Беларуская ж праграма саветацэнтрычная. Гэта праяўляецца і ў тым, якія тэмы ня трапілі пад разгляд — найперш несавецкая беларушчына. Няма зусім тэмаў беларускай эміграцыі (а яна налічвала некалькі мільёнаў чалавек), беларускіх этнічных групаў па-за дзяржаўнымі межамі БССР / Рэспублікі Беларусі. Але разгледзім тое, што ў падручніку ёсьць, і высьветлім, ці творча паставіліся аўтары да рамак праграмы.
Што ўбачаць вочы „пакаленьня Z“
Выгляд падручніка задае танальнасьць яго ўспрыманьня, ярархію каштоўнасьцяў, сьветапоглядны стрыжань. Памятаю, як я, школьнікам, прынесшы дахаты стос кніг для наступнага навучальнага году, зь піетэтам і заінтрыгавана гартаў і нават нюхаў новыя падручнікі, разглядаў вокладкі і форзацы, выявы і мапы.
Да таго ж пасьля некалькіх стагодзьдзяў панаваньня пісанага/друкаванага тэксту настала аўдыёвізуальная эпоха. Бачныя вобразы ўплываюць на сьвядомасьць ня менш моцна, чым тэкст. Наагул цяперашняе пакаленьне інтэрнэту і сетак выдатна ўспрымае лічбы, графікі, усякія візуалізацыі лічбавых зьвестак. Але такога ў кнізе мізэрная колькасьць.
Вось цяперашні дзевяціклясьнік разгортвае дапаможнік з роднай гісторыі. І бачыць на першым форзацы дзьве мапы — квінтэсэнцыю апісанай эпохі. Першая называецца „Утварэнне ССРБ і ССР Літвы і Беларусі“. БНР на ёй няма, і Ўкраіны няма, толькі „Ўкраінская ССР“ (пры ўсёй дынамічнасьці зьменаў у тую эпоху), затое ёсьць фантомная буфэрная бальшавіцкая аднадзёнка ЛітБел і нейкія чамусьці названыя „буржуазнымі“ ўрады Латвіі, Літвы і Польшчы (як быццам УНР і БНР былі менш „буржуазныя“) — г. зн. зь першай жа старонкі аўтары валявой рукой усаджваюць вучня ў савецка-камуністычную парадыгму ўспрыманьня гісторыі.
Потым у падручніку ня раз „буржуазнае“ і „капіталістычнае“ будзе проціпастаўляцца „нашаму“ — г. зн. савецка-камуністычнаму, прытым што дэфініцыі абодвух эпітэтаў няма ані ў тэксьце, ані ў слоўніку ў канцы.
Другая мапа — „Беларусь паводле ўмоваў Рыжскага мірнага дагавору. Узбуйненне БССР у 1924 і 1926 гг.“. На ёй таксама няма сьлядоў БНР, няма абшару Слуцкага збройнага чыну, няма Сярэдняй Літвы (буфэрнай дзяржавы, якая была рэальнай і зь беларускім складнікам — адрозна ад ЛітБелу) — заўважма, што ўсе названыя фэномэны зьвязаныя зь несавецкай беларушчынай; не пазначана адданьне РСФСР Вяліскага, Невельскага і Себескага паветаў, затое абрысавана „тэрыторыя, спрэчная паміж Літвой і Польшчай“.
Гартаем далей. Добра, што ўкладальнікі традыцыйна зьвярнуліся да жывапісу: для многіх вучняў менавіта рэпрадукцыі ў школьных падручніках — адзіная магчымасьць уведаць жывапісныя вобразы, якія ўвасабляюць дух гісторыі краіны. Пагатоў нашыя славутыя несацрэалістычныя мастакі Драздовіч і Шагал пакінулі арыгінальныя запамінальныя палотны. У кнізе яны заслужылі кожны па адным творы (Драздовіч — маленькую рэпрадукцыю графічнага аўтапартрэта). Сергіевіч хоць згадваецца, але на творы ягоныя не хапіла месца. А наколькі б яны ўзбагацілі пэрцэпцыю гісторыі Беларусі! Мо іх няма таму, што яны ў несавецкай традыцыі?
Першы жывапісны твор у кнізе — аўтарства Н. Воранава — тыповы прыклад сацрэалізму і выкананьня ідэалягічнай задачы: каб кастрычнік 1917 году ў Менску выглядаў як кастрычнік у Петраградзе. Узятыя з савецкага агітацыйнага архіву „Дэкрэт аб міры“ і „Дэкрэт аб зямлі“ (фрагмэнт апошняй карціны яшчэ і першы разьдзел адкрывае) афіцыёзнага У. Сярова наагул ня маюць дачыненьня да Беларусі. Прычым і Воранаў, і Сяроў былі савецкімі мастакоўскімі начальнікамі — няўжо прынцып адбору твораў для падручнікаў застаўся той самы? І сацрэаліст В. Волкаў таксама прадстаўлены ажно двума творамі. А ўжо савецкіх плякатаў з Сталінамі і сярпамі-малатамі не зьлічыць. Яны наўпрост уштампоўваюць у сьветапогляд гатовую матрыцу, як плякат „Ленін — стваральнік Беларускай ССР“. У цэлым мастацкія ілюстрацыі ставяць гісторыю Беларусі ў мнэманічны расейска-савецкі вобразны шэраг.
Паказваючы сымболіку, аўтары схітрыліся ўхіліцца ад выяваў бел-чырвона-белага сьцяга і герба Пагоня, прытым што ў падручніку для гэтага ёсьць прынамсі дзьве нагоды: сказана (хоць вельмі мала) і пра БНР, і пра аднаўленьне незалежнасьці Беларусі ў 1991 годзе. Пагоня мае статус нематэрыяльнай гістарычна-культурнай каштоўнасьці, але гэтага беларускага геральдычнага сымбалю, які адыграў і адыгрывае вялікую сымбалічную ролю ў нашай найноўшай гісторыі, у кнізе няма, затое каштоўная візуальная прастора занятая эмблемамі фактычна ўжо сканалай і нікому не цікавай СНД і масквацэнтрычных АДКП і ЭАЭС. І бачым ажно шэсьць выяваў герба ССРБ / БССР / яго ж сучаснай мадыфікацыі.