Выбрать главу

Асобная зьява — сяброўства БССР у ААН — тут не вырываецца з агульнага кантэксту (рэальнага статусу БССР), што і падкрэсьлівае аўтар. І празь некалькі радкоў ясна фармулюе гэты статус: „адсутнасьць дзяржаўнага сувэрэнітэту БССР у складзе Саюзу ССР“ (с. 5).

Ня менш аб’ектыўна апісаны стан культуры ва ўмовах дыктату „сацрэалізму“.

„...Літаратурны герой выступаў рупарам ідэяў, прыдаткам прыаздобленых і прыгладжаных абставінаў. І толькі асобныя пісьменьнікі спрабавалі ўжо ў гэтыя гады прарваць рамкі дагматычнага мастацтва (...) Такім чынам, ...культурнае жыцьцё ў рэспубліцы, як і ўва ўсёй краіне, знаходзілася пад цяжкім прыгнётам сталінскай тыраніі, якая выпустошвала жывую душу народу, ператварала яго культуру ў дадатковую крыніцу апраўданьня і праслаўленьня існага рэжыму ўлады і яго вярхоўнага валадара“ (с. 29).

Дыягнастуюцца прычыны эканамічнага краху камуністычнай сыстэмы зь сярэдзіны 1980-х:

„...Крызыс забесьпячэньня насельніцтва харчовымі і прамысловымі таварамі, разлад сфэры абслугоўваньня, узмацненьне пазыцыяў ценевай эканомікі сталі праяваю глыбокага застою ў эканоміцы і грамадзтве, куды завяла іх строга цэнтралізаваная камандава-адмінстрацыйная сыстэма кіраваньня“.

І тут праф. Фамін ужывае важныя тэрміны — сыстэмныя характарыстыкі: тыранія, татальная цэнтралізацыя, камандава-адміністрацыйная сыстэма.

Дык што перашкаджала ўзяць за аснову ключавыя думкі той сьціпла выдадзенай кніжкі? Відаць, тое, што аўтарскі калектыў палічыў магчымым ня рушыць наперад, грунтуючыся на ўжо дасягнутых пазыцыях 1990 году, а вярнуцца назад.

ІІІ. ПАРАДЫГМЫ САМАВЫЗНАЧЭНЬНЯ

Сувэрэнітэт і незалежнасьць. Ці сказана праўда?

Сувэрэнітэт і незалежнасьць Беларусі — абсалютная каштоўнасьць. Калі яе не падзяляе або належна ня цэніць наступнае пакаленьне, краіна можа зьнікнуць. А вывучэньне гісторыі Беларусі XX і XXI стагодзьдзяў акурат і мусіць даць 14-гадовым маладым людзям адказ на пытаньні: ці дзяржаватворчы мы народ? ці ідэя дзяржаўнай незалежнасьці Беларусі мае карані? ці сярод нашых продкаў былі выбітныя людзі, якія ахвяраваліся дзеля незалежнасьці, у тым ліку жыцьцём?

На жаль, малады чытач можа не атрымаць адказаў на гэтыя пытаньні і нават не дадумацца іх задаць, чытаючы дапаможнік.

Тэма сувэрэнітэту Беларусі ўсплывае толькі ў апошнім разьдзеле кнігі, які так і называецца — „Станаўленне i ўмацаванне дзяржаўнага суверэнітэту Рэспублікі Беларусь. 1990-я гг. — пачатак XXI ст.“. А да 136-й старонкі самога слова „сувэрэнітэт“ у дапаможніку проста няма. Ні ў станоўчым, ні ў адмоўным кантэксьце. І на ўсіх папярэдніх старонках марна шукаць належна апісаныя прыклады асобаў і лёсаў рэальных беларускіх незалежнікаў. Калі яны і згадваюцца, то ў якасьці станоўчай рысы ім прыпісваецца ляяльнасьць да камуністычнай дзяржавы. Ужо згаданы плякат „Ленін — стваральнік Беларускай ССР“ канчаткова расстаўляе прыярытэты і фармуе піраміду каштоўнасьцяў: галоўны нацыянальны герой — Уладзімір Ільліч, галоўнае нацыянальнае зьдзяйсьненьне ў разгляданы пэрыяд — БССР. Г. зн. Савецкі Саюз — пункт адліку каштоўнаснай шкалы ды мэнтальная радзіма аўтараў, якія і дзецям Беларусі ХХІ стагодзьдзя ўпарта навязваюць савецкую ідэнтычнасьць.

Праўда, уважлівы чытач наткнецца на яўныя лягічныя нестыкоўкі. На с. 58 апалягетычна заяўляецца:

ССРБ з’яўлялася рэальным прыкладам беларускай нацыянальнай дзяржаўнасці...

І тут жа, на гэтай самай старонцы:

...У савецкай грамадска-палітычнай сістэме, якая ўсталявалася ў БССР, дзяржаўныя функцыі належалі КП(б)Б...

То рэальным прыкладам якой, чыёй дзяржаўнасьці была БССР — беларускай нацыянальнай ці савецкай камуністычнай?

Пра БССР — 17 параграфаў кнігі, г. зн. абсалютная бальшыня. Яе „дзяржаўнасьць“ аўтары згадваюць шматкроць, але пры гэтым схітрыўшыся ніяк не пракамэнтаваць ступень самастойнасьці гэтага адміністрацыйнага ўтварэньня ў складзе камуністычнай імпэрыі (ізноў з сумам згадваю вышэй цытаваны дапаможнік В. Фаміна).

У тэрміналягічным слоўніку ў канцы слова сувэрэнітэт ёсьць: „дзяржáўны суверэнітэт — незалежнасць і самастойнасць дзяржавы ва ўнутранай і знешняй палітыцы, якая не дапускае ўмяшання звонку“. А вось тэрмінаў незалежнасьць і дзяржаўнасьць — няма. У вучня можа ўзьнікнуць хібнае ўражаньне, што сувэрэнітэт і незалежнасьць — сынонімы.

Але акурат гісторыя беларускай дзяржаватворчасьці і незалежніцкай думкі ХХ стагодзьдзя падказвае, што сувэрэнітэт і незалежнасьць ня тоесныя — хаця б таму, што сувэрэннасьць градуальная, яе можа быць больш ці менш, а незалежнасьць не вымяраецца ступенямі, яна як цяжарнасьць — або ёсьць, або няма.