Аднак першыя ж словы наратыўнага тэксту ставяць Беларусь у расейскую сыстэму каардынатаў: „Пераход улады ў рукі Саветаў. Лютаўская буржуазна-дэмакратычная рэвалюцыя 1917 г. прывяла да падзення самадзяржаўя ў Расіі“ (6). І далей — пра Леніна й кастрычніцкі пераварот у Петраградзе. Суб’екты палітыкі на тэрыторыі Беларусі (гэта ня тое самае, што суб’екты беларускай палітыкі) зьяўляюцца толькі на 7-й старонцы падручніка гісторыі Беларусі, і гэта — бальшавікі: „25 кастрычніка бальшавікі Мінска атрымалі паведамленне аб перамозе ўзброенага паўстання ў Петраградзе“. У першым параграфе разгорнута фігуруе яшчэ Магілёў, але толькі таму, што там была „контрарэвалюцыйная“ стаўка вярхоўнага галоўнакамандуючага расейскай арміі.
Аўтары сумленна паведамляюць, што „бальшавікі дзеля выканання сваіх планаў зрабілі стаўку на салдат Заходняга фронту“. Будзем лічыць гэта намёкам для разумнага чытача: значыць, не спадзяваліся бальшавікі на беларускі народ; праўда, далей нас запэўніваюць, што „бальшавікоў падтрымала асноўная частка сялян“ і што „большасць працоўных Беларусі і салдат Заходняга фронту спадзяваліся на тое, што бальшавікі створаць аднародны сацыялістычны ўрад“. Але такога пра гарадзкіх працоўных не пацьвярджае сацыялёгія, бо яе і не было, а вось уведзеная на падкантрольных бальшавікам тэрыторыях „харчразьвёрстка“ выклікала абурэньне беларускага сялянства.
Таму зусім заканамерна мясьнікоўскі „Облискомзап“ (ня варта перакладаць на беларускую назвы небеларускіх і нават антыбеларускіх інстытуцыяў савецкай пары) не прызнаваў права беларусаў на суб’ектнасьць. А суб’ектнасьць жа ўжо была, яна рэалізоўвалася ў прадстаўнічых інстытуцыях, але ў блытанай і тэндэнцыйна, з бальшавіцкага гледзішча апісанай карціне беларускаму нацыянальнаму руху адведзена маргінальнае месца.
Дарэчна было б даць колькасныя характарыстыкі (пажадана дыяграмай — сучасная моладзь цэніць візуалізацыю дадзеных) — паўтара мільёна жывой сілы Заходняга фронту, якая навадніла Беларусь, з аднаго боку, а з другога — больш за два мільёны беларускіх „бежанцаў“, якіх гвалтам і падманам выселілі ў пачатку вайны ў глыб Расеі. Тады была б больш зразумелая сацыяльна-палітычная база бальшавікоў і ступень прадстаўніцтва імі менавіта беларускага народу.
А БНР нават асобнага параграфа не заслужыла. І далейшы падзел беларускага гістарычнага лёсу на эпохі дэманстратыўна саветацэнтрычны.
Другі разьдзел — „Беларусь ва ўмовах станаўлення савецкага грамадства. Заходняя Беларусь у складзе Польшчы“. І тут сама назва праграмуе, „савецкае грамадзтва“ першаснае, Беларусь другасная. Дый уласна „Беларусь“ атаесамляецца толькі з паловай краіны і народу — з БССР; Заходняя Беларусь як бы і не зусім Беларусь. Але, пэўна, укладальнікі праграмы ў такіх рызыкоўных сэмантычных сьлізганьнях ніякай геапалітычнай рызыкі ня бачаць.
Трэці разьдзел — БССР у гады войнаў; добра, што нарэшце поруч зь „Вялікай айчыннай“ згадалі Другую сусьветную, але ў якім выглядзе існавала БССР падчас нямецкай акупацыі? Ізноў Беларусь пасьлядоўна асацыююць толькі з савецкім адміністрацыйным утварэньнем.
Чацьверты разьдзел — БССР ад вайны да 1990-х. І толькі апошні храналягічны разьдзел — “Станаўленне i ўмацаванне дзяржаўнага суверэнітэту Рэспублікі Беларусь. 1990-я гг. — пачатак ХХІ ст.“ — мусіў бы даць магчымасьць нарэшце без савета- і масквацэнтрызму сказаць пра нацыянальнае адраджэньне і пабудову інстытутаў нацыянальнай дзяржавы.
Прынцыпова інакшае, бо ўкраінацэнтрычнае і арыентаванае на эўрапейскую цывілізацыйную прыналежнасьць, структураваньне эпохі бачым ва ўкраінскіх праграмах і адпаведна падручніках, напр. „Історія України“, 10 кл. (аўтары Н. Сорочинська, О. Гісем). Першы разьдзел там — „Украіна ў гады Першай усясьветнай вайны“, такім чынам, гісторыя сваёй краіны адразу ўключаецца ў агульнаэўрапейскую. І першы ж параграф разьдзелу — „1-я ўсясьветная вайна і ўкраінскі нацыянальны рух“. Другі разьдзел ахоплівае пэрыяд сакавіка 1917 — вясны 1918 году і завецца знакава: „Пачатак Украінскай рэвалюцыі“. Параграфу пра кастрычніцкія падзеі ў Расеі там няма, бальшавікі заканамерна ўпамінаюцца ў сувязі зь іх агрэсіяй: § 8. Першая вайна бальшавіцкай Расеі з УНР і абвяшчэньне незалежнасьці УНР. І трэці разьдзел прысьвечаны барацьбе за ўкраінскую несавецкую дзяржаўнасьць. Пра несавецкую частку Ўкраіны — заходнеўкраінскія землі ў міжваенны пэрыяд — асобны разьдзел з чатырох параграфаў.