Выбрать главу

Чамусьці падкрэсьлена, што рэстаўрацыю Берасьцейскай фартэцыі  фінансуюць коштам „саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі“. Лягічна было б чакаць, што і пра спонсараў іншых адноўленых/адрэстаўраваных гістарычных аб’ектаў будзе сказана. Напр., каменя Луцкевічаў — і пра сам камень варта было б згадаць у сувязі з апісаньнем падзеяў вакол БНР, у любой іншай дзяржаве зь цяжкім шляхам да незалежнасьці падобныя аб’екты былі б у падручніках і ў маршрутах школьных экскурсіяў.

Брак пасьлядоўнасьці. Лягічныя абрывы і правалы

На жаль, прысутнасьць фрагмэнтаў несавецкага дыскурсу і асобных беларусацэнтрычных момантаў — лякальная. Яны нават выглядаюць чужародна ў асноўным масіве тэксту, бо ня маюць лягічнага разьвіцьця.

У асьвятленьні лёсу БНР, хоць вельмі сьціслым, заўважны зрух у бок аб’ектыўнасьці і беларусацэнтрычнасьці у параўнаньні з кніжкай Я. Новіка. Але ў выкладзе гісторыі Беларусі XX стагодзьдзя — як чакалася б, у апісаньні шляху краіны і народу да Незалежнасьці — сюжэт БНР так і застаўся ізаляванай рэччу ў сабе. Хоць у рэальнасьці менавіта БНР, а не БССР, была пунктам адліку для незалежніцкіх сілаў цягам усіх наступных паваротаў беларускай гісторыі.

У 1991 і наступных гадах фракцыя БНФ у Вярхоўным Савеце з падтрымкай „вуліцы“ невыпадкова дамагалася замацаваньня пераемнасьці новай беларускай незалежнай дзяржаўнасьці ў канстытуцыйных законах — у жорсткай барацьбе з камуністычна-намэнклятурнай большасьцю ВС. У выніку згадак пра пераемнасьць не было ані ў дэклярацыі і законе 1990 і 1991 гадоў, ані ў Канстытуцыі 1994 году — тут канкрэтна дэпутат Лукашэнка настойваў на максымальным скарачэньні прэамбулы з адсылкамі.

Ясна, што нічога гэтага ў тэксьце няма. А між тым пераемнасьць — найважнейшы фактар і праўнага статусу дзяржавы, і адчуваньня ідэнтычнасьці яе грамадзян.

Між іншага, 12 ліпеня 1918 г. Народны Сакратарыят БНР выдаў пастанову аб спыненьні дзеяньня дэкрэтаў савецкае ўлады на тэрыторыі Беларусі. Таму падводзіць вучняў да думкі, быццам камуністычная заканадаўчая прастора з канца 1917 году захоўвала ў нас бесьперапыннасьць і легітымнасьць менавіта зь беларускага гледзішча, — значыць уводзіць іх у аблуду.

ВЫСНОВЫ

Я хачу, каб школьны падручнік гісторыі Беларусі даваў адказ на пытаньні, якімі задаецца беларускі падлетак XXI стагодзьдзя: да якой супольнасьці я належу — да звычайнага, нармальнага сярэднеэўрапейскага народу ці да нейкай эўразійскай постсавецкай масы? Ці можам мы калі не ганарыцца нашай гісторыяй, то прынамсі не саромецца яе?

Але падручнік не дае адказу на гэтыя пытаньні, а заблытвае іх. Эпоха распаду імпэрыяў і нараджэньня (адраджэньня) новых дзяржаўных нацыяў быццам бы не пра нас. Самае галоўнае — з тэксту не вынікае суб’ектнасьць беларускае нацыі, пераемнасьць беларускага нацыянальнага руху. У цэнтры падзеяў — Масква. Яна прымае рашэньні, яна прысылае кіраўнікоў, яна забараняе і дазваляе, кідае на волю лёсу ў 1941 і „вызваляе“ ў 1944. Мы ў складзе „савецкага народу“ — у яго прывялі нават жыхароў Заходняй Беларусі  ў 1939 годзе.

Адна з каштоўнасных высноваў, якія мусілі б вынесьці вучні з спасьціжэньня найноўшай гісторыі краіны, была б — „ніколі больш таталітарызму“. Але сарамліва замоўчаныя нават даты сьмерці абсалютнай бальшыні беларускіх дзеячоў першай паловы ХХ ст. А я хацеў бы не бязьлюднага і бесьсюжэтнага Soviet-style схематызму, а захапляльнай гісторыі (у эсэістычным, калі заўгодна, сэнсе) пра тое, як ідэя беларускай незалежнай дзяржаўнасьці, увасобленая ва ўчынках, гераізьме і ахвярнасьці выбітных людзей, цягам стагодзьдзя прабівала і прабіла-такі сабе дарогу ў цяжкіх, пераважна жахлівых умовах падзелаў паміж чужымі, пад таталітарнай уладай.

У падручніку быццам сьвядома скрэсьлены рэгіянальны кантэкст, повязі беларусаў з народамі-суседзямі падобнага гістарычнага лёсу. Адна суцэльная Масква. Толькі на ўстаноўчых мапах вычытваем нешта пра „буржуазныя ўрады“ Літвы, Латвіі, Польшчы — і гэта пра 1919—1920 гады! Якому паняцьцю тут проціпастаўляецца эпітэт „буржуазны“ — прытым што ў пераважнай бальшыні новых дзяржаваў рэгіёну пры ўладзе спачатку былі або пераважалі сацыял-дэмакраты, што праўда, не бальшавіцкага разьліву? А дзе кантакты, сувязі, канфлікты, супастаўленьні паміж беларускім і літоўскім, украінскім, латыскім нацыянальна-дзяржаўнымі рухамі? Дзе хоць слова пра беларускія вайсковыя часткі ў складзе ліоўскага войска, пра ўдзел Эстоніі ў фармаваньні збройных сілаў БНР, пра дапамогу Украінскай Народнай Рэспублікі, у тым ліку грашовую, маладой незалежнай беларускай дзяржаве? Гэтага ўсяго для чытача дапаможніка няма, над намі цягам апісанага пэрыяду — толькі непазбыўная Масква, якая толькі памяняла свой палітычны колер.