Выбрать главу

У агляданай кнізе пэрсаніфікацыі беларускае гісторыі мала. А там, дзе яна ёсьць, аўтары верныя апісанаму вышэй дзіўнаму абеларускаму падыходу. Цягам першых двух параграфаў ажно да 16-й старонкі — ніводнага імя беларускага дзеяча. Нават калі ідзецца, прыкладам, пра Вялікую беларускую раду. Ёсьць там і Ленін, і Мясьнікян, і Seine Majestät Kaiser Wilhelm der Zweite, і Сталін заслужыў цытаты ў рамцы (13). А беларусаў няма — у поўнай адпаведнасьці з канцэптам Акудовіча.

У § 2 згадваецца Вялікая беларуская рада, але ў сухім бязьлюдным апісаньні.  І толькі на с. 16 урэшце зьяўляюццца Аркадзь Смоліч і Антон Луцкевіч.

Антрапанімічна-мэтадычнае адступленьне. Чамусьці аўтары падручніка запісваюць гэтых людзей А. А. Смолічам і А. І. Луцкевічам, пазьней фігуруе З. Х. Жылуновіч і г.д. Па-першае, такое напісаньне пярэчыць мнэмоніцы — ініцыялы немагчыма запомніць. Па-другое, імя па бацьку як частка найменьня асобы прынамсі ў тую эпоху не было характэрным для беларусаў, самыя гэтыя дзеячы сябе з „отчаствам“ не пісалі. Добра, што хаця б у біяграфічных урэзках вучні прачытаюць іхныя імёны.

Пералік прозьвішчаў, якія ўзгадаць канечне, дае праграма. Але ж яна не забараняе называць і іншых людзей і не рэглямэнтуе частотнасьці ўжываньня.

Як аўтары распарадзіліся такой свабодай? Я не паленаваўся палічыць пайменныя згадваньні розных дзеячоў ува ўсёй кнізе — як у асноўным тэксьце (першая лічба), так і ў дадатковых матэрыялах (урэзкі, пытаньні, ілюстрацыі).

Вынік нечаканы і дае падставу моцна задумацца пра інтэнцыі аўтараў.

Абсалютныя лідэры — Сталін з 38 упамінаньнямі (15+23) і Ленін з 29 згадваньнямі (20+9). На трэцім месцы Лукашэнка з 19 (8+11) згадак, бальшыня якіх штучныя, без патрэбы. Відаць, аўтары задбалі, каб ён быў у рэйтынгу паперадзе ўсіх астатніх — акрамя карыфэяў, бо яшчэ не прыйшоў час. Гэта пры тым, што ў праграме імёнаў Леніна, Сталіна і Лукашэнкі няма наагул!

Наступныя месцы ў гіт-парадзе займаюць такія беларусы:

Машэраў 17 (3+14); Купала 14 (9+5); Кузьма Кісялёў 14 (1+13); Жылуновіч 12 (7+5); Чарвякоў 12 (7+5); Талаш 11 (2+9); Быкаў 9 (5+4); Ігнатоўскі 8 (3+5); Грамыка 8 (0+8). 

Але Грамыка — не беларускі, а выключна савецкі, крамлёўскі дзяяч. Зь першай дзявяткі беларускіх дзеячоў трое — Машэраў, К. Кісялёў, Чарвякоў —  высокая камуністычная намэнклятура, Талаш — у вялікай ступені міталягізаваная постаць. Толькі чацьвярых можна ўпэўнена назваць беларускімі нацыянальнымі дзеячамі і творцамі.

Далей ідуць:

Пілсудзкі 7 (5+2); Гарбачоў 6 (2+4); Мазураў 6 (1+5); Гітлер 5 (5+0).

Браніслаў Тарашкевіч з 5 (2+3) упамінаньнямі дзеліць шаснаццатае/сямнаццатае месца з Заслонавым. Антон Луцкевіч з 5 (1+4) баламі (зь іх 3 ў адной урэзцы) на васямнаццатым месцы, за ім Смоліч 5 (1+4).

Калі ўжо я палічыў, назаву іншых, каб праца не прападала:

Панамарэнка 4 (2+2); Гікала 4 (1+3); Цьвікевіч 4 (0+4, усе ў адной урэзцы); Клімук 3 (2+1); Молатаў 3 (2+1); Кастра 3 (1+2); Ластоўскі 3 (0+3, усе ў адной урэзцы); Хрушчоў 2 (2+0); Мясьнікоў 2 (1+1); расейскі касманаўт Алег Навіцкі 2 (1+1, але нашто ён у кнізе пра гісторыю Беларусі?); Рыбэнтроп, Я. Лёсік, Доўнар-Запольскі, Шушкевіч, Алексіевіч — па адным упамінаньні.

З прэм’ераў і старшыняў Рады БНР згаданыя чацьвёра. Прэм’ерства А. Луцкевіча згадана толькі для таго, каб выйсьці на ягоную сытуацыйную прасавецкую цытату. Тое самае ў выпадку Цьвікевіча: тое, што ён быў прэм’ерам, спатрэбілася аўтарам толькі, каб перайсьці да апісаньня здачы паўнамоцтваў часткі ўраду БНР на карысьць БССР.

Пра дзяржаўны статус у БНР Ластоўскага і Я. Лёсіка кніга маўчыць. Айцоў БНР Серады, Варонкі, Скірмунта, Крачэўскага — увогуле няма. Як няма і  Станкевічаў (усіх), Шырмы, Забэйды... Дарэчы, Адама Станкевіча цытуе ў сваіх стужках і на білбордах А100 — і што падумаюць пра яго адсутнасьць у падручніку школьнікі? Дзеля аб’ектыўнасьці: зрэшты, Цанавы таксама няма — хоць, думаю, зь іншай прычыны, чым папярэдне названых.

Праграма, як ужо сказана, дае сьпіс імёнаў для абавязковага ўзгадваньня. Аўтары выконваюць наказ дыфэрэнцыйна. Пра некага — пара словаў, а пра камуністычнага кіраўніка Беларусі Мазурава чытаем: „К. Т. Мазураў валодаў адной з самых яскравых рыс нацыянальнага характару беларусаў — не прымаў неабдуманых рашэнняў. Усе рашэнні, прынятыя ім, дагэтуль успрымаюцца як абгрунтаваныя і паслядоўныя“. І яшчэ ён па-народнаму еў простую зацірку з калійнай сольлю. Гэты апалягетычны хваласьпеў — прыклад аб’ектыўнасьці і бесстароннасьці для падлеткаў, якія ўжо ўмеюць самі шукаць інфармацыю? А ўдзел Мазурава ў задушэньні чэхаславацкага паўстаньня 1968 году і кіраваньне там арыштамі? Дарэчы, калі ўжо перад аўтарамі стаяла задача зьляпіць пазытыўны вобраз з камуністычнага кіраўніка, то ўспомнілі б ягоны даклад па-беларуску на ўрачыстым  паседжаньні і адмоўную рэакцыю Хрушчова на беларускую мову. Гэта быў бы беларусацэнтрычны падыход.