Спрабую зразумець матывы каньюнктурнасьці — і не разумею. Добра, калі ідзецца пра сучаснасьць і жывых, пагатоў пры ўладзе, сучасьнікаў, — можна патлумачыцца матывам „каб жа нікога не пакрыўдзіць“ і тым адвесьці ад сябе падазрэньні ў куды менш маральных матывах. Але ўсё ж добры падручнік найноўшай гісторыі — такі, які пасьля чарговых выбараў і палітычных зьменаў аўтары мусяць толькі дапаўняць новымі параграфамі пра новыя падзеі, а не перапісваць старыя разьдзелы. Іначай будзе вельмі сорамна.
І пагатоў незразумела, чаму пры апісаньні ўжо добра прамінулых падзеяў аўтары быццам азіраюцца на нябачнага крамлёўскага цэнзара. Няўжо ён дагэтуль стаіць над імі?