Выбрать главу

Фатакопіяў і/ці разгорнутых цытатаў Устаўных граматаў, асабліва эпахальнай Трэцяй, ад 25 сакавіка, у кнізе няма. Затое тут жа ёсьць урэзка пра „23 лютага“ (натуральна, ані слова пра фікцыйнасьць гэтага дня як пачатку Чырвонай арміі, ня кажучы ўжо, што дачыненьня да гісторыі Беларусі ён ня мае).

Дзе межы БНР — калі ня выяўленыя на мапе, то прынамсі апісаныя? Як статус палітычнае сталіцы беларускага руху перайшоў ад Вільні да Менску? — задасца пытаньнем уважлівы беларускі юнак. Дзе ў Менску дом, дзе Антон Луцкевіч ранкам 25 Сакавіка сказаў легендарныя словы пра сонца свабоды, якое асьвяціла Беларусь?

У 2018 годзе прайшло сапраўды масавае сьвяткаваньне БНР-100 на Траецкай гары ў Менску, да падзеі далучыліся або жыўцом, або віртуальна дзясяткі, калі ня сотні тысяч чалавек, у тым ліку школьнікаў. Названыя мною вобразы і знакавыя фразы яны бачылі і чулі ў тым ліку ў многіх роліках — адукацыйных, у стылі эдутэйнмэнт, музычных — прысьвечаных БНР.

Іх нацыянальную сьвядомасьць і гонар за зьдзейсьнены айцамі-заснавальнікамі цуд — адраджэньне празь вякі амаль страчанай беларускай дзяржаўнасьці — мусіла б прыняць і падтрымаць школа — найперш праз гістарычную асьвету...

Але вяртаемся ў кніжку.

Шэраг дзеячаў Рады БНР спадзяваліся на афіцыйнае прызнанне Германіяй незалежнасці рэспублікі. Яны накіравалі на імя германскага кайзера Вільгельма II тэлеграму, спадзеючыся на яго падтрымку, аднак гэтага не адбылося. Такі крок не мог знайсці адабрэння ў беларускага народа, які лічыў германскі акупацыйны рэжым варожым. 

Пісаць такое безь мінімальнага тлумачэньня кантэксту (прагназаваны канец Германскай імпэрыі, геапалітычныя шчамлёткі, пасьпяховы літоўскі прэцэдэнт), — маніпуляцыя. І спасылка на выказваньне Лёсіка ў 1930 годзе, калі ён ужо быў на мяжы арышту і банальна ратаваўся, несумленная.

Усё ж пацешмася тым, што сказана пра БНР на с. 18: ...Скліканне Усебеларускага з’езда, абвяшчэнне БНР і яе незалежнасці сталі спробай рэалізацыі беларускай нацыянальнай дзяржаўнасці. Яна разглядаецца як асобая прымета ў развіцці беларускай нацыі, звязаная з утварэннем уласнай дзяржавы. Добрае пытаньне — ...Чаму абвешчаная Беларуская Народная Рэспубліка атрымала такую назву?

Але ўвесь далейшы наратыў, датычны гадоў, калі БНР, яе лідэры і структуры, яе ідэі былі прысутнымі ў Беларусі, ідзе зь яе ігнараваньнем. БНР няма. У аповедзе пра падзеі 1919–1920 гг. фігуруюць Пілсудзкі, Тухачэўскі, у крайнім выпадку бальшавіцкія і эсэраўскія антыпольскія партызаны. Але ані слова пра Слуцкі збройны чын — адзіную на той час рэальную акцыю збройнай абароны незалежнае несавецкае Беларусі. Відаць, прынцыпова важна для аўтараў вытрымаць лінію: Беларусь — аб’ект. Чырвоныя — „свае“.

Што да статусу і грунту БНР, то стэрэатып, гатовы адказ замацоўваецца ў заданьнях на тэму: „Падрыхтуйце паведамленне «БНР і ССРБ на шляху афармлення беларускай нацыянальнай дзяржаўнасці: ад „дзяржавы на паперы“ да рэальнага дзяржаўнага ўтварэння»“. Значыць, на паперы былі і Слуцкі чын, і горадзенская міліцыя, і школы, і пашпарты?.. А пра „рэальнае дзяржаўнае ўтварэньне“ ССРБ няможна казаць, што гэта марыянэткавая канструкцыя, ня тое што цалкам залежная ад Масквы (дакладней, ад адной партыі з цэнтрам у Маскве), а неад’емная складовая частка камуністычнай дзяржавы нават без намёку на рэальную аўтаномію, ня тое што пра незалежную дзяржаўнасьць, угрунтаваную на волі беларускага народу.

Міжваенная БССР. Рэпрэсіі

У дадатак да сказанага вышэй: умоўная лічба колькасьці ахвяраў палітычных рэпрэсіяў ёсьць, на с. 48 сказана, што палова сяброў Саюзу пісьменьнікаў Беларусі была рэпрэсаваная, — гэта моцная фраза. Але, на жаль, гэта і безыменная статыстыка. У падручніку мусіла б быць трагічная для беларускае культуры ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 году, як мусіў быць пералік імёнаў хаця б найбольш знаных пісьменьнікаў і дзеячоў, расстраляных тады ў Менску. Мусілі б быць такія лічбы, якія дае Белсат у сваіх гістарычных відэароліках — расстралялі 10 рэдактараў газэты «Звязда», сем народных камісараў асьветы, трох рэктараў БДУ...

І статыстыкі „раскулачаных“ па Беларусі няма, як няма і хоць адной біяграфічна-асабовай урэзкі пра трагічны лёс і прыніжэньні беларускіх гаспадароў.

Тысячастаронкавая кніга Ларысы Раманавай (кніга выйшла кагадзе, але папярэдніх публікацыяў укладальніцы ня могуць ня ведаць аўтары падручніка) дае мноства аўтэнтычных сьведчаньняў эпохі. Вось ліст чырвонаармейцу Івану Касмачову ад сястры Домны зь вёскі Ціхань Клімавіцкага раёну: