ЭВМ — ці сучасныя падлеткі зразумеюць гэты скарот без расшыфроўкі (а нават і зь ёю)?
Анамастыка. Выклад ажыўляюць і актуалізуюць такія факты, як спрэчка К. Кісялёва ў ААН наконт перадачы назвы краіны па-ангельску як „Уайт Раша“ (93; я б напісаў моваю арыгіналу). Але на фота — таблічка „Byelorussian SSR“, таму з увагі на заглыбленасьць падлеткавай аўдыторыі ў ангельскамоўны сьвет тэму варта было працягнуць тэму згадкай пра закон 1991 году аб назьве дзяржавы і яе перадачы на іншыя мовы, у выніку чаго замацавалася ангельскамоўная назва Belarus. Але ж незалежніцкія зьдзяйсьненьні пачатку 1990-х — непажаданыя ў кнізе.
У падручніку гісторыі Беларусі недапушчальныя такія тапанімічныя праколы, як „г. Глубокае“ (Глыбокае, вядома!), „у Талочыне“ (у Талачынé ж!), „у мястэчку Койданава“ (у Койданаве — беларускія тапонімы скланяюцца!). На жаль, брак увагі аўтараў да беларускай тапаніміі прывёў нават да ўключэньня ў падручнік тэксту сумнеўнай дакумэнтальнасьці пра „горад Лёзна“ — а Лёзна мястэчка, і ўжо гэта мусіла іх насьцярожыць (гл. ніжэй).
Моўная акуратнасьць — умова даверу. Калі тэрмін «Халакост» выводзяць ад нейкага holokaustus, то гэта ня грэцкае слова: па-грэцку ὁλόκαυστος, г. зн. канчатак -os. Грамыка — містэр NYET, а ня НЕ (101). Гэта ня дробязь. Грамыка не карыстаўся беларускай мовай, а зрабіўшы кар’еру ў Маскве, выправіў запіс аб сваёй нацыянальнасьці зь беларуса на расейца.
Ёсьць звычайныя школьныя памылкі ў сынтаксе: Граніца з Польшчай прайшла ў 30 км на захад ад Мінска. Па-беларуску адлегласьць абазначаецца іншым прыназоўнікам: за 30 км. Прыназоўнік „па“ ў беларускай мове ня мае такога шырокага значэньня, як у расейскай: не „па меркаванні“, а на думку; не „па прынцыпе «хто не працуе, той не есць»“, а паводле/адпаведна прынцыпу.
Сынтакс. Галоўная хіба сынтаксу кнігі, проста-такі біч яе моўнай культуры (але часам і няхітры спосаб моўнай маніпуляцыі) — канструкцыі зь дзеясловамі залежнага стану замест выказьнікаў у форме актыўнага дзеяньня:
Запісванне сялянства ў калгасы з 1929 г. не заўсёды адбывалася добраахвотна.
Быццам бы тое запісваньне адбывалася само сабой. А маецца ж на ўвазе, што камуністы запісвалі ў калгасы сялян насуперак іхнай волі. У такой канструкцыі было б ясна: дзейнік = суб’ект дзеяньня — гэта камуністы, выказьнік — запісвалі. Дапаўненьне ў вінавальным склоне — сялян яны запісвалі, прычым гвалтам. А мо перакуленая канструкцыя тут, каб не называць суб’екта дзеяньня?
У дачыненні да іх [тых, хто адмаўляўся ісьці ў калгас] праводзілася раскулачванне, у ходзе якога гвалтоўна адымалася іх маёмасць.
Тая самая праблема. Кім праводзілася і кім адымалася? Сама сабой? Не. Гэта камуністы „раскулачвалі“ (дарэчы, зусім небеларускае і сэмантычна аблуднае слова) працавітых сялян і гвалтам адбіралі іхную маёмасьць. І карацей, і, галоўнае, ясьней.
Пасьлядоўнае ўжываньне залежнага стану або надае інфармацыі безасабовасьць:
„Права калгаснікаў на перамяшчэнне і свабодны выбар працы фактычна было абмежавана“; „...адбылося масавае закрыццё цэркваў і касцёлаў. Іх каштоўнасці і маёмасць перадаваліся дзяржаве, а самі яны адводзіліся пад сельскія клубы або ператвараліся ў склады“ (кім абмежаванае, кім перадаваліся?),
або мяняе полюсы суб’ектнасьці:
„Яўрэйскае насельніцтва Беларусі зганялася ў спецыяльныя месцы пражывання — гета“ (само зганялася? тут моўная хіба на мяжы скажэньня фактаў).
У цытаваных вышэй сказах прынамсі можна „рэканструяваць“ зьмест. А ў гэтым сказе пасіўны модус дзеяслова выклікае рэальную двухсэнсоўнасьць:
У грамадстве ствараўся вобраз кулака як ворага народа.
Калі грамадзтва само сабою прыходзіла да такой візіі — гэта адно. А калі прапаганда гэткі вобраз прышчапляла праз школу, пяціхвілінкі клясавай нянавісьці і падобнае — гэта зусім іншае.
Пра Тарашкевіча сказана:
...Двойчы арыштоўваўся польскімі ўладамі.
Так і чакаеш працягу: „...А ў Савецкім Саюзе расстраляўся і пахаваўся ў невядомым месцы“.
Не жартую, надта сумная нагода. Падручнік перагружаны такімі канструкцыямі, ёсьць старонкі, дзе нармальны сынтакс, калі дзейнік тоесны суб’екту дзеяньня, у адным-двух выпадках.
Стылістычныя перапады. А мо аўтары лічаць, што залежны стан выказніка — прыкмета навуковага стылю? Не, гэта канцылярскі стыль. І што навуковая, што пагатоў канцылярская стылістыка непрыдатная ў школьным падручніку для сучасных 14-гадовых — „пакаленьня Z“.