Выбрать главу

Storytelling

Модны цяпер storytelling як спосаб запамінальнага, эмацыйнага, пэрсаніфікаванага ўзьдзеяньня на чытача/гледача ў кнізе ёсьць. Але падыход да выбару міні-гісторыяў — як з рэальнага жыцьця, так і з мастацкай літаратуры — не зусім зразумелы. Здавалася б, выбар такіх гісторыяў надзвычай шырокі.

У праграме імя Янкі Брыля няма, у падручніку адзін раз яго ўзгадваюць у сувязі з кнігай пра спаленыя вёскі. Але як ажывіў бы аповед пра ягоны ўдзел у складзе польскай марской пяхоты ў абароне Вэстэрплятэ абзацы пра пачатак Другой усясьветнай вайны у 1939-м!.. Ён жа ўвасабляе лёс беларусаў у тых падзеях. Відаць, прычына ў тым, што ў разьдзеле пра вайну амаль увесь аб’ём заняў савецкі наратыў ад 1941-га і яго постаці.

Наагул сюжэтны падыход і пэрсаніфікацыя гістарычных эпізодаў зь беларускага гледзішча зьмянілі бы ўспрыманьне кнігі. Скажам, славутая трагічная сустрэча палітычных зьняволеных — савецкага вязьня Аляхновіча і польскага вязьня Тарашкевіча — пры абмене ў Негарэлым і словы Аляхновіча „Бронюсь, куды ты ідзеш?!“ — гэта ж архетыповая мэтафара, рэзюмэ ўсёй міжваеннай гісторыі падзеленай Беларусі... А ілюстрацыяй далі б сюжэтную скульптуру Гэніка Лойкі. Ці, скажам, лёс Сяргея Новіка-Пеюна, які сядзеў за беларушчыну і пры паляках, і пры немцах, і пры саветах... Мы ж да 14-гадовых дагрукваемся, ім трэба жывыя вобразы жывых людзей. Іншая рэч, што такія прыклады разбураюць саветацэнтрычную карцінку гісторыі Беларусі таго часу.

Гісторыі пра Кузьму Кісялёва і Сталіна (101), пра Кісялёва і шпіталь (107), пра Машэрава і электрычнасьць для Арлоўскага (108), відаць, мусілі прадэманстраваць чалавечнасьць Кісялёва і Машэрава.

Але выклад першай гісторыі не дае маладому чытачу ўражаньня пра асабістую сьмяротную рызыку, на якую пайшоў Кісялёў, а пакідае школьніка ў задуменьні: мо Сталін і ня быў такі кепскі, калі так слухаў падначаленых з правінцыі? Гісторыя пра шпіталь ужо не пра асабістую адвагу, а пра бюракратычныя гульні, празь якія толькі і можна нечага пазытыўнага дабіцца ў царстве бюракратыі (заадно вучняў пераконваюць, што за пасаду трэба трымацца да сініх пальцаў, а страта пасады страшная трагедыя).

Што да трэцяй гісторыі, то яна з парадыгмы „приехал добрый барин“. Таму дачэплівы чытач не зачаруецца вобразам чараўніка зь верталёта, а задасьць пытаньне: чаму наагул узьнікаюць такія праблема ў апошняй чвэрці ХХ стагодзьдзя? а дзе мясцовае самакіраваньне і фінансы, а якім коштам і чыімі ахвярамі распарадзіўся Машэраў правесьці сьвятло?

Сюжэтнымі аповедамі можна было б ажывіць урэзкі. Прыкладам, ва ўрэзцы пра раскулачваньне (добра, зрэшты, што яна ёсьць) чакалася б сямейная гісторыя або цытата клясыка (напр. Быкава) — але з успаміну сьведкі, Антона Семяновіча, узялі агульныя дэпэрсаналізаваныя словы (37).

А цяперашнія вучні (найбольш матываваныя зь іх, але тэарэтычна — кожны) глядзяць, чытаюць і слухаюць сучасныя мультымэдыйныя крыніцы. Сярод апошніх — кніга і падкасты С. Шупы пра БНР, яе творцаў і іхныя гісторыі; кнігі і допісы Ганны Севярынец пра жывых стваральнікаў літаратуры 1920-х гадоў;  нарысы і падкасты Зьмітра Бартосіка пра лёсы людзей Заходняй Беларусі (напр. пра Лявона Богуша); фільмы Валера Мазынскага пра маладых герояў Глыбоцка-Пастаўскага Саюзу беларускіх патрыётаў...

Сярод плюсоў сторытэлінгу — ліст школьніцы Ірыны Гапанёнак на імя Сталіна з просьбай вярнуць арыштаванага тату (44). Заўсёды будзе ўражваць нарыс пра самаахвярны чын 17-гадовага Міхася Мароза ў зусім мірны час.

Пра асобныя пэрыяды (што пэрыяды? эпохі!): БНР

Пра БНР сказана больш аб’ектыўна, чым у праславутага Новіка. Але ўсёй БНР прысьвечаныя тры кароткія абзацы — сто тры словы. І зь першага ж слова — не раўнуючы нэўралінгвістычнымі прыёмамі кніга закладае стэрэатыпы: Гэтая падзея [прыняцьцё 1-й Устаўной граматы] адбылася ва ўмовах наступлення германскіх войскаў, калі кіраўнікі Аблвыкамзаха пакінулі Мінск.

Чаму не сказаць праўды — ва ўмовах безуладзьдзя! Аднак савецкія прапагандысцкія каноны застаюцца — „ва ўмовах наступлення“ чытаецца як „пры дапамозе“ нямецкіх акупантаў. Што і замацоўваецца праз пару радкоў: „Абвяшчэнне БНР адбылося ва ўмовах германскай акупацыі“. А хто абвяшчаў, хто суб’ект? Няважна. Чаму сымэтрычна не сказана, што абвешчаньне БССР адбылося нават не пад акупацыяй, а непасрэдна рукамі маскоўскіх бальшавікоў?