Выбрать главу

— А мой ты, — кажа, — такі, а мой ты сякі, зраблю табе, што захочаш, адно аддай мне маё дзіця!

Дурны-ж кажа:

— Мне нічога ня трэба, толькі скажы ты мне, дзе жыве залаты птах, што ў майго бацькі яблычкі краў?

— І скажу табе, — кажа, — і завяду, толькі пасядзі ты тут крышачку, пакуль я сваё дзіця да гнязда завяду і сама вярнуся.

— Ну, — кажа дурны, — добра, пачакаю, толькі не марудзь, — і аддаў ёй тое воўчанятка.

Як ваўчыца сказала, так і зрабіла. Прыйшоўшы да яго кажа:

— Ну сядай на мяне, я цябе хутчэй занясу, чымсьці ты туды сам дойдзеш.

Нясла яна яго, нясла, а як ім есьці захочацца, то ваўчыца пабяжыць, зловіць хутчэй дзе што, задушыць, прынясе яму; ён крыху прыпячэ, зьесьць ды далей у дарогу. Прышлі яны да мора. Ваўчыца кажа:

— Я табе пайду гусачку злаўлю, пад'есьці трэба, каб быў дужы, бо цяжкая праца цябе чакае.

Калі-ж пераплылі на другі бок мора, ваўчыца яго зноў навучае:

— Ідзі ты ў гэты двор, што бачыш, толькі паціхусеньку, памалюсеньку, каб нідзе ня шаснуў, бо гэта закляты двор: усё ў ім, што толькі ёсьць, то сьпіць; а як ты, — кажа — шарахнеш, то ўсё папрабуджваецца і ты стуль ужо жывым ня выйдзеш. А як ты, — кажа, — увойдзеш у браму, то там два сабакі стаяць, на зялезных ланцугох укованыя, то йдзі паціхусеньку, не разбудзі іх, бо як яны забрэшуць, то цэлы двор разбудзяць. А глядзі, — кажа, — як ты ўвойдзеш у першы пакой, там вісіць меч бразгучы, — ён залаты, дарагімі каменьнямі саджаны і вельмі харошы й дарагі; але ты яго ня чапай, бо як ён, — кажа, — пачне бражджэць, зьвінець, то ўсе папрачынаюцца, і ты там зьгінеш. Увойдзеш, — кажа, — у другі пакой, вісіць гадзіньнік зьвінячы, не чапай яго, бо зьгінеш. І яшчэ яму кажа:

— Глядзі-ж як увойдзеш у трэйці пакой, там вісіць залатая клетка, а ў тэй клетцы сядзіць залаты птах, што ў вас яблычкі краў; вымі, — кажа, — яго з клеткі памалюсеньку, паціхусеньку і сам цішком ідзі назад, да мяне, бо я на цябе тут чакаць буду.

Так ён і пайшоў туды. Перайшоў ён тыя сабакі, бачыў ён шмат людзей — нейкіх чарнакніжнікаў, а ўсе і ўсё, дзе што хто рабіў, там і заснулі. Перайшоў ён тыя пакоі, пра якія яна яму казала, ды і ўвайшоў у трэйці. Тут, як не рване за тую клетку з птахам (ведама як дурны), дык як ня возьмуць званы біць, а ён як ня выляціць у другі пакой, як не рване за той залаты гадзіньнік — як не пачне той гадзіньнік на ўсялякія лады перацінаць; як ня выляціць ён у першы пакой, ды за той меч — меч зьвініць, бражджыць. Усё тое галасу нарабіла, крыку, гармідару; тыя папрачыналіся, а ён дай Бог ногі; і волас з галавы яму ня спаў — пераляцеў, як муха між імі.

Бачыць ваўчыца здалёк, што ён ляціць на перадзе, а яны яго ўжо даганяюць, падбегла яна да яго, ён сеў на яе з гэтым багацьцем ды й паплылі. Адплылі добры кавалак ад берагу, глядзяць ажно тыя ўсе стаяць над морам ды й рукі ломяць, ды й ломяць…

Пераплылі яны ўжо мора, давай ён прасіць ваўчыцу:

— Скажы ты мне, дзе мае браты, парадзь ты мне, як-бы я мог іх дастаць.

— Ня зьвязвайся ты, — кажа ваўчыца, — з братамі, бо яны цябе ізь сьвету зьвядуць.

Але ён яе просіць, ён яе малястуе.

— Скажы ты мне, скажы! Мяне, — кажа, — бацька за дурнога мае ды й ня любіць так, як іх, няхай ён зь іх хоць пацешыцца.

Не магла ваўчыца ад яго адчапіцца ды й кажа:

— Ідзі на каралеўскі двор, яны ў вастрозе сядзяць, толькі пільнуйся, — кажа, — каб яны цябе ізь сьвету ня збавілі, — ды й разьвіталася зь ім.

Дурны пайшоў да братоў, а яна да свайго дзіцяці.

Дайшоў дурны да караля ды й дастаяў таго, што яго братоў звольнілі. Сабраліся яны ўсе разам ды й паехалі да бацькі. Прыехалі браты ў цёмны лес, узялі таго дурнога забілі, а забіўшы, адцягнулі крыху з дарогі, гальлём прыкрылі, а самі зь яго багацьцем паехалі.

Бегла тудою тая самюсенькая ваўчыца ды зьветрыла цела дурнога. Падбегла, разьвярнула гальлё і пазнала, што гэта ён.

— От, — кажа, — як ён мяне паслухаў. А я яму казала, а я прыказвала, а я навучала — ды так яна ўжо па ім бядуе, і сама ня ведае, што яму даць за радачку.

Прыдумала пасьля сама сабе:

— Пайду, — кажа, — я да таго здохлага каня, мо я там якую радачку знайду.

Прыбегла яна да таго каня, улезла ў той тулаб ды й сядзіць, ажно наляцелі крукі тое сьцерва кляваць. Яна гэта зьнячэўку ўхапіла адно кручанё ды й трымае, а кручыха так яе ўжо просіць, так моліць.