Выбрать главу

Ваўчыца кажа:

— Як ты мне прынясеш вады жывучае ды гаючае, то я табе аддам тваё дзіця.

— От, як бач, — кажа кручыца, — так і прынясу, — ды й паляцела хутчэй сама. Набрала яна за гарамі, за дунаямі дзьве пляшачкі вады ды й прыносіць. Ваўчыца зараз ёй дзіця аддала, а сама пабегла да дурня, паліла яго аднэю вадою, ён ажыў, паліла другою — устаў.

— А што, — кажа ваўчыца, — ці-ж я табе не казала, што твае браты гэтак зробяць? Пасьпяшай-жа ты цяпер хутчэй да дому, бо ўжо твой бацька бяседу склікае, па табе стол адстаўляцьме ды й з радасьцю, што ягоныя сыны з такім багацьцем жывыя й здаровыя да хаты паварочаліся. Зьяжджаюцца туды і паны, і цыганы, і каралі, і ўсялякія людзі, бо кажнаму гэта вялікае дзіва. А як ты прыйдзеш туды, то цябе ніхто не пазнае; ты прасіся, каб цябе хоць за падкухара прынялі. Бацька, — кажа, — твой не захоча, але кухар прыме, бо яму надта шмат працы. А памятай, — кажа, — калі кухар будзе абед той варыць, то ты ў кажную страву ўпусьці па калельцы гэтае вады, то яна надта смачная будзе.

Як яна яму сказала, так усё сталася. Прыняў яго кухар за падкухара, пасьля панастаўляў яму ўсялякіх страваў, каб варыліся, а дурны яму і кажа:

— Дзядзьку, вы сабе або пайдзеце дзе можа, або ляжце, вы стурбаваліся ўжо, а я адзін дам раду.

А кухар з таго надта рады, зьверыў ужо ўсё на дурня, а сам прыйшоў толькі тады, калі пара была даваць да стала ды й знайшоў усё пароблена, як не спадзяваўся.

Па тэй ужо вячэры ці па абедзе, хто яго ведае, як там называць, кліча гаспадар кухара, дае яму гасьцінца ды й дзякуе за такія смачныя стравы. Толькі той кухар быў нейкі сумленны ды й кажа:

— Гэта той хлапец, што стаў за падкухара, панаварваў такіх смачных страваў.

Гаспадар кажа:

— Клікні мне гэтага падкухара.

Прыходзіць падкухар, а гаспадар:

— Дзе ты, — кажа, — і скуль навучыўся гэтак смачненька варыць?

— У цёмным, — кажа, — лесе, пры дарозе, з-пад братняе рукі, што за дабро ліхам плацяць.

Гаспадар і госьці не зразумелі гэтага, толькі браты, як папера, белыя сталі. Тады дурны кажа:

— Калі не разумееш падкухара дурнога, то глянь і здагадайся на сынох разумных.

— Чаму, — кажа, — так?

— А дзе-ж, — кажа, — пане гаспадару, твой сын трэйці — дурны?

— А Бог яго сьвяты ведае.

Тады дурны бацьку да ног:

— А то-ж я, — кажа, — твой сын найменшы, я славу даказаў, я птаха з-за мора з заклятага двара дастаў. Я, — кажа, — братаў з вастрогу выкупіў — і давай расказваць усю сваю прыгоду, што меў ад тае пары, калі выйшаў з бацькаўскае хаты. Слухаў яго бацька, а пасьля загадаў узяць зялезныя бораны ды й парасьцягваць разумных сынкоў, а з тым дурным мо' і цяпер яшчэ жыве і цешыцца.

Каралевіч, чараўнік і ягоная дачка

У ваднаго караля быў маленькі сын, і хтосьці яму сказаў, што ён зьгіне. Калі хлапец гэты падрос, то адзін раз стаў прасіцца, каб яму дазволілі пайсьці на паляваньне. Кароль доўга яго ня пушчаў, але потым даў яму людзей, войска ды кажа:

— Ну, ідзі, сынку, пазабаўляйся. — А тым людзям загадаў, каб яго пільнавалі.

Хадзілі яны доўгі час па лесе, аж пад вечар убачыў той хлапец вельмі пекную птушку ды й пачаў за ёю ганяцца: ганяўся, ганяўся і заблудзіў. Ходзіць ён, ходзіць, аж узыйшоў на такі мост, што, калі ідзеш у вадзін бок, мост топіцца ў ваду, калі ідзеш у другі, то таксама. Няма яму дзе дзецца. Нарэшце, падыходзіць да яго якійсьці чалавек ды й кажа:

— Я цябе даўно чакаю, хадзі за мною, я цябе вывяду на бераг. — Вывеў яго і кажа:

— Ну, цяпер хадзі за мною, я цябе завяду да хаты.

Завёў яго да свае хаты, загадаў даць піць, есьць і кажа:

— Ляж спаць, а заўтра я табе дам працу: калі ты яе зробіш, то будзе добра, а калі ня зробіш, то будзе табе сьмерць.

Назаўтра яго збудзіў той чалавек, загадаў жонцы даць яму есьці, а затым павёў на працу. Прыйшлі яны да лесу, а там ляжыць агромністы камень, вось той чалавек яму й кажа:

— Як ты зробіш за дзень у гэтым камені дванаццаць пакояў, зусім такіх, як трэба, толькі ключы аддаць, то добра, а калі не, то сьмерць цябе чакае.

І даў яму малаток ды долата, а сам пайшоў да дому.

Той хлапец падзюбаў, падзюбаў, бачыць, што нічога ня зробіць, сеў ды й плача. Аж прыносіць яму таго чараўніка дачка палудзень і кажа:

— Чаго ты плачаш?

— Ай, — кажа — плачу: казаў мне твой татуля зрабіць дванаццаць пакояў у камені, а я — кажа, — ня дам і жаднае рады.

— Ціха, — кажа, — ня плач, сядзь і еш, я табе дапамагу.

А калі хлапец пасілкаваўся, яна яму кажа: