Выбрать главу

Затое які колькасны, зьмястоўны і канатацыйны кантраст з інфармацыяй пра дзяржаўна-грамадзкія арганізацыі: Адной з найбольш масавых грамадскіх арганізацый з’яўляецца рэспубліканскае грамадскае аб’яднанне «Белая Русь». Яго мэта — садзейнічаць дасягненню грамадскай згоды ў справе пабудовы незалежнай, моцнай і квітнеючай Беларусі, сацыяльна справядлівага грамадства, заснаванага на прыярытэтнасці нацыянальных інтарэсаў, патрыятычных і маральна-духоўных каштоўнасцях беларускага народа.  — А як гэтае РГА, а фактычна дзяржаўная бюджэтная арганізацыя, паўплывала на гісторыю Беларусі? Дарэчы, не сказана, што і БРСМ не аўтэнтычна грамадзкая, але грамадзка-дзяржаўная структура (гл. сьведчаньне яе кіраўніка).

Дэмакратычныя каштоўнасьці сучаснага палітычнага ладу Беларусі кніга ўсё ж апісвае: Кожнаму грамадзяніну ў нашай дзяржаве згодна з Канстытуцыяй гарантуюцца свабода поглядаў і ўдзел у вырашэнні дзяржаўных спраў. Таму кожны чалавек можа выказаць сваю пазіцыю ва ўзаемаадносінах з уладай: выкарыстаць права выбару свайго прадстаўніка ў мясцовы Савет дэпутатаў або Нацыянальны сход, удзельнічаць у рэферэндуме, падтрымаць пэўную палітычную партыю. І нават у гэтым фармальным, дэклярацыйным пераліку няма права выбару свайго прэзыдэнта...

Моўная гісторыя народу

Лёс беларускай мовы як нацыятворчага фактару — найважнейшы складнік беларускага гістарычнага наратыву ХХ і ХХІ стагодзьдзяў. Але моўны, г. зн. сацыялінгвістычны, аспэкт гісторыі эпохі аўтары закранулі непасьлядоўна і нераўнамерна. Узгадалі моўную беларусізацыю 1920-х у БССР (параўнальна шырока, нават з табліцамі) і палянізацыю 1930-х (не ўдакладняючы часу) у Заходняй Беларусі. Ужылі тэрмін тарашкевіца, што мяне як яго аўтара цешыць; узгадалі (але ўхіліўшыся ад тлумачэньня ідэалягічна-палітычнага русыфікацыйнага кантэксту) рэформу правапісу 1933 году і перайменаваньне Менску, а нават напісалі пра групы моладзевага супраціву пасьля вайны, якія пратэставалі супраць прыніжэньня беларускае мовы. Сказалі пра Закон аб мовах 1990 г. і моўнае пытаньне рэфэрэндуму 1995-га.

Але ўвогуле змаўчалі пра русыфікацыю ў той самай БССР з канца 1930-х і далей і пра лёс беларускае мовы ў статусных сфэрах ужываньня ў Рэспубліцы Беларусі пасьля згаданага рэфэрэндуму. Ані моўнай статыстыкі перапісаў, ані канкрэтызацыі досьведу 1990-х.

А для пакаленьня big data былі б карыснымі і красамоўнымі зьвесткі моўнай часткі перапісаў у выглядзе дыяграмы працэнту носьбітаў беларускай мовы як роднай — з вусьцішным падзеньнем уніз у нулявыя гады, каб было ясна, які лёс напаткаў беларускую мову ў дзяржаве і грамадзтве пасьля 1995 году — увядзеньня так званага дзяржаўнага двумоўя, як мы дайшлі да сучаснага беспрэцэдэнтна трывожнага для беларускай мовы стану.

Гэта не адзіны лягічны абрыў у кнізе, ніжэй пішу больш.

ІІ. ФОРМА

Мэтодыкі і жанры

І ўсё ж таленавіты настаўнік зможа часткова пераадолець аднабаковасьць і прапагандысцкую зададзенасьць асноўнага зьместу параграфаў, выкарыстоўваючы прадугледжаныя падручнікам заданьні і пытаньні. Ва ўстаноўчым разьдзеле кнігі ёсьць слушны заклік: „Раім вам паўдзельнічаць у дыскусіі па спрэчных гістарычных пытаннях. Гэта дасць вам магчымасць пачуць іншых і заявіць пра сябе. Не трэба баяцца так званых «няправільных» думак. Дыскусійнае пытанне не прадугледжвае адзіна правільнага адказу“. Пасьля цытаваньня спрэчных выказваньняў (напр., кнорынцаў пра беларускую нацыю) вучням прапануюць сфармуляваць „уласнае стаўленне да прыведзенага пункту гледжання з улікам гістарычных умоў яго з’яўлення“.

Паводле мэтадычнай парады «Як мадэляваць свае паводзіны ва ўмоўнай гістарычнай сітуацыі» на с. 179 вучні маюць псыхалягічна перанесьціся ў адпаведную эпоху. Выдатна. Але ж каб гэта зрабіць карэктна, кніга мусіць даваць аб’ектыўную карціну сытуацыі ў кожнай адпаведнай эпосе...

Можа быць карысным такое заданьне: Правядзіце ў сваім класе абмеркаванне магчымых прычын распаду СССР — дзяржавы, у якой прайшло дзяцінства вашых бацькоў. Пацікаўцеся ў сваіх бацькоў наконт іх меркавання. Улічыце, што існуюць супрацьлеглыя думкі пра прычыны распаду СССР, складовай часткай якога была БССР. 

Але неабходнае для выкананьня заданьня тлумачэньне, якое прапаноўвае быццам бы альтэрнатыўныя падыходы, толькі напалову аб’ектыўнае: