Выбрать главу

„Харошы“ Ленін рэгулярна фігуруе ў такіх быццам бы скіраваных на самастойную аналітыку пытаньнях: Параўнайце ленінскі і сталінскі планы аб’яднання савецкіх рэспублік. Які з планаў, на вашу думку, найбольш адпавядаў інтарэсам беларускай савецкай дзяржавы? (44). Г. зн. быў нейкі добры плян Леніна — які, што праўда, роўна як і задума сталінскага пляну, прывёў да аднаўленьня Расейскай імпэрыі ў выглядзе імпэрыі камуністычнай.

А што такое „інтарэсы беларускай савецкай дзяржавы“? Фікцыйнае ўтварэньне пад жорсткім кіраваньнем камуністычнай партыі не магло мець „дзяржаўных інтарэсаў“. Інтарэсы меў толькі беларускі народ — якая палітыка дазваляла з большай імавернасьцю фізычна і нацыянальна выжыць.

Нават цытаты герояў адпаведна падабраныя:

Партыя Леніна — Сталіна выхавала мяне ўпарта працаваць на карысць любімай Радзімы... (К. Арлоўскі)

Крытыцы амаль не падлягаюць ня толькі Ленін-Сталін, але і камуністычная партыя ў цэлым.

…Нэп дазволіў у кароткія тэрміны аднавіць зруйнаваную вайной гаспадарку. Прычынамі гэтага сталі ўлік эканамічнага патэнцыялу таварна-грашовых адносін і матэрыяльная зацікаўленасць працоўных у выніках сваёй працы.

Здавалася б, важнае прызнаньне таго, што ў падсавецкай Беларусі ўсё адно нармальна працавалі традыцыйныя рынкавыя стымулы эканамічнай актыўнасьці,  а значыць, зьявіўся шанец на дабрабыт.  Але чытаем далей:

Аднак асноўная частка насельніцтва — рабочыя і сяляне, якія складалі апору савецкай улады, — засталася незадаволенай вынікамі новай эканамічнай палітыкі. Яна прывяла да ўзбагачэння нешматлікіх нэпманаў (так называлі тагачасных прадпрымальнікаў). З дасягненнем даваеннага ўзроўню вытворчасці ўлады пачалі паступовае згортванне нэпа.

Г. зн. аўтары робяць спробу перавесьці адказнасьць за спыненьне больш-менш адэкватнай эканамічнай палітыкі, за поўнае зьнішчэньне рынку і прыватнай уласнасьці з камуністычнай партыі на... народ! на мітычных „рабочых і сялян“ — быццам бы ў той час былі свабодныя выбары і адпаведна залежнасьць улады ад грамадзкай думкі.

Паказальна, як з гледзішча крамлёўскага інтарэсу камэнтуюць аўтары Ленінава рашэньне спыніць гульні зь беларусамі і забраць бальшыню абяцаных беларускай савецкай рэспубліцы земляў назад у Расею: „У сярэдзіне студзеня 1919 г. бальшавіцкае кіраўніцтва ў Маскве прыняло рашэнне аб уключэнні Віцебскай, Магілёўскай і Смаленскай губерняў у склад РСФСР. Такое рашэнне было прадыктавана ў першую чаргу прычынамі эканамічнага характару. Для савецкай улады было важным выкарыстанне гаспадарчых сувязяў заходніх губерняў з цэнтрам (Масквой). Акрамя таго, у кіраўніцтве РКП(б) меркавалася, што ў сувязі з небяспекай з боку Польшчы далучаныя губерні змогуць стаць асновай для аднаўлення беларускай дзяржаўнасці“ (23). Пералічваюцца маскоўскія аргумэнты (у згадцы пра нязгоду з гэтым перадзелам беларускіх камуністаў іхных аргумэнтаў няма). Вось жа крыўдаваць няма на што, вам жа, беларусам, лепей: гаспадарчыя сувязі з Масквой захоўваюцца, а частку забранага, можа быць, калісьці і аддамо (гісторыя пацьвердзіла: аддалі ў БССР толькі частку).

А наагул развагі пра „рэальную“ беларускую дзяржаўнасьць у складзе СССР небяскрыўдныя. Беларусь ня мела ні каліва сувэрэнітэту ў імпэрыі. VIII зьезд ВКП(б) замацаваў палажэньне пра цэнтралізаваную партыю, якая і была адзінай і татальнай уладай у савецкай псэўдафэдэрацыі. Нельга хлусіць новаму пакаленьню пра цэлую эпоху гісторыі свайго народу.

Яскравая сэмантычная ілюстрацыя тае дзяржаўнае „самастойнасьці“. Сярэдзіна 1930-х гадоў была часам павароту да сталінскай дыктатуры і цэнтралізаванай гаспадаркі ў маштабах СССР, калі зьнішчалі пад корань апошніх „ворагаў“, у тым ліку „нацдэмаў“, а пагатоў прыватную гаспадарку. Але чытаем: „У 1935 г.  за поспехі ў эканамічным развіцці БССР была ўзнагароджана ордэнам Леніна“. Па-першае, якія посьпехі, які ўзровень жыцьця? А па-другое, узнагароджаньне ордэнам, хоць сабе і Леніна, нібыта незалежнай беларускай дзяржавы — дзіўны рытуал зьніклай трыццаць гадоў таму нэафэадальнай імпэрыі для яе калёніяў.

Падручнік „Грамадазнаўства“ (10 кл., 2009) правільна задаваў рытарычнае пытаньне:

Чаму ж у савецкі час яўка на выбарчыя ўчасткі была амаль стопрацэнтнай, а ў дэмакратычных грамадствах яўка бывае вельмі нізкай? (158–159)