Выбрать главу

Яшчэ прапанова параўнаць — „палітыку беларусізацыі ў БССР і паланізацыі ў Заходняй Беларусі“. Лягічна. Але няма храналёгіі абедзьвюх зьяваў. Вось жа яўная палянізацыя ў Заходняй Беларусі пачалася ў 1930-я — і прыблізна тады ж камуністычныя ўлады БССР ужо спынілі „беларусізацыю“ і пачалі фізычнае вынішчэньне беларускіх кадраў ды моўную, культурную і мэнтальную русыфікацыю, пра якую кніга практычна маўчыць.

У мэтадычным інструмэнтары кнігі сама больш пытаньняў. Але самастойную думку абуджаюць пытаньні, у якіх няма гатовага адказу і/ці ацэнкі. Калі вучню кажуць як у анэкдоце: „Скажи-ка, Вовочка, не правда ли, Париж — столица Франции?“, калі ў пытаньне ўжо закладзены адзіна правільны адказ — то гэта і маніпуляцыя, і непавага да інтэлектуальных здольнасьцяў вучня.

Такія наводныя пытаньні і заданьні ў кнізе частыя: Дакажыце, што ўваходжанне БССР у склад Савецкага Саюза і ўзбуйненне БССР сталі чарговымі этапамі працэсу фарміравання беларускай нацыянальнай дзяржаўнасці. — Гэта індактрынацыя, замаскаваны пад крэатыўнае заданьне гатовы — у рамках савецкага дыскурсу — адказ на вельмі складанае і неадназначнае пытаньне.

Або: Ахарактарызуйце фактары, што забяспечвалі ў другой палове 1960-х — першай палове 1980-х гг. станоўчы імідж Камуністычнай партыі Беларусі сярод насельніцтва БССР, якое актыўна і свядома ўдзельнічала ў грамадска-палітычным жыцці краіны (135). — „Станоўчы імідж“, „актыўна“, „свядома“... Засьмечваць мазгі школьнікаў такой няпраўдай у прысутнасьці іхных бацькоў і дзядоў, якія тады жылі і ўсё памятаюць? І ведаюць, што „перабудову“ Крэмль вымушаны былі пачаць у сярэдзіне 1980-х, бо „імідж“ камуністычнай партыі быў ніжэйшы за плінтус...

Натуральна, у кнізе нямала і адкрытых пытаньняў, адказваючы на якія, вучань можа выявіць узважанасьць і рознабаковасьць падыходу. Але падача адпаведных момантаў у тэксьце падручніка праграмуе аднабаковасьць. Як на с. 90, дзе пытаньню „Пра што сведчыла прыняцце БССР у лік краін — заснавальніц ААН?“ папярэднічае выключна хваласьпеўная вэрсія адказу: „Гэтым прызнаваліся вялікі ўнёсак Савецкіх Беларусі і Украіны ў разгром нацызму, панесеныя імі ў ходзе вайны каласальныя людскія ахвяры і матэрыяльныя страты“.

І тут я нечакана высьветліў, што прынамсі адзін з аўтараў умеў напісаць пра тую ж падзею (і пра эпоху) зусім іначай — аб’ектыўна.

А што, так можна было?

Суаўтар кнігі прафэсар Віталь Фамін, на жаль, нядаўна пайшоў з жыцьця. Ён быў і аўтарам дапаможніка История БССР (1945–1990 гг.): Пособие для учителей и студентов. — Мн.: Министерство нар. образования БССР, МГПИ им. Горького, Минское гор. пед. общество, 1990. З гэтай кнігі вучыліся тыя, хто і цяпер працуе настаўнікамі.

Анатацыя сьведчыць, што ў кнізе „раскрываецца сутнасьць сталінскага таталітарызму і яго ўплыў на грамадзка-палітычнае жыцьцё ў рэспубліцы, на разьвіцьцё яе культуры і грамадзкай сьвядомасьці“. Выдатнае, на маю думку, рэзюмэ да пасьляваеннага савецкага пэрыяду, прытым што дапаможнік выйшаў яшчэ ў савецкі час. А ў падручніку 2019 году нават тэрміну „таталітарызм“ няма...

І ў тэматычных разьдзелах дапаможніка Фаміна бачу дакладныя і ўзважаныя дэфініцыі sine ira et studio. Пра ўдзел БССР у якасьці сузаснавальніка ААН:

„БССР упершыню ў гісторыі стала самастойным чальцом самай прэстыжнай арганізацыі (...) Але сяброўства БССР у ААН не прывяло да якіх-кольвечы прынцыповых зьменаў у становішчы рэспублікі як унутры краіны [СССР. — В. В.], так і на міжнароднай арэне, да пашырэньня яе функцыяў і паўнамоцтваў. Усталяваная ў краіне строга цэнтралізаваная камандава-адміністрацыйная сыстэма кіраваньня сталінскага тыпу, гэтаксама як і татальная цэнтралізацыя грамадзка-палітычнага жыцьця, надзейна падаўляла ўсякую самастойнасьць рэспублік, нацыяў і народнасьцяў. Таму і ўдзел дэлегацыі БССР у працы ААН ад самага пачатку набыў фармальны характар. Яна фактычна была часткаю дэлегацыі СССР...“ (с. 4–5).