Выбрать главу

І ў Картуз-Бярозу садзілі фармальна не за беларускасьць, а за падрыўную камуністычную дзейнасьць (праўда, камунізм прыпісвалі і тым, хто да яго меў мала дачыненьня). І палякаў там сядзела ня менш, а больш, чым беларусаў. Дарэчы, пры справядлівым абурэньні наяўнасьцю гэтай польскай палітычнай вязьніцы ступень яе жорсткасьці і колькасьць зьняволеных не ідуць у параўнаньне з савецкімі лягерамі для палітычных вязьняў. Але пра рэпрэсіі і татальнае вынішчэньне заходнебеларускай эліты пасьля далучэньня краю да СССР і слова ў кнізе няма.

Пытаньне ў канцы параграфа пра „пазіцыі асноўных палітычных партый і арганізацый у Заходняй Беларусі па праблеме яе дзяржаўнага самавызначэння і па аграрным пытанні“ ставіць вучня ў тупік, бо, акрамя нелегальнай КПЗБ (філіі КПП), у тэксьце нічога няма.

Пра беларускую літаратуру Заходняй Беларусі у тэксьце параграфа адзін сказ: „Большасць літаратараў, якія падтрымлівалі КПЗБ, спалучалі сваю творчасць з удзелам у нацыянальна-вызваленчым руху“. (55) Ізноў КПЗБ. І ўсё. А дзе Натальля Арсеньнева, усе Станкевічы, Зоська Верас, Вінцук Адважны, Сяргей Паўловіч, Сяргей Новік-Пяюн, Ларыса Геніюш?

А пра Драздовіча варта было б дадаць, што памёр ён у галечы і невядомасьці ў БССР, дзе яго творчасьць доўга была пад забаронай.

Канец 1980-х і 1991-1994

Першая палова 1990-х — гэта час, якім мы як адроджаная дзяржаватворчая нацыя мусілі б ганарыцца: падмурак незалежнай дзяржаўнасьці закладзены менавіта ў тыя гады. Пэрыяд насычаны падзеямі і працэсамі эпахальнага значэньня для ўсёй гісторыі Беларусі. Упершыню пасьля 70-гадовага перапынку, пасьля трагічнага досьведу БНР, беларуская нацыя сама пачынае будаваць (адбудоўваць) уласныя дзяржаўныя інстытуты і мэханізмы. Прымаем першыя нацыянальныя законы, уводзім нацыянальную грашовую адзінку, ствараем армію, сілы правапарадку, памежную службу, мытню.

Але вакол візіі пачатку 1990-х зараз ідзе ідэалягічная барацьба. Цяперашняя прапаганда або пасьлядоўна ігнаруе тую эпоху, або ўсяляк яе прыніжае — маўляў, час крымінальных разборак, калі ўсе без штаноў хадзілі і ў чарзе па хлеб стаялі. Гэта каб укараняць аблудны стэрэатып пра тое, што незалежная Беларусь пачалася ў 1994-м.

Невыпадкова пры першым чытаньні здаецца, што гэтай тэмы — будаўніцтва новай незалежнай дзяржавы, эканамічных рэформаў, грамадзянскай супольнасьці, шматпартыйнай сыстэмы ў пэрыяд паміж 1991 і 1994 гадамі — у кнізе няма зусім. Але, выяўляецца, аўтары зрабілі кампазыцыйна некарэктны ход. Сытуацыя ў першай палове 90-х рассыпана па розных параграфах.

Так, эканамічнае становішча ў гэты час вельмі сьцісла разглядаецца толькі ў трэцім параграфе разьдзела. І праграмуе нэгатыў: скажам, успамінаюць паблажлівую мянушку першых разьліковых білетаў „зайчыкі“. (Пазьнейшыя „пракапейкі“ чамусьці ня ўзгадваюць. ;) Хоць, скажам, Эўрапейскі банк рэканструкцыі і разьвіцьця ў 1993 годзе, канстатуючы непазьбежныя цяжкасьці пераходу ад цэнтралізаванай плянавай да рынкавай эканомікі, ацэньваў яе стан і хаду рэформаў у Беларусі як пэрспэктыўны: „Эканамічныя ўмовы і пэрспэктывы застаюцца больш спрыяльнымі, чым у некаторых суседніх краінах“.

Пра замежную палітыку ў 1991–1994 гг. сказана так: Афармленне дзяржаўнага суверэнітэту абумовіла пачатак новага самастойнага этапу знешняй палітыкі Беларусі. Яе асноўныя прынцыпы былі замацаваны ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь 1994 г. — І ўсё. А гэта ж быў пэрыяд надзвычайных высілкаў адказнай нацыянальнай эліты у гэтым кірунку. Калі мы дамагліся міжнароднага прызнаньня незалежнай дзяржавы, пра якую як пра краіну многія ў сьвеце нават ня чулі раней (да месца было б назваць з удзячнасьцю дэмакратычную Польшчу, якая першая ў сьвеце прызнала незалежнасьць Рэспублікі Беларусі). Калі ў экстрэмальным тэмпе фармаваўся дыпляматычны корпус (тут дарэчы было ўзгадаць імя і біяграфію першага ў гісторыі незалежнай Рэспублікі Беларусі надзвычайнага і паўнамоцнага амбасадара — Пётры Садоўскага, акрэдытаванага ў першай сталіцы ФРГ Боне, які, акрамя таго што мае дыпляматычны талент, яшчэ і выбітны беларускі філёляг).

Праўда, пад гэтай тэмай нечакана знаходзім не зусім ляяльную Расеі фігу ў кішэні: Кітай goes first! У нашай краіны склаліся стратэгічныя партнёрскія адносіны з Кітаем. Адзін з найбольш буйных праектаў гэтага партнёрства — Беларуска-Кітайскі індустрыяльны парк «Вялікі камень», размешчаны недалёка ад Мінска. У Кітаі створаны прадпрыемствы па зборцы, збыце і сэрвісным абслугоўванні кар’ерных самазвалаў БелАЗ, трактароў «Беларус», беларускай кормаўборачнай тэхнікі. (...) Асноўнымі гандлёва-эканамічнымі партнёрамі Беларусі з’яўляюцца таксама Расія, Украіна, Германія, Польшча, Латвія, Літва, Індыя.