Выбрать главу

Але мо гэта ня дзіўна. Замест аднаўленьня прысутнасьці спадчыны БНР у сьвядомасьці новага пакаленьня, асэнсаваньня лініі пераемнасьці зь незалежнікамі папярэдніх эпох падручнік прапануе вось такую сацыялягічную аксіёму:

У часткі сучаснага грамадства моцна адчуваецца настальгія па былым СССР, распад якога яны лічаць найбуйнейшай геапалітычнай катастрофай ХХ ст., што змяніла расклад палітычных сіл ва ўсім свеце (138).

Але гэта зусім ня думка сучасных беларусаў. Гэта ж даслоўная цытата Пуціна з 2005 году, якая падводзіла базу пад аднаўленьне расейскай імпэрскай палітыкі на постсавецкай прасторы! Паводле ўсіх — незалежных і залежных — апытаньняў доля жыхароў Беларусі, якія хочуць аднаўленьня СССР, вымяраецца штораз меншай, апошнім часам адназначнай лічбай. А ў Расеі настальгія па СССР у разы большая і расьце. То ў якой краіне мэнтальна знаходзяцца аўтары?

Апалёгія камунізму і набор стандартных савецкіх штампаў

Пра бескрытычнае прыманьне і ўхваленьне камунізму і выкарыстаньне яго навамовы ў дапаможніку я ўжо сказаў нямала. Але паколькі зьява сыстэмная, то сыстэматызую.

Ужо ад пачатку курсу ў галаву вучню ўкладаюць аксіёму і аксіялёгію: Кастрычніцкая рэвалюцыя 1917 г. паклала пачатак новаму — савецкаму — этапу пераўладкавання беларускага грамадства. Яго задачы былі звязаны з забеспячэннем умоў для пераходу ад традыцыйнага (аграрна-рамеснага) да індустрыяльнага грамадства (10). — Але той самы пераход ажыцьцявілі ўсе краіны рэгіёну ў той час — і Польшча, і Эстонія, і Фінляндыя, і Чэхаславаччына... І там гэта не вымагала савецкага ладу. Г. зн. увядзеньне камуністычнага ладу штучна апраўдваюць эканамічнымі патрэбамі, хоць папраўдзе патрэбы бальшавікоў былі найперш палітычныя.

Ленін у кнізе ня толькі лідэр упамінаньняў, але і ўвасабленьне пазытыву, а ягоныя ідэі не падлягаюць крытычнаму разгляду. Прыклад: Ён як кіраўнік савецкага ўрада лічыў, што любая нацыя мае права на тую форму дзяржаўнасці, якую лічыць для сябе прымальнай. Такім чынам, за беларускім народам прызнавалася права на нацыянальнае самавызначэнне і самастойнае дзяржаўнае існаванне. — Ці ж не ідэал? На плошчы Леніна трэба тэрмінова ставіць помнік Леніну — беларускаму незалежніку.

Але мы, тыя, каму некалі ў галаву ўбівалі камуністычную мудрасьць, памятаем Ленінаву канцэпцыю дзьвюх антаганістычных нацыяў у адной. І „права на самавызначэньне“ Ленін дае ня ўсёй нацыі, а толькі яе „правільнай“ частцы. „А паразитам — никогда!“© Зрэшты, сказанае супярэчыць праўдзівай тэзе ў іншым месцы таго самага падручніка:  „Рашэнне аб стварэнні беларускай савецкай дзяржавы прымалася цэнтральным партыйным кіраўніцтвам зыходзячы перш за ўсё з палітычных меркаванняў“. (19) А зусім не таму, што беларускі народ хацеў рэалізаваць сваё права на самавызначэньне. Ён хацеў гэтага няправільна, празь некамуністычную БНР.

Аўтары кніжкі гуляюць з агнём, калі побач  ужо разьліты бэнзын імпэрскага рэваншу. Сёньня ў вуснах Пуціна Сталін — ідэоляг новага расейскага імпэрыялізму (лягічна, бо ён быў ідэолягам і практыкам расейскага імпэрыялізму папярэдняй вэрсіі). А вучань, чытач падручніка гісторыі Беларусі, выносіць зь яго ўражаньне, што менавіта Сталін быў галоўным пасьля Леніна рупліўцам пра беларусаў. Дык што перашкаджае зрабіць наступны лягічны крок — заявіць, што ў адноўленай расейскай імпэрыі зь яе нэакультам Сталіна беларусам будзе цёпла і ўтульна?

Пра што б ні ішлося пры апісаньні БССР — канечне ўзгадваецца Ленін  або Сталін.

У гады нэпа ў беларускай вёсцы праходзіла кааперацыя сялянскіх гаспадарак. Яна мела такія формы, як гандлёвыя кааператывы, таварыствы па сумеснай апрацоўцы зямлі, што адпавядала распрацаванаму У. I. Леніным кааператыўнаму плану.

Але гэтыя формы каапэрацыі безь ніякага Леніна працьвіталі ў Даніі ці Літве таго часу. І калі ў Беларусі той жа Прышчэпаў вымушаны быў, як нашыя аўтары падручніка ў савецкі час, кожную ідэю і кожнае слова абгрунтоўваць Ленінавай цытатай, то цяпер гэта навошта? Каб убіць у галовы дзяцей думку, што Ленін геній?

Вучнм даюць заданьне параўнаць „ленінскі кааператыўны план і сталінскі план суцэльнай калектывізацыі сельскай гаспадаркі. Вызначце, які з гэтых планаў дазваляў ажыццявіць ідэю паступовага добраахвотнага пераводу сельскай гаспадаркі з індывідуальнага на калектыўны характар вытворчасці“. (39) Мала таго, што ў пытаньні закладзена пазытыўная канатацыя — выяўляецца, маўляў, бальшавікі плянавалі нешта добраахвотнае і паступовае. Галоўнае ж — вучнёўскую гістарычную сьвядомасьць гвалтам абмяжоўваюць савецкай прасторай. Чаму не параўнаць тое, што ўчынілі бальшавікі зь сельскай гаспадаркай Беларусі, з прышчэпаўскім плянам і/або з сытуацыяй у Літве, любімай Прышчэпавым Даніі? Відаць, таму, што ў мазгах аўтараў сядзіць масквацэнтрычнае бачаньне Беларусі.