Выбрать главу

Згадваецца „перабудова“. Але марна шукаць у кнізе тлумачэньня яе сапраўдных прычынаў — сыстэмнага крызісу камуністычнае сыстэмы, аналізу стаўленьня да яе намэнклятуры БССР і актыўнай часткі беларускага грамадзтва (беларускі нацыянальны рух скарыстаў тую лібэралізацыю). І аўтары чамусьці дапускаюць прынцыповую памылку храналёгіі эпохі. 25 жніўня 1991 г. Вярхоўны Савет БССР прыняў пастанову «Аб часовым прыпыненні дзейнасці КПБ — КПСС на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь», якая дзейнічала да 1993 г. Такім чынам, перыяд існавання аднапартыйнай палітычнай сістэмы на чале з КПБ, кіруючая роля якой замацоўвалася ў Канстытуцыі, змяніўся перыядам перабудовы (110). Але ж „перабудова“ была апошнім этапам гісторыі савецкай камуністычнай сыстэмы і пачалася ў 1986, а не ў 1991 годзе!

Мо аўтары (бо ня можа быць, каб яны гэтага ня ведалі) спрабавалі такім чынам надаць нэгатыўную канатацыю „перабудовы“ ў вуснах цяперашніх ідэолягаў акурат пачатку 1990-х гадоў? А мо яны так адсоўвалі ў цень працэсы канца 1980-х? У дапаможніку не сказана пра ролю адкрыцьця праўды пра Курапаты і пра Чарнобыль, пра 1988 год — год стварэньня БНФ, разгону Дзядоў, імклівай дэкамунізацыі палітычнай сьвядомасьці беларускае нацыі.

У апошнім разьдзеле пэрыяду 1991–1994 адведзена пяць абзацаў. Затое, прыкладам, большую частку 140-й старонкі займае апісаньне нэасавецкай  дзяржаўнай сымболікі, прынятай у 1995 годзе — на яго месца ў кнізе не шкада.

Пра пачатак 1990-х варта задаць мноства пытаньняў. Як паставіліся розныя групы да незалежнасьці Беларусі? Як путч 1991 году выглядаў з пункту гледжаньня пэрспэктывы яе здабыцьця? А на якой палітычнай глебе стаяў БНФ? У чым праяўлялася згаданая ў кнізе „альтэрнатыўнасьць“, якая зьявілася ў 1990-я? Альтэрнатыўнасьць чаму? Няма адказаў.

Праўда, ёсьць такі сказ (неістотна, што на іншай старонцы „перабудова“ пераносіцца ў 1990-я): „Палітыка перабудовы адкрыла шлях для барацьбы за суверэнітэт і ў далейшым да ліквідацыі СССР“. А ўнутраныя прычыны, а воля беларускага народу і яго інтэлектуальнай эліты, а беларуская суб’ектнасьць? Так спакваля ўкладваецца ў юныя галовы стэрэатып: маўляў, незалежнасьць нам звалілася на галаву з Масквы, нам яна не была патрэбная.

1994-ы і яго наступствы

Апошні пэрыяд гісторыі Беларусі, пачынаючы з 1994 году, паставіў перад аўтарамі тыповы для гісторыкаў у несвабодных краінах выклік: змаўчаць, абышоўшыся агульнымі словамі, ці ахвяраваць рэпутацыяй і загнаць у падручнік прапагандысцкія клішэ, каб у перавыданьнях пасьля зьмены ўлады іх сарамліва вымазваць.

Пра найбольш адыёзныя моманты найноўшай гісторыі падручнік маўчыць. Гэта жорсткае пабіцьцё людзьмі ў масках проста ў залі Вярхоўнага Савету дэпутатаў, якія пратэставалі супраць неканстытуцыйнага рэфэрэндуму 1995 году, як і сама яго неканстытуцыйнасьць. Гэта спроба імпічмэнту Лукашэнкі, якога ўратаваў дэсант дэлегацыі высокага ўзроўню з Масквы. Гэта палітычныя зьнікненьні 1999–2000 гадоў.

Пра фактычнае зьнішчэньне прынцыпу падзелу ўладаў, канцэнтрацыю ўсёй улады ў руках прэзыдэнта,  фармалізаваную праз рэфэрэндум 1996 году, сказана. Аказваецца, рэфэрэндум адыграў „важную ролю ва ўдакладненні артыкулаў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, прысвечаных ажыццяўленню прынцыпу падзелу ўлады“.  Натуральна, успамінаецца Орўэл з „навамовай“: „Вайна — гэта мір“...

Пра скасаваньне абмежаваньня тэрмінаў прэзыдэнцтва, пра чараду перавыбраньняў аднаго і таго ж чалавека на пасаду з надзвычайнымі паўнамоцтвамі — згадана мімаходзь, быццам гэта нешта натуральнае ў Эўропе нашага часу. Так падтрымліваецца стэрэатып, што школа і рэальнасьць мала перасякаюцца, больш за тое, што школа рэальнасьць скажае і прыхоўвае.

Палітычны плюралізм, рэальны парлямэнтарызм не ўваходзяць у шэраг каштоўнасьцяў, на якіх мае грунтавацца сучаснае грамадзтва. Падбор выразаў праграмуе грэблівую ацэнку зьявы шматпартыйнасьці: Большасць партый, што існуюць у нашы дні, вызначальнага ўплыву на палітычнае жыццё краіны не маюць. Але ж пра іхныя праграмы, мэты, дзейнасьць, пра фракцыю БНФ у Вярхоўным Савеце 12 скліканьня, пра адрозьненьні партыяў, нават пра наяўнасьць сярод іх праўладных і апазыцыйных ні слова не сказана. Між тым факт, што на гісторыю краіны БНФ магутна паўплываў і застаўся ў памяці, пацьвярджае хоць бы існаваньне ў беларускай (і тутэйшай расейскай) мове слова „бээнэфавец“ і падобных, іх падлеткі чулі ў сям’і з той ці іншай канатацыяй, але падручнік існуе асобна ад сямейнай гістарычнай памяці.