Выбрать главу

Шмат часу ішла ці мала, а ў дарозе ўжо і восень яе застала. Сустракае ваўка, таго, што зьеў бычка.

— Добры дзень, кум! Як маешся?

— Дрэнна, — кажа воўк. — Нешта азяб на дажджы, аж увесь калачуся. Зуб на зуб не трапляе.

— То трэба новы кажух пашыць, — раіць лісіца.

— Праўду, кумка, кажаш, — згадзіўся воўк.

Пабег ён на выган, схапіў авечку і прывалок у лес.

— Хопіць на кажух? — пытаецца ў лісіцы.

— Мала, — кажа лісіца.

Прынёс воўк яшчэ адну авечку:

— Цяпер хопіць?

— Не, яшчэ адну трэба.

Воўк і трэйцюю прывалок.

— Ну, а цяпер, — кажа лісіца, — трэба краўца шукаць.

— Дзе-ж мне яго шукаць, кумка?

— Я ведаю добрага краўца. Хадзем да яго.

Прывяла лісіца ваўка на луг. Там, у кустох, на прывязі жарабец пасьвіўся.

— Вунь ён, кравец!

Воўк зарагатаў:

— Гэта не кравец, а жарабец! Не, кумка, як сабе хочаш, а розуму ў цябе мала.

Лісіца пакрыўдзілася:

— Ты пра мой розум ня вельмі языком мялі. Я была разумнай і буду, а ты быў дурань, дурнем і застанешся.

Тут ужо і воўк пакрыўдзіўся, аж узлаваўся:

— Паглядзім яшчэ, хто з нас разумнейшы!

— Не хваліся загадзя, — кажа лісіца, — лепш паглядзіш, як зараз зь цябе скуру зьнімуць.

— Хто зьніме? — ляснуў зубамі воўк.

— Гаспадар гэтага каня.

— Ня можа быць! — ня верыць воўк.

— Пабачыш. На чым жарабец навязаны? — пытаецца лісіца.

— На вяроўцы.

Лісіца засьмяялася:

— Вось і відаць, што дурань!

— Чаму? — падскочыў воўк.

— Жарабец на калу навязаны.

— Ня можа быць! — залыпаў воўк вачыма.

— Хадзем пакажу.

Прывяла лісіца яго да калка, за які быў прывязаны канец вяроўкі, зьняла вяроўку, зрабіла пятлю і закінула ваўку на шьпо. Воўк і азірнуцца не пасьпеў, як у пятлі апынуўся. Тады лісіца падбегла да жарабца, замахала хвастом. Той спужаўся ды як драпнуў дахаты, толькі падковы заблішчэлі.

Так і прыцягнуў у пятлі ваўка да свайго гаспадара. Ну, а там зь яго і скуру зьнялі.

Вярнулася лісіца ў лес, закапала авечак у мох на запас, адны толькі мазгі на абед пакінула. Села пад елкаю і есьць.

Ідзе мядзьведзь — той, што бычка зьеў.

— Што гэта ты, кума, жуеш? — пытаецца.

— Мазгі. Сьляпы ты, ці што?

— А дзе-ж ты іх дастала?

— З галавы. І ты можаш дастаць, калі хочаш.

— Як?

— Вельмі проста: разганіся ды стукніся галавою аб дуб — мазгі і выскачаць.

— Дзякую-ж табе, кума, за добрую параду. Так я і зраблю. А то есьці даўно хочацца.

Знайшоў ён самы тоўсты дуб, разагнаўся з усяе сілы ды і грымнуўся ў яго лобам.

Тут яму і канец.

А хітрая лісіца наелася мазгоў ды пайшла запіваць крынічнаю вадою.

Сабака і Воўк

Быў у ваднаго гаспадара сабака. Шчыра служыў ён гаспадару, ды не агледзеўся, як пастарэў. Горш сталі бачыць яго вочы, і цяжэй яму стала вартаваць гаспадарава дабро. Тады скупая гаспадыня перастала карміць яго, а потым і зусім пачала з двара праганяць.

«Чым так жыць, — думае сабака, — лепш няхай мяне воўк зьесьць».

Надумаўся ён і пайшоў у лес шукаць ваўка. Ідзе ён лесам, а тут насустрач і воўк бяжыць.

— Куды, сабака, ідзеш? — пытаецца воўк.

— Да цябе.

— Чаго?

— Зьеш ты мяне, воўча…

І расказаў ён ваўку пра сваю бяду.

Бачыць воўк, што сабака надта худы — яшчэ зубы паломіць, і кажа:

— Не, цяпер я цябе есьці ня буду. Трэба, каб ты трохі патлусьцеў.

— Як-жа я патлусьцею, — кажа сабака, — калі мяне гаспадыня зусім ня корміць?

— Нічога. Мы зробім так, што яна цябе з ахвотаю будзе карміць.

— Дзе там! — пакруціў хвастом сабака. — Гаспадыня мая вельмі скупая.

— Слухай ты мяне, — кажа воўк. — Ідзі дадому і сядзі там на агародзе. Адвячоркам, як пачне цямнець, я прыбягу і ўхаплю лепшага гаспадаровага падсьвінака. Ты наробіш брэху, пабяжыш за мною, і я табе аддам падсьвінака. Гаспадар убачыць гэта і загадае гаспадыні добра карміць цябе. А празь месяц, як патлусьцееш, — прыходзь да мяне, тады я цябе зьем.

Сабака падумаў і згадзіўся.

Адвячоркам прыбег воўк, ухапіў падсьвінака і павалок цераз агароды.

Тут сабака як наробіць ляманту, як кінецца за ваўком…

Пачуў гэта гаспадар, выскачыў з хаты, бачыць: воўк падсьвінака валачэ цераз агароды, а сабака яго даганяе, адбірае.

— Туйга! Туйга! — закрычаў гаспадар на ўсю сілу. — Кусі яго, Лыска!

Воўк тым часам кінуў падсьвінака, а сам ходу ў лес.

— Малайчына, Лыска! — пахваліў гаспадар сабаку, прывёў на кухню і загадаў жонцы карміць яго.