Выбрать главу

Дый БелЭН падказвае: сувэрэнітэт — „незалежнасьць і паўнаўладзьдзе суб’екту дзяржаўна-палітычных і праўных дачыненьняў у прыняцьці рашэньняў у межах сваёй кампэтэнцыі й выкананьні паўнамоцтваў улады“, тут ключавыя словы — „у межах кампэтэнцыі“, г. зн. загадчык гаспадаркі сувэрэнны ў прыняцьці рашэньня, колькі венікаў выдаць удзельнікам суботніку, але на гэтым яго кампэтэнцыя і канчаецца, пакончыць з суботнікамі і вярнуцца да традыцыі талакі ён ня можа.

Невыпадкова да ночы на 25 Сакавіка 1918 году панавала своеасаблівае публічнае табу на слова незалежнасьць. І толькі 25 Сакавіка ўпершыню ў афіцыйным дакумэнце паўнамоцнага беларускага органу зьяўляецца слова незалежнасьць, акрэсьліваюцца межы і лад незалежнай дзяржавы сучаснага тыпу. Гэта ж фантастычна адважны, стратэгічны, далёкасяжны крок тагачасных беларускіх лідэраў — парваць з імпэрыяй, неістотна, царскай ці бальшавіцкай, і з паўтаравекавой акупацыяй, якая маскавала сябе фармальным уключэньнем беларусаў у паноўны імпэрскі „рускі“ народ. Але я не знайшоў у адпаведных разьдзелах дапаможніка намёкаў на пабуджэньне мысьліць нацыянальнымі інтарэсамі пры ацэнцы падзеяў і чыннасьці тых нашых продкаў

Дзеля аб’ектыўнасьці зазначу, што можна знайсьці тэрмін „незалежнасьць“ у дачыненьні да ССРБ у дакумэнтальных цытатах 1919–1920 гадоў (калі яшчэ не было СССР — але ўсё адно была камуністычная вэртыкаль улады Масквы). Але потым ён зьнікае — не ў падручніку, а ў жыцьці.

Гэтаксама невыпадкова ў 1980-я гады ўжываць азначэньне „незалежная“ ў дачыненьні да Беларусі было забаронена. Словы Незалежная Беларусь выклікалі ўтрапеньне сатрапаў, але былі жаданаю мараю ў думках маладых адраджэнцаў.

А „сувэрэнная“ — калі ласка. У Канстытуцыі БССР 1978 году ёсьць „глава 7“ „Беларуская ССР — саюзная рэспубліка ў складзе СССР“, і ў ёй артыкул 68: „Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка — суверэнная савецкая сацыялістычная дзяржава“. А каб не было сумневаў у такім „сувэрэнітэце“, ніжэй ясна тлумачыцца: „Артыкул 75. Суверэнныя правы Беларускай ССР у адпаведнасці з Канстытуцыяй СССР ахоўваюцца Саюзам ССР“. І дадамо, што права і мэханізму выхаду з таго Саюзу „сувэрэнная“ БССР ня мела. Слова ж „незалежнасьць“ у той канстытуцыі не было зусім.

Лексычны казус „сувэрэнітэт vs незалежнасьць“ адлюстраваўся і ў двух этапах юрыдычнага афармленьня новай беларускай дзяржаўнасьці. 27 ліпеня 1990 году была прынятая Дэклярацыя аб дзяржаўным сувэрэнітэце БССР, якая і абвяшчала гэты самы „поўны дзяржаўны сувэрэнітэт Рэспублікі Беларусь як вяршэнства, самастойнасьць і паўнату дзяржаўнай улады рэспублікі ў межах яе тэрыторыі“. Але дзяржаўную незалежнасьць сьцьвярджалі ўжо толькі дакумэнты, ухваленыя падчас рэвалюцыйных падзеяў жніўня і пазьнейшых месяцаў 1991 году.

У дапаможніку, як лёгка здагадацца, гэтых „тонкасьцяў“ няма, затое палову старонкі 137, дзе ідзецца пра пераломныя падзеі 1991 году, займае сюжэт „новага Саюзнага дагавору“ СССР, якога нібыта Беларусь дамагалася. Ідэю захавання СССР як абноўленай федэрацыі раўнапраўных суверэнных рэспублік падтрымала большасць грамадзян БССР, якія ў сакавіку 1991 г. удзельнічалі ў рэферэндуме — усенародным галасаванні, – пішуць аўтары, не заўважаючы, што гэта тая самая „большасьць“, якая раней нібыта галасавала за „непарушны блёк камуністаў і беспартыйных“. Усе ідэі „абноўленага Саюзу“ імгненна рассыпалася ў пыл з развалам таго самага СССР і ня вартыя каштоўнай плошчы падручніка.

А мо аўтары маюць нейкую рэкамэндацыю намякаць на захаваньне колішняй савецкай прасторы? Чым яшчэ патлумачыць, што трэць стратэгічна важнага для фармаваньня беларусацэнтрычнага погляду на сваю гісторыю і  сваю дзяржаву § 27 „Станаўленне дзяржаўнага суверэнітэту“ —  цэлая старонка — адведзена даўно мёртваму сымулякру СНД, няхай сабе яго стварэньне і было на той момант каньюнктурным псэўданімам канчатковага распаду імпэрыі?

Чакалася б, што ў дапаможніку будуць цытаты, а яшчэ лепш — фатакопіі ўсіх галоўных беларускіх незалежніцкіх дзяржаватворчых дакумэнтаў. Добра, што аўтары цытуюць Дэклярацыю 1990 году. Зусім не цытуюць Закон ад 25 жніўня 1991 году. Наагул гэтая дата — рэальна паваротная для здабыцьця рэальнай незалежнасьці — у кнізе не ў фаворы, яе няма ў лінейнай табліцы гістарычнага часу (164). І ўрэшце ня проста дрэнна, а мэтадычна правальна не цытаваць Трэцюю ўстаўную грамату БНР.