Выбрать главу

На с. 86 ёсьць біяграфічны нарыс пра доктара І. П. Антонава. У стандартным і незапамінальным пераліку яго званьняў і ўзнагародаў раптам згадваюць, што „Міжнародны біяграфічны цэнтр у Кембрыджы“ залічыў доктара ў свой сьпіс выбітных людзей ХХ ст. Хто-хто, а тытуляваныя гісторыкі мусяць ведаць прыхваткі і рэпутацыю гэтага „цэнтру“, які ня мае дачыненьня да славутага ўнівэрсытэту і за невялікія грошы прадае фантастычныя тытулы і сэртыфікаты пыхлівым або наіўным людзям. Прыкра бачыць у падручніку, які выйшаў на дзьвюх мовах дзясяткамі тысяч асобнікаў і кожнаму слову якога мусяць давяраць падлеткі, папулярызацыю фэйкавых прэміяў і званьняў.

Такія хібы вымушаюць крытычна ставіцца і да іншых спасылак на дакумэнты і артэфакты. Прыкладам, падазрона хваласьпеўная прыказка „У калгасах стала многа сала — вінават Гікала“ — ці яна аўтэнтычная? Пагатоў на фоне голаду і пакутаў беларускіх сялян у сярэдзіне 1930-х гадоў.

І, вядома, не было ніякай патрэбы ў беларускім падручніку паўтараць камуністычны фэйк пра 23 лютага як дату стварэньня Чырвонай арміі падчас гераічных баёў (18).

Прасавецкая аднабаковасьць. Маніпуляцыі

Прапагандысцкая зададзенасьць вядзе да сумнеўных сьцьверджаньняў, а то і да няпраўды.

На с. 58 вучням прапануюць паразважаць над прычынна-выніковай сувязьзю: „ажыццяўленне палітыкі беларусізацыі → фарміраванне нацыянальнай самасвядомасці беларускага народа“. То бо гэта не беларусізацыя як часовая каньюнктурная палітыка бальшавікоў выкарыстала рэальную жывую нацыянальную самасьвядомасьць беларусаў, а наадварот — самасьвядомасьць узьнікла дзякуючы бальшавікам? Значыць, мае рацыю расейскі прапагандыст, які заяўляў, што беларускую мову і нацыю стварылі бальшавікі? Вельмі небяскрыўдныя такія пасылы ў школьнай кнізе.

Пра верасень 1939 году сказана: Ва ўмовах наступлення германскіх войскаў па тэрыторыі Польшчы кіраўніцтва СССР прыняло рашэнне, згодна з якім часці Чырвонай Арміі перайшлі савецка-польскую мяжу. — Папраўдзе ж рашэньне Сталін з Гітлерам прынялі даўно, паводле яго і была падпісаная змова „Молатава — Рыбэнтропа“. Апошняя ў кнізе згадваецца, навошта ж дэзарыентаваць вучняў — быццам увод Чырвонай арміі быў наступствам нямецкай агрэсіі супраць Польшчы.

Чытаючы пра тэмы і падзеі, якія выходзяць па-за савецка-камуністычны дыскурс, трэба быць пільным і не паддацца на аднабаковасьць падачы. Для апраўданьня ініцыяванага агентам ГПУ Ульянавым „самароспуску“ Рады БНР аўтары прыводзяць цытату А. Цьвікевіча з 1930-х гадоў (59), хоць у тых умовах людзі ўжо не маглі выказвацца шчыра — але ня кажуць аб тым, як Цьвікевіч закончыў жыцьцёвы шлях, і аб працягу працы Рады БНР (яе часткі, якая не павялася на правакацыю; а як зразумеюць вучні, адкуль сучасная пасада Івонкі Сурвілы? Зрэшты, яе імя няма ў кнізе наагул).

Прынцыпова важная тэма — параўнаньне лёсу беларусаў пад савецкай і пад польскай уладай. Абедзьве былі чужыя, абедзьве ўшчамлялі беларускі народ, але па-рознаму. І пра гэта трэба казаць ясна і аб’ектыўна. Але вось на с. 52 вучням прапаноўваюць супаставіць сельскую працу ў БССР і Заходняй Беларусі на падставе фатаграфіяў. Карэктна было б даць фота больш-менш з таго самага году. Трактар СХТЗ 15/30 выпускалі ў Харкаве з 1931 году, г. зн. фота з БССР — 1930-х гадоў (с. 38). Але параўноўваюць яго з фота беднай сялянскай гаспадаркі Заходняй Беларусі ранейшага пэрыяду — 1920-х гадоў. Тэхніку заходнебеларускія сяляне куплялі (часта ў крэдыт), ясна, што гэта былі найперш ня „Урсусы“ (пачатак вырабу з 1922 г.), але малацілкі, веялкі, ільночасалкі, „спружыноўкі“ — спружынныя культыватары, сячкарні на коннай і ручной цязе, уласна конныя манежы. І нават даражэйшыя сеялкі, жняяркі. Тое, чаго савецкія калгаснікі ў прыватнай уласнасьці мець ужо не маглі, а хто меў — у пачатку 1930-х раскулачылі. Трактар пад Саветамі быў, але ня свой, і служыў найперш стварэньню харчовага запасу Чырвонай арміі і выкананьню агрэсіўных плянаў Крамля.

Без разуменьня гэтага вучань так і ня знойдзе тлумачэньня, чаму беларускія сяляне ў БССР, нягледзячы на трыюмфы пяцігодак, часта галадалі на мяжы галадамору, а беларускія сяляне ў Заходняй Беларусі, нягледзячы на праблемы асадніцтва, сэрвітутаў, адбіраньня традыцыйных промыслаў і г.д., усё ж захоўвалі нейкі мінімальна прыстойны ўзровень жыцьця, які здаваўся „кулацкім“чырвонаармейцам, што прыйшлі сюды ў 1939-м.

Зрэшты, залежыць, якая тэма фота. Бо калі гэта, прыкладам, будаўніцтва магістральнай дзяржаўнай дарогі Вільня — Ліда — Слонім — чыгунка Менск — Берасьце ў 1928 годзе з выкарыстаньнем асфальтавых каткоў, то візуальнае ўражаньне чытача пра Заходнюю Беларусь будзе іншае. І будзе разуменьне, што індустрыялізацыя, мадэрнізацыя, стварэньне інфраструктуры магчымыя і без камунізму, што гэтыя працэсы адбываліся і ў так званых „капіталістычных“ краінах — хоць у Польшчы яны ішлі нераўнамерна і беларускія землі закранулі значна менш, чым цэнтральныя і асабліва постаўстрыйскія ваяводзтвы. І выклікае сумнеў лічба на с. 53: „Прамысловай прадукцыі ў Заходняй Беларусі выраблялася ў 9 разоў менш, чым у Савецкай Беларусі“. Відавочна, гэта без уліку вялікіх прамысловых цэнтраў Вільні і Беластоку, якія былі неад’емнымі складнікамі эканамічнага і сацыяльнага жыцьця Заходняй Беларусі.