Выбрать главу

А ў разгляданай кнізе зноў бачым тое, што і ў праславутай кнізе Я. Новіка (10 кл., 2012):

22 кастрычніка 1939 г. прайшлі выбары ў Народны сход Заходняй Беларусі. Ён адбыўся ў Беластоку 28—30 кастрычніка 1939 г. Дэпутаты прынялі Дэкларацыю аб усталяванні савецкай улады ў Заходняй Беларусі і рэзалюцыю «Аб уваходжанні Заходняй Беларусі ў склад БССР»“.

Добра, што прынамсі няма слова „аднагалосна“. Але пра мэтады бальшавіцкай арганізацыі такіх „выбараў“ і „сходаў“ аўтары мелі маральны абавязак сказаць. І ані слова пра дэпартацыі!

Апалёгія камунізму вымагае апраўданьня нават катла ў пекле: Пачаўся спад вытворчасці прадуктаў харчавання. Для забеспячэння імі насельніцтва была ўведзена сістэма талонаў. — Здавалася б, ясна. Крах сыстэмы надышоў, гістарычная параза засьведчана. І ўсё ж аўтары вырульваюць: Аднак у параўнанні з іншымі савецкімі рэспублікамі БССР лічылася адной з лепшых у плане задавальнення патрэб насельніцтва харчовымі і прамысловымі таварамі (116).

А гэта, відаць, спроба адраснага звароту да сучасных 14-гадовых, каб уявілі сваіх раўналеткаў у той эпосе і прасякнуліся яе атмасфэрай?

„Камсамол з’яўляўся масавай арганізацыяй, што аб’ядноўвала большасць маладых людзей ва ўзросце ад 14 да 28 гадоў... Ад камсамольцаў патрабаваліся ўзорная праца і добрасумленная вучоба, адданасць ідэям Камуністычнай партыі, актыўнасць жыццёвай пазіцыі. Большасць з іх успрымалі сваю дзейнасць як служэнне Радзіме. Таму энтузіязм і натхненне былі адметнай рысай камсамольскага жыцця“.

Аўтары спадзяюцца, што гэтая траскучая нафталінавая дэмагогія зачэпіць падлеткаў XXI стагодзьдзя? Сказ пра тое, што ЛКСМБ быў узнагароджаны ордэнам, — ён для чаго? якую інфармацыю і эмоцыю ён нясе сучасным дзецям, перад якімі адкрыты шырокі сьвет сеціва?

На гэтую ж тэму — чарговае пытаньне ў стылі „Скажи-ка, Вовочка…“: Чаму ў жыцці беларускай савецкай моладзі вызначальную ролю адыгрываў камсамол?

А крытычна настроены падлетак, які ведае больш, чым напісана ў падручніку і БРСМаўскіх мэтадычках, абавязкова папросіць жа доказы таго, што  моладзь тых гадоў была аднароднаю пракамуністычнаю масаю.

Але мала камсамолу. На галовы сучасным дзецям трэба вываліць увесь набор штампаў, якімі калісьці спрабавалі штампаваць мазгі нам. За гэты сказ адчуваю гішпанскі сорам:

Сацыялістычнае спаборніцтва было прынята працоўнымі з энтузіязмам, хоць яно i суправаджалася, як правіла, пераглядам нормаў выпрацоўкі ў бок іх павелічэння і зніжэннем платы за атрыманую прадукцыю. Людзі разумелi неабходнасць гэтага, жылі і працавалі з верай у светлую будучыню.

Ці маюць аўтары вынікі сацыялягічных апытаньняў? Ці мераў нехта энтузіязм беларускіх рабочых, якіх банальна эксплюатавала камуністычная дзяржава?

Натуральна, бывалі наіўныя юнакі і дзяўчаты з затуманенымі прапагандай мазгамі, але работнікі сталага веку, якія памяталі, што такое плата па ўмове, пагаджаліся гуляць у прапагандысцкія гульні або са страху, або спадзеючыся на ласку ўсемагутных камуністычных чыноўнікаў пры разьмеркаваньні сьціплых дабротаў. Гісторык Ігар Пушкін нагадвае:

„...Сацыялістычнае спаборніцтва па-рознаму ўспрымалася насельніцтвам. 3 аднаго боку, гэта – энтузіязм працоўных, накіраваны на павышэнне вытворчасці працы..., а з другога – назіраўся скептыцызм і недавер, неразуменне сутнасці спаборніцтва: “Не жадаем уступаць у спаборніцтва, не навязвайце нам”, “Няма масла, няма сала, а вы нам тлумачыце аб спаборніцтве”. Беларусы. Т. 4: Вытокі і этнічнае развіццё . С. 350. (Гл.: І. А. Пушкін. Грамадская і культурна-асветніцкая дзейнасць нацыянальных меншасцей у Беларускай ССР (1919–1991). Манаграфія. — Магілёў: МДУХ, 2018.)

То дзе аб’ектыўнасьць у падачы неадназначнай гістарычнай зьявы?

Не абышлося бяз згадкі савецкай канстытуцыі. Аднак супастаўленьня яе нормаў і рэальнага жыцьця ў кнізе прадказальна няма.

Чытаючы дапаможнік, з болем углядаю знаёмыя штампы савецкіх газэтных перадавіц:

У 1972 г. імянны трактар «Беларус» з заводскім нумарам 1 000 000 па даручэнні П. М. Машэрава быў уручаны славутаму механізатару саўгаса «Лагаза» Лагойскага раёна Надзеі Іванаўне Куніцкай (1925—2009). Годам раней П. М. Машэраў уручыў ёй зорку Героя Сацыялістычнай Працы. А потым завітаў у гаспадарку, дзе яна была механізатарам, і пацікавіўся, як працуецца на імянным трактары. (115)

Сюжэт займае паўстаронкі (няхай мне пасьля ня кажуць, што аўтары мелі выдатныя ідэі, але для іх не знайшлося месца ў кнізе). Ён павінен ілюстраваць тэму...  „Разьвіцьцё сельскай гаспадаркі“ ў 1960—80-я гады! Тэма неадназначная, вучні мусілі б задумацца, ці ўдалося камуністычнай уладзе знайсьці альтэрнатыву натуральнай матывацыі прыватнага ўласьніка, чаму аграрная галіна Беларусі — прытым, што яна была ў ліку найлепшых у Савецкім Саюзе, — безнадзейна адставала ад сельскай гаспадаркі свабодных краін падобнага кліматычнага поясу. Але замест гэтага — іньекцыя патэрналісцкай матрыцы. Добры ўладар асабіста задбаў пра адну работніцу, і таму ёй выдалі ня толькі мэдалік, а і адносна якасную тэхніку, і было ёй шчасьце з рукі правадыра. Гэтую паўночнакарэйскую карцінку прапануюуь вучням замест таго, каб яны задумаліся: чаму камуністычны лад не стварыў умовы сотням тысяч сялян працаваць на ўласнай зямлі без прыганятых і зарабляць ня колішнія працадні і мэдалькі, а нармальныя грошы — на столькі трактараў, колькі ім патрэбна.