Выбрать главу

Адбельваньне камунізму, боязь сказаць пра яго галоўныя хібы — брак дэмакратыі, таталітарнае валадараньне, ігнараваньне законаў чалавечай псыхалёгіі, у тым ліку матывацыі для працы на сябе, і падмену іх штучнай ідэалёгіяй — праходзіць праз усю кнігу.

Прычынай дэфіцыту тавараў шырокага спажываньня ў канцы 1970-х — пачатку 1980-х гг. названа „больш хуткае развіццё цяжкай прамысловасці ў параўнанні з лёгкай, арыентаванай на вытворчасць тавараў народнага спажывання“ (115). І чаму ж такой праблемы не бывае ў краінах з рынкавай эканомікай? Куды ў нас падзеліся дынамічныя дробныя вытворцы, якія ў немалой ступені запаўняюць гэты рынак? Што лепей — самарэгуляцыя ці валявыя рашэньні непаваротлівага, абцяжаранага ідэалягічнымі задачамі і да крайнасьці мілітарызаванага (таму і цяжкая прамысловасьць у прыярытэтах) цэнтру, да таго ж разьмешчанага ў далёкай імпэрскай сталіцы? Гэтымі пытаньнямі вучань зможа задацца толькі сам, супаставіўшы прачытанае з пачутым ад сваіх старэйшых сямейнікаў пра сытуацыю перад 1990-мі.

Сыстэматычна аўтары прыпісваюць нашаму народу нейкія масавыя аблуды:

Адлюстраваннем пачуцця патрыятызму савецкага чалавека было стаўленне большасці беларускага насельніцтва да ўводу савецкіх войскаў у Афганістан у 1979 г. Такое рашэнне ўспрымалася як выкананне інтэрнацыянальнага абавязку і тлумачылася неабходнасцю дапамогі паўднёваму суседу СССР у барацьбе за самастойнае развіццё.

Беспадстаўная, нічым не пацьверджаная, крыўдная для маральнасьці і розуму беларусаў заява. Яшчэ і вуснае паведамленьне прапануюць падрыхтаваць з красамоўнай назвай «Беларускія „афганцы“: выкананне інтэрнацыянальнага і канстытуцыйнага абавязку перад Радзімай».

Тут не ратуе нават тлумачэньне: Насамрэч гэта была падтрымка савецкім кіраўніцтвам тагачаснага палітычнага рэжыму ў Афганістане (109) — большасьць з нас выдатна гэта разумела і тады, што б ні трубіла прапаганда. А чарада „цынкавых хлопчыкаў“, якая выклікала спагаду і вусьціш, была адным з найбольш красамоўных доказаў надыходу гістарычнага канца савецкай імпэрыі.

Масквацэнтрызм

Несумненна, што пра Расею ў падручніку найноўшай гісторыі даводзіцца гаварыць шмат, бо ў межах разгляданага часу ажно 69 гадоў мы былі пад яе ўладай. Але гэта можна рабіць па-рознаму.

Скажам, гаворачы пра абавязак беларусаў служыць у Савецкай арміі, нагадаць, што тым самым яны ня толькі праяўлялі гераізм у савецка-нямецкай вайне, але вымушаны былі на патрэбу расейска-савецкага імпэрыялізму ўдзельнічаць і масава гінуць у ганебнай фінскай авантуры, спрычыніцца да здушэньня паўстаньняў за свабоду вугорскага народу ў 1956 годзе і чэхаў ды славакаў у 1968-м. А не паўтараць прапагандысцкія байкі пра 23 лютага.

Хто „мы“ і хто „яны“? Вось цытата высокапастаўленага савецкага кіраўніка: «Мае „не“ яны чулі нашмат радзей, чым я іх „ноў“, бо мы рабілі нашмат болей прапаноў». Камэнтароў ад аўтараў няма, яны называюць маскоўскага чыноўніка беларускага паходжаньня Грамыку „славутым земляком“. Значыць, мы па-ранейшаму разам з Масквой належым да савецкай прасторы, а Захад для нас — гэта чужыя, а то і варожыя „яны“? Вяршыня кар’еры — Масква, той, хто туды прабіўся, варты захапленьня незалежна ад таго, як прабіўся і што рабіў. Як іначай патрактаваць апалёгію: У Гомелі ўстаноўлены бюст нашага славутага земляка, а яго найважнейшыя дыпламатычныя прынцыпы складаюць ядро сучаснай знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь. — І якія ж прынцыпы ў чалавека, які ўвасабляў савецкую замежную палітыку Халоднай вайны? Вечнае Nyet? Процістаяньне цывілізаванаму сьвету? Задушэньне Праскай вясны ў 1968 годзе, удзел у рашэньні аб акупацыі Афганістану таксама служаць узорам прынцыпаў для сучаснай замежнай палітыкі Беларусі? Ці проста сілы не хапае — іншая рэч імпэрыя, было як разгарнуцца...