(Некалі ж будзе іншы падручнік. Дзе свабода, там жывасьць і вобразнасьць. Адзін адпаведна праілюстраваны факт, што помнік Язэпу Драздовічу ў Траецкім прадмесьці адліты з герба БССР вагою ў пяць тон, будзе варты многіх старонак.)
Добра, што выяўленыя першы і адзіны ордэн БССР, узнагароды і першыя разьліковыя білеты новай незалежнай Беларусі. Але савецкі чырвонец — чым менавіта ён заслужыў сярод усіх нумізматычна-баністычных і філятэлістычных артэфактаў эпохі на буйную (трэць старонкі 32) выяву? Значна больш зь Беларусьсю зьвязаныя, скажам, філятэлістычныя артэфакты БНР і Слуцкага паўстаньня.
Сярод фота ёсьць адпаведныя задачам падручнай кнігі, г зн. дакумэнтальна-пазнавальныя, як напр. „Завод сельскагаспадарчых машын у Гомелі. Фотаздымак 1930-х гг.“ на с. 36. Але ёсьць і крыху маніпуляцыйныя падборкі, пра што ніжэй.
Зьвяртацца да мастацкіх сюжэтаў (кіно, літаратура) лічыцца дапушчальным, і слушна. Праўда, ува ўрэзцы пра фільм „Лёс чалавека“ чамусьці акцэнтуюцца тры выпітыя палонным героем пры немцу тры шклянкі шнапсу. Вобраз запамінальны, але праілюстраваць ім час і яго экзыстэнцыйныя выклікі даволі складана.
У падручніку рэклямуецца расейска-беларускі фільм: „Пеця Клыпа стаў прататыпам Сашы Акімава, галоўнага героя фільма «Брэсцкая крэпасць», знятага ў 2010 г.“ Але чаму ж не адрасаваць вучняў да драматычных і празаічных твораў пра пералом беларускай гісторыі („Тутэйшыя“ Купалы згадваюцца толькі ў сувязі з тэатральнай пастаноўкай), пра БНР („Пляц Волі“ Пашкевіча), пра калектывізацыю і камуністычныя рэпрэсіі („Знак бяды“ Быкава і фільм „Жоўты пясочак“ паводле яго) і г.д.?
Крокі наперад у параўнаньні з папярэднікамі
Развагі пра ўласна тэкст пачну з станоўчага. Ёсьць некалькі знакавых тэмаў, нават ня тэмаў, а сымбалічных вобразаў і/ці тэзаў, наконт прысутнасьці/адсутнасьці якіх у афіцыйным дыскурсе, мякка кажучы, ідуць спрэчкі. З прыемнасьцю заўважаю, што аўтары дапаможніка згадалі некалькі такіх момантаў, чым пасьля вялікага перапынку стварылі важны прэцэдэнт.
Гэта:
— Фіксацыя антыбеларускай пазыцыі бальшавікоў, якія дзейнічалі ў Беларусі ў 1917—1918 гадох: Кіраўнікі Аблвыкамзаха не прызнавалі існавання беларускай нацыі як самастойнай. Яны лічылі, што этнаграфічныя асаблівасці, якія аддзяляюць беларусаў ад рускіх, павінны адмерці (...) а эпоха нацыянальных дзяржаў адышла ў мінулае. Таму Аблвыкамзах усю сваю ўвагу канцэнтраваў толькі на праблемах Заходняга фронту (11).
— Сьведчаньне адсутнасьці ў бальшавікоў легітымнага права выступаць ад імя беларускага народу ў 1917 годзе (пазыцыя ВБР і БАК, 13).
— Асьцярожнае прызнаньне ролі БНР у бальшавіцкім рашэньні стварыць БССР (відаць, сыгнал, што так ужо можна, дадзены на круглых сталах у газэце „Советская Белоруссия“): „Скліканне ў снежні 1917 г. Усебеларускага з’езда, а затым абвяшчэнне БНР і яе незалежнасці сталі аднымі з тых фактараў, якія абумовілі прыняцце бальшавіцкім кіраўніцтвам рашэння аб стварэнні беларускай дзяржавы на савецкай аснове“ (19).
— На с. 57 вучняў просяць параўнаць Усебеларускі зьезд 1917 г. і І Усебеларускі зьезд Саветаў. Гэта станоўчы крок і мэтадычны прыём, які дазваляе вучню самастойна зрабіць выснову пра легітымны грунт новай несавецкай беларускай дзяржаўнасьці. (Разам з тым гэтую магчымасьць абмяжоўваюць, бо даюць толькі тры крытэры параўнаньня, сярод іх няма прадстаўнічасьці і колькасьці ўдзельнікаў, а адпаведна — ступені легітымнасьці рашэньняў і створаных органаў дзяржаўнай улады.)
— Ёсьць (хоць не заснаваная на дасьледаваньнях і няпоўная) статыстыка ахвяраў камуністычных рэпрэсіяў: Складзеная ў 1990-я гг. электронная база звестак сведчыць, што ўсяго ў БССР у 1935—1940 гг. ад палітычных рэпрэсій пацярпела больш за 85 тыс. грамадзян Беларусi; з іх больш за 28 тыс. былі расстраляны (43). Пасьля фактычнай апалёгіі рэпрэсіяў у падручніках Новіка гэта крок да гістарычнай праўды.