Выбрать главу

Адны даследчыкі лічаць, што ў складзе СССР саюзныя рэспублікі, у тым ліку БССР, не валодалі сапраўдным суверэнітэтам. Таму іх імкненне да незалежнасці ад Масквы прывяло да знікнення з палітычнай карты свету Савецкага Саюза. Іншыя даследчыкі разглядаюць распад гэтай дзяржавы як вынік спаборніцтва паміж СССР і ЗША ва ўмовах так званай «халоднай вайны»“. (142)

Гэта ж не альтэрнатыўныя пастуляты. Хіба ёсьць нейкія „іншыя дасьледнікі“, якія ўсур’ёз лічаць, што „саюзныя рэспублікі“ мелі сувэрэнітэт? Пагатоў у § 27 сказана ясна і недыскусійна, бо гэта аксіёма: Рэспублікі Савецкага Саюза, згодна з Канстытуцыяй СССР, абвяшчаліся раўнапраўнымі і незалежнымі. Аднак рэальнай незалежнасці яны не мелі. (136)

Другая тэза — з арсэналу расейскіх кансьпіролягаў, яе наагул несалідна ўключаць у беларускі падручнік, настолькі яна тхне вялікадзяржаўным рэваншызмам.

А гэтае заданьне вучням — „Ахарактарызуйце фактары, што забяспечвалі ў другой палове 1960-х — першай палове 1980-х гг. станоўчы імідж Камуністычнай партыі Беларусі сярод насельніцтва БССР, якое актыўна і свядома ўдзельнічала ў грамадска-палітычным жыцці краіны“ (135) — узор слоўнай маніпуляцыі і савецкага наваязу, толькі слова „імідж“ для яго чужароднае.

Яно праграмуе канатацыю: усё станоўча, актыўна і сьвядома. Толькі ўзьнікае пытаньне: адкуль аўтары ўзялі зьвесткі пра „станоўчы імідж“ камуністычнай партыі? Сацыялёгіі ў СССР не было. А я ў гэтыя дзесяцігодзьдзі час жыў і сьведчу, што адчужанасьць ад камуністычнай улады, асабліва ў Заходняй Беларусі, была ўласьцівая ўсім сацыяльным групам і ўзроставым катэгорыям беларусаў. Дый чаму ж усё тое „станоўчае“ і „актыўнае“ з трэскам развалілася ў 1980-я?

Стужка часу — плённы інструмэнт візуалізацыі гісторыі. Стужак у кнізе чатыры, правільна, што вучням прапаноўваюць, зачапіўшыся за іх, дзяліцца эмацыйным адчуваньнем гісторыі. Але такая  стужка, напр. на с. 133, выклікае пытаньні сваёй эклектычнасьцю. Выглядае, аўтары асьцерагліся структураваць найноўшую гісторыю сыстэмна, паводле палітычных падзеяў і працэсаў. Таму замест дэсталінізацыі ў стужцы часу МАЗы, а замест русыфікацыі 1970-х — нафтахімія.

Мова

У выходных зьвестках пра выданьне няма інфармацыі пра пераклад з расейскай, як, на жаль, часьцей за ўсё бывае зь беларускімі падручнікамі. Гонар аўтарам, напісалі тэкст па-беларуску самі.

Месцамі відаць уплыў жывой беларускамоўнай прасторы, калі ня цісьне савецкі шаблён. Правільна ўжываюць ступені параўнаньня прыметнікаў:  найвышэйшы (заканадаўчы орган). Натуральна ўжытыя дзеепрыметнікі з натуральнымі беларускімі суфіксамі, або прыметнікі ў іх ролі, або даданыя сказы замест дзеепрыметнікаў — граматычных русізмаў:  кіроўныя структуры; загінулыя; бакі, якія ваявалі... Нават на ўзроўні лексыкі праяўляецца жывасьць, напр. пасьлядоўна ўжываецца прыметнік моладзевы — набытак незалежнага грамадзтва з 1980-х гадоў. (Мне як чалавеку эпохі цікава бачыць гібрыд „камсамольска-моладзевы“ — за камунізмам так дакладна не маглі сказаць, камсамольскае было „маладзёжным“, а жывое — „Майстроўня“, „Талака“ — моладзевым. Але няхай сабе).

Але не бракуе лексычных хібаў і памылак. Так, слова ўсталёўвацца (Усталёўваліся ўсеагульная працоўная павіннасць, ураўняльны прынцып аплаты працы) пасьлядоўна фігуруе ў памылковым значэньні ‘уводзіць, устанаўляць’ — ці ня гугальтрансьлейт тут праяўляецца?

На жаль, аўтары кнігі не зрабілі паправак на тое, што эпоха і ўяўленьні пра сьвет вучняў даўно памяняліся. Праўда, цяперашняя афіцыйная інфармацыйная прастора жывасілам кансэрвуе савецкую знакавую, у тым ліку лексычную, парадыгму, але з гэтага нічога не выходзіць. Ідэалягічных саветызмаў і проста архаізмаў у тэксьце не зразумее сучасны падлетак:

      ...камсамол шэфстваваў над будаўніцтвам прамысловых прадпрыемстваў... 

      ...курс на хуткае будаўніцтва камунізму аказаўся неажыццяўляльным. — Як выглядае „будаўніцтва камунізму“, у падручніку не тлумачыцца. А, дарэчы,павольнае яго будаўніцтва ажыцьцявілася?

Замест азначэньня, што за зьвер сацыялістычнае спаборніцтва (мо футбольны турнір сацыялістаў у піку камуністам?), пералічваюць яго праявы, у тым ліку ўдарныя брыгады. Зноў жа без тлумачэньняў. Калегі, прамінула паўтара пакаленьня ад канца „ўдарніцтва“, наіўна спадзявацца, што сучасныя падлеткі зразумеюць, што гэта і навошта!