тым ня менш падсумоўчы § 18 (гэта пакет заданьняў „Наш край у перыяд станаўлення савецкага грамадства...“ пра міжваенную і ваенную пару) рэаліі несавецкай часткі Беларусі фактычна ігнаруе. Вучні з Ашмяны і Глыбокага, Ракава і Століна мусяць апавядаць пра... першыя пяцігодкі і калектывізацыю ў іхных мясьцінах. Яшчэ адно сьведчаньне саветацэнтрызму падручніка, атаясамленьня Беларусі выключна з БССР.

У параграфе чыста камуністычная візія заходнебеларускага жыцьця наагул і нацыянальна-вызвольнага руху ў прыватнасьці. Тры ілюстрацыі дэманструюць беднасьць і сацыяльны прыгнёт, хоць узровень эканамічнага дабрабыту ў Заходняй Беларусі бываў розны.

Дзе моцная і плюралістычная беларуская палітыка, жывое палітычнае асяродзьдзе, дзе — прынамсі ў 1920-я гады — рэальныя выбары (толькі ўрэзка пра Браніслава Тарашкевіча ўспамінае пра беларускую фракцыю ў Сэйме),  дзе БХД, Сялянскі саюз, БІГіК, разнастайная і разнажанравая беларуская прэса? Як можна было абмінуць дзейнасьць Антона Луцкевіча як прызнанага лідэра заходнебеларускага палітычнага і грамадзкага жыцьця?

Пад агульны камуністычны назоўнік заганяюцца праявы беларускай палітычнай актыўнасьці, пра якую ўсё ж узгадваецца. „Пад арганізацыйным уплывам КПЗБ...“ — пачатак сказу пра Беларускую сялянска-работніцкую Грамаду. А праўда ў тым, што камуністычныя агенты прымазваліся да ўсіх больш-менш жывых беларускіх праяваў, чым, акрамя іншага, ставілі іх пад пагрозу абгрунтаванага разгрому.