Выбрать главу

Падручнік схітрыўся апісаць гісторыю Беларусі ХХ стагодзьдзя бяз слова „таталітарызм“, хоць Беларусь сутыкнуліся ажно з двума таталітарнымі рэжымамі ў апісаную эпоху. І „аўтарытарызму“ таксама няма, хоць у XX–XXI ст. мы спазналі на сваёй шкуры прынамсі дзьве мадэлі аўтарытарных дзяржаваў.

Ад навучальнай кнігі для беларускіх дзяцей XXI стагодзьдзя чакалася, што адзін з галоўных канструктаў савецкай прапаганды — „савецкі народ“ (у лёгіцы такое завецца пустым паняцьцем) — у ёй нарэшце паддадуць дэканструкцыі, патлумачаць беларускім падлеткам ідэалягічныя маніпуляцыі, скіраваныя на цэмэнтаваньне савецкай імпэрыі, правядуць адрозьненьне паміж гэтай фікцыяй і палітычным тыпажом Homo Sovieticus, які сыходзіць у нябыт нават у Беларусі. Але аўтары не прыдумалі нічога лепшага, як узяць з дакладу Брэжнева на XXV зьезьдзе КПСС прапагандысцкае азначэньне своеасаблівай „гіпэрнацыі“:

У СССР ... сфарміравана новая гістарычная супольнасць — савецкі народ. Да яго разам з грамадзянамі ўсіх савецкіх рэспублік адносіліся і беларусы. Для савецкага народа сталі ўласцівымі такія рысы, як савецкі патрыятызм і служэнне грамадству, калектывізм і грамадска карысная праца, інтэрнацыяналізм і дружба народаў Савецкага Саюза, гуманізм і агульная камуністычная ідэалогія.

І гэта ж не цытата для крытычнага аналізу, але азначэньне, якое вучні мусяць ведаць! Для чаго аўтары вяртаюць маладое пакаленьне беларусаў у мёртвую атмасфэру 1970-х, у савецкую школу, у якой два пакаленьні таму назад нас прымушалі зубрыць во гэта пад акампанэмэнт брэжнеўскіх чвяканьняў? Нават ня буду разьбіраць тут хлусьлівасьць і цынізм „дэфініцыі“.

Адпаведную ролю ў наратыве і тэрміналягічных спалучэньнях падручніка адыгрывае слова „савецкі“. „Беларускае савецкае мастацтва“ — а ці ёсьць беларускае несавецкае мастацтва, а калі ёсьць — чым розьніцца ад савецкага? Толькі тэрытарыяльным разьмяшчэньнем — тады заходнебеларускае мастацтва сюды не адносіцца? Ці нечым іншым — а тады ці былі ў БССР несавецкія творцы? Скажам, Быкаў — прадстаўнік беларускай савецкай літаратуры (125). Да каторага году — да 1982, калі напісаў „Знак бяды“ пра жахі сталінізму? Да 1988, калі ён стаў сузаснавальнікам БНФ? „Песьняры“ — савецкі ансамбль (131). І г. д. Так мэханічна узяты з калянага БССРаўскага дыскурсу штамп разбурае беларусацэнтрычнае гледзішча на гісторыю ХХ стагодзьдзя.

А што такое „беларускі народ“? Тэрмін крытычна важны, суб’ектны для такога падручніка. Але ўжываюць яго аўтары амбівалентна. Гэта дзяржаватворчы фэномэн (што цалкам слушна):

У грамаце [БНР] абвяшчалася права беларускага народа, як і іншых народаў, на самавызначэнне; [Ленінам] за беларускім народам прызнавалася права на нацыянальнае самавызначэнне і самастойнае дзяржаўнае існаванне. 

Але калі каньюнктура патрабуе, гэты выраз ужываецца ў левасацыялістычным значэньні „простага і палітычна правільнага народу“: Такі крок [тэлеграма кайзэру] не мог знайсці адабрэння ў беларускага народа.

Як станоўчы факт адзначу, што ў кнізе няма псэўдатэрміну „беларускі савецкі народ“, беларусы не атаесамляюцца выключна з насельніцтвам у межах БССР. Аднак намёкі на апрыёрную „савецкасьць“ аб’яднанага ў 1939 годзе народу відаць: Гэта [далучэньне Заходняй Беларусі] дало беларусам магчымасць жыць і працаваць разам ва ўмовах савецкага грамадства і спыніла паланізацыю часткі беларускага народа. І права заходніх беларусаў быць часткаю беларускага народу / мадэрнай нацыі тэрміналягічна аспрэчваецца: „жыццё беларускага этнасу на тэрыторыі Заходняй Беларусі“.

Вучням задаюць пытаньне: Як вы думаеце, кім лічылі сябе жыхары рэспублікі: перш за ўсё савецкімі людзьмі, зыходзячы з таго, што ў 1971 г. была зроблена выснова аб узнікненні ў СССР новай гістарычнай супольнасці — савецкага народа, ці беларусамі па нацыянальнасці? Але на яго немагчыма адказаць, грунтуючыся на падручніку — менавіта таму, што няма ясных азначэньняў згаданых у ім паняцьцяў.

У апошнім разьдзеле зьяўляецца яшчэ адзін катэгарыяльны тэрмін для беларусаў:

Носьбітам дзяржаўнага суверэнітэту Рэспублікі Беларусь з’яўляецца сучасная беларуская грамадзянская нацыя. Яна ўяўляе сабой сацыякультурную і палітычную супольнасць людзей, што склалася гістарычна і мае тэрыторыю сталага пражывання, а таксама аб’яднана адным дзяржаўным кіраваннем і грамадзянствам. 

Уфф. Грувасткае азначэньне паняцьця для 14-гадовых, з тэрмінамі накшталт „сацыякультурны“, якія канечне трэба тлумачыць.