Можна знайсьці асобы, чый лёс пасуе такому падыходу, нават застаючыся ў савецкім дыскурсе, Вайна, а пасьля вайны — адбудова адукацыі — іх ілюструе незвычайны лёс Ф. Янкоўскага. І г. д.
Фармат біяграфічных урэзак часткова дапамагае насяліць гісторыю людзьмі. У міжваенным разьдзеле ёсьць урэзка пра Прышчэпава, што вельмі правільна (ягонага імя ў праграме няма). Але замест чаканага калярытнага апісаньня ягоных мараў пра аграрную Беларусь як „чырвоную Данію“ — разьлічаны на студэнтаў-асьпірантаў сказ „...лічыў неабходным надаць сялянскай гаспадарцы таварны характар, пры якім яе прыбытковасць і моц залежаць ад аб’ёму продажу прадуктаў уласнай вытворчасці“. І маўчаньне пра ягоную раньнюю сьмерць.
І ўва ўрэзках-біяграмах пра многіх іншых (напрыклад, Чарвякова, Ластоўскага), не сказана пра трагічны канец іхных жыцьцёвых шляхоў. Між тым шматкроць паўтораны як год сьмерці многіх 1937/1938-ы і пазначэньне прычыны сьмерці паслужылі б для ўважлівага чытача вычарпальнай ілюстрацыяй духу эпохі. Ёсьць радкі „У час палітычных рэпрэсій у контррэвалюцыйныя элементы і шпіёны быў залічаны шэраг дзеячаў культуры, якія з’яўляліся прадстаўнікамі нацыянал-дэмакратычнага руху (іх называлі нацдэмамі)“ (43) — але ананімны „шэраг“ не раскрываецца ў імёнах.
А вось дзед Талаш — на яго любоў да каньюнктурных містыфікацыяў і пахвальбы ўказваў сам Колас — пры ўсёй павазе наўрад ці заслугоўвае ажно адзінаццаці ўпамінаньняў у кнізе.
Урэзкі пра дырэктараў і перадавікоў пасьляваеннага савецкага пэрыяду настолькі шаблённыя, пазбаўленыя жывасьці, што не запамінаюцца.
Вось урэзка — адна з чатырох, гэта цэлая старонка — пра аграрных начальнікаў:
Званне Героя Беларусі атрымаў і старшыня сельскагаспадарчага вытворчага кааператыва «Прагрэс-Верцялішкі» Гродзенскага раёна ўраджэнец Гомельшчыны Васіль Афанасьевіч Равяка (нар. 1948). Ён узначальваў гэта прадпрыемства пасля А. Дубко. В. Равяка на аснове дасягненняў свайго славутага папярэдніка вывеў прадпрыемства ў лік лепшых у краіне і ператварыў яго ў школу перадавога гаспадарчага вопыту.
І што з напісанага вынікае? Якія канцэптуальныя высновы, вобразныя ўражаньні, асабовыя канатацыі павінны застацца ў галаве вучня? Гэта (пры ўсёй павазе да фігуранта ўрэзкі, які ў ёй не вінаваты) забіваньне пустатою дэфіцытнай плошчы падручніка.
Ці аўтарам падручніка быў „даведзены“ сьпіс пазапраграмных пэрсаналіяў, якія трэба канечне і прытым станоўча ўключыць у падручнік для 15-гадовых?
Сумнеўнай атрымалася спроба напоўніць станоўчымі канатацыямі аповед пра ўзнагароду „Герой Беларусі“ праз узгадваньне ўсіх, каму яна дасталася. Калі Ўладзімер Карват зьдзейсьніў ахвярны ўчынак, варты вечнай памяці людзей, то Пятро Пракаповіч, чалавек без эканамічнай адукацыі, але старшыня НББ у 1998—2011 гадах, пакінуў аб сабе памяць пра развал фінансавай сыстэмы і некалькі рэкордных у сусьветным маштабе дэвальвацыяў у 1999 (37%), 2009 (20%) і 2011 (56% за дзень) гадах. Яго вобраз ва ўдзячнай народнай памяці не ратуе нават тое, што „ў школе П. Пракаповіч сядзеў за адной партай з Пятром Клімуком — будучым лётчыкам-касманаўтам СССР, які першым з беларусаў пабываў у космасе“.
Што да біяграмаў дзеячоў культуры і мастацтва, то ёсьць мэтадычна добра распрацаваныя — пра Караткевіча, пра А. Адамовіча, у тым ліку ягоную чарнобыльскую місію, пра кардынала Сьвёнтка — з вымоўнай біяграфіяй. Добра, што ёсьць Быкаў, але чытачу застаюцца невядомымі ягоныя канфлікты з рознымі ўладамі — за праўду пра вайну з камуністычным рэжымам і за волю да свабоды зь цяперашняй уладай.
У кнізе фігуруе (у сувязі з роляй у фільме) У. Высоцкі — без дадатковых тлумачэньняў. Я ня ўпэўнены, што ўсе сучасныя беларускія падлеткі ведаюць імя і творчасьць гэтага расейскага актора і сьпевака і ці не заняў ён у кнізе месца кагосьці зь беларускіх творцаў.
Сярод выпадковых для кнігі асобаў, акрамя расейскага касманаўта Навіцкага, мушу назваць Зяльдовіча, які ня мае зусім ніякага дачыненьня да Беларусі, акрамя таго, што маці нарадзіла яго ў Менску выпадкова, праяжджаючы ў цягніку. А вось Кіта варта было ўзгадаць.