— Дык што-ж мне рабіць?
Зьбяры сотні тры сьветак, тады павераць.
Падскочыў воўк, аб зямлю стукнуў ды завыў на ўвесь лес:
— Дзядзькі, бацькі, дзяды, браты, бяжыце сюды!
Назьбіралася ваўкоў з усяго лесу.
Павёў іх кот Максім да цара.
Прыходзяць на царскі двор. Нецярплівыя ваўкі кажуць:
— Мы першыя пойдзем на суд.
— Не, — кажа кот, — мая скарга там даўно ляжыць. Як скончыцца мой суд, тады я падам вашу скаргу і вас паклічу. А пакуль што пачакайце ў гэтым хляве.
Ваўкі падагнулі хвасты ды пацягнуліся ў хлеў. Як толькі зайшлі ўсе, кот — бразь! — і зачыніў іх там. А сам падаўся ў палацы, у лапкі плешчучы.
Узыходзіць на ганак: стук, стук! Знаёмы салдат адчыніў яму. Кот проста да царскіх пакояў шыбае. Увайшоў да цара, добры дзень даў.
— Што скажаш, каток? — пытаецца цар.
— Так і так, — кажа кот Максім, — прыслаў табе мой гаспадар пан Марцін Глінскі-Папялінскі новы гасьцінчык.
— Добра, — кажа цар.
Прыйшоў у хлеў, глядзіць, а там ваўкоў лікам-нялічана: і ў загарадках поўна набіта і яшчэ пад страхою, на вышках, процьма.
Загадаў цар ваўкоў пабіць, усім слугам футры пашыць, а кату кажа:
— Перадай пану Глінскаму-Папялінскаму: няхай сам да мяне ў госьці прыедзе.
Прыбег кот дахаты ўночы, задыхаўшыся. Пачаў тармасіць гаспадара. Ледзьве дабудзіўся.
— Уставай, — кажа, — я ад цара прыйшоў.
Раскатурхаўся сяк-так Глінскі-Папялінскі, пытаецца:
— Што цар сказаў?
— Сказаў, каб ты сам да яго ў госьці ехаў.
Пачухаў Глінскі-Папялінскі патыліцу:
— У чым-жа я паеду? Я-ж голы, як бізун.
— Нічога, — кажа кот, — што-небудзь прыдумаем.
Сабраліся яны і бягом пабеглі да цара.
Бягуць, бачаць — недалёка ля гасьцінца цэлае войска салдат сьпіць. Кот спыніў гаспадара.
— Пачакай, — кажа, — тут.
А сам крадкам пайшоў да войска. Назьнімаў у сонных салдат шапак і напакаваў імі два мяхі. Адзін мех на плечы ўськінуў, другі гаспадару даў. І пайшлі сабе далей.
Падыходзяць да рэчкі. Кату піць захацелася. Паставіў ён мех ля мосту, гаспадара за каравульнага пакінуў, а сам палез у рэчку ваду піць. Напіўся вады, бачыць — паўзе рак у нару. Кот схапіў яго за вус і выкінуў на бераг.
Рак пачаў прасіцца:
— Пусьці мяне ў ваду. Можа, я табе таксама якую-небудзь службу саслужу.
Кот падумаў і кажа:
— Якую-ж ты мне можаш саслужыць службу?
— У вадзе, — кажа рак, — любую. Загадай, што хочаш, усё зраблю.
— Падкапай да раніцы маставыя слупы, — загадаў кот.
— Добра, — кажа рак. — Гэта я магу.
Пусьціў кот рака, і той адразу-ж ухапіўся за работу.
— А ты, — кажа кот Марціну, — як толькі абваліцца мост, раськідай шапкі па вадзе і чакай мяне тут.
Сказаў кот гэтак, пераскочыў цераз мост ды пабег да цара ў палацы.
Прыбягае, дакладвае цару:
— Так і так, ваша вялічаства-вымператарства… Ехаў да цябе ў госьці мой гаспадар, пан Глінскі-Папялінскі, ды бяда здарылася: мост зламаўся, уся яго пяхота і коньніца патапілася, адзін ён застаўся голы, бо абмундзіраваньне з вадою сплыло…
Тут цар сеў у карэту, ката з сабою пасадзіў, прыехаў да маста. Глядзіць, і праўда: толькі шапкі ад войска па вадзе плаваюць.
Паспачуваў цар пану Глінскаму-Папялінскаму ды загадаў лепшым сваім краўцом і шаўцом пашыць яму новае абмундзіраваньне.
Як бачыш пашылі краўцы і шаўцы новае абмундзіраваньне. Адзеўся Глінскі-Папялінскі, прыхарашыўся і паехаў з царом у палацы.
Пагаманіў зь ім цар, пачаставаў, а потым і кажа:
— А цяпер хацеў-бы я паглядзець твой маёнтак: калі ты і праўда такі багаты, дык аддам за цябе дачку.
Спужаўся Глінскі-Папялінскі: якое-ж ён багацьце пакажа цару? Увесь яго маёнтак — адна гліняная печ, ды і тая развалілася.
Пачуў пра гэта кот Максім. Паклікаў ён свайго гаспадара ўбок і шэпча яму:
— Ня бойся! Усё добра будзе.
Запраглі царскія канюхі самых лепшых коней у самую лепшую карэту. Сеў цар у карэту і паехаў. А кот наперадзе пабег — дарогу паказваць.
Едзе цар, едзе, пад'яжджае да маёнтку Зьмея Гарынавіча. Кот наперадзе бяжыць. Бачыць: пастухі вялікую чараду кароў пасуць. Падбягае ён да пастухоў.
— Чые вы? — пытаецца.
— Зьмея Гарынавіча.
Кот натапырыў вусы, грозны стаў:
— Не кажыце нікому, што вы пастухі Зьмея Гарынавіча, а кажыце — Марціна Глінскага-Папялінскага. Бо за мною ляціць Гром зь Пяруном — ён заб'е вас.
Сказаў так кот Максім і пабег далей. Сустракае вялікую чараду коней. Падбег да канюхоў і пытаецца:
— Чые вы, канюхі?
— Зьмея Гарынавіча.