— Ляж цяпер, сваё гора засьні.
Лёг хлапец і зараз-жа заснуў, а яна клікнула нячыстых духаў; як бачыш зрабілі яны дванаццаць пакояў у камені. Тады яна яго будзіць:
— Устань, — кажа — бо я адыходжу; на табе ключ; калі прыдзе мой татка-чараўнік і запытае цябе, ці добра зрабіў, то скажы: усё добра, толькі адно вакенца крывое, бо калі скажаш, што ўсё добра, то будзе з табою кепска. А ключы ня йначай як яму ў рукі дай, бо калі дзе паложыш, то ён папсуе табе працу.
Пад вечар ідзе той чараўнік да каралевіча і пытае:
— А, што, добра зрабіў?
— Добра, — кажа каралевіч, — толькі адно вакенца ў сенцах крыва стаіць.
Тады чараўнік кажа:
— Ну, хлопча, добры зь цябе майстар, ідзі да хаты.
Ён зноў загадаў даць яму піць, есьць і кажа:
— Заўтра я дам табе шчэ працу, калі ты яе зробіш, то будзе добра, калі-ж не, то сьмерць цябе чакае.
Той пайшоў, лёг і спаў аж да самага сьвету. Назаўтра рана збудзіў яго чараўнік, загадаў даць піць, есьці, павёў да лесу, даў яму шкляную сякеру і кажа:
— Ну, калі ты за дзень зрубіш гэты лес, ацярэбіш яго і ў сажні паскладаеш, то будзе добра, а калі не, то сьмерць цябе чакае.
Чараўнік завярнуўся ды пайшоў дадому, а гэты хлапец секануў у дрэва, сякера высыпалася і няма чым рубаць. Сеў ён і плача. Аж у палудзень прыносіць тая самая есьці і кажа:
— Чаго ты зноў плачаш?
— А як-жа мне ня плакаць, калі мяне твой татуля так націрае, што я цябе мо больш і не пабачу.
А яна яму кажа:
— Э, глупства, не бядуй, еш і ляж адпачыць, я табе дапамагу, але глядзі, каб ты аба мне не забыўся.
Тут-жа ён прырок ёй, што ніколі не забудзе. А пад'еўшы, палажыўся спаць. Яна тымчасам клікнула сваіх памоцнікаў, і ўвачавідкі сажні стаяць. Тады яна кажа:
— Уставай ужо, а калі прыдзе чараўнік і запытае, ці добра зрабіў, то скажы: усё добра, толькі адна хвоя зламалася напалову. А не кажы, што я табе дапамагаю, бо ён цябе будзе пытаць.
Прыходзіць чараўнік і пытае:
— А што, добра зрабіў?
— Добра, толькі адна хвоя зламалася напалову.
— О, — кажа — то ты, мусіць, лепшы майстар за мяне. Але ці не дапамагае табе дачка мая?
— Ы-ы, яшчэ, то не дапамагала, толькі прынясе палудзень, я зьем, і зараз яна ідзе назад.
— Ну, то йдзі дадому.
Завёў, напаіў, накарміў дасыта і кажа:
— Ідзі-ж спаць, бо заўтра зноў чакае цябе праца.
Назаўтра даў яму напарстак, завёў яго да возера ды й кажа:
— Вылі з возера за дзень усю ваду, а дно пясочкам жоўценькім высып. Апрача таго, палічы рыбаў, колькі будзе вялікіх, і колькі малых.
Той выліваў, выліваў напарсткам ваду, але й знаку няма. Аж прыносіць тая есьці, а ён плача.
— Чаго ты ўсё плачаш.
— А як-жа мне ня плакаць, то-ж казаў мне бацька твой напарсткам ваду выліць, а я выліваю і знаку няма.
— Э, глупства, я табе дапамагу, але памятай, каб ты мяне не забыўся.
Ён пад'еў і палажыўся спаць. Як бачыш, так вада выліта, і дно жоўценькім пясочкам пасыпана.
— Ну, устань, але памятай, калі прыдзе татуля і запытае, ці зрабіў, кажы — зрабіў. — А рыбу палічыў? — Палічыў: большай трыста шэсьцьдзесят, а меншай ня зьлічыў. Тады ён табе скажа, што гэта не твая праца, а мая, то ты не кажы, што гэта я зрабіла, бо было-б з табою кепска. Ну, а пасьля ён табе скажа, каб ты пазнаў, каторая табе абед насіла, а нас ёсьць сем, то над маёй галавою будзе муха лятаць; а другі раз — ззаду будзе кветачка ў мяне, а трэйці раз — будзе на пазурку зялёная нітачка. — Сказаўшы гэта, пайшла да хаты.
Неўзабаве прыходзіць чараўнік і пытае:
— А што, зрабіў?
— Зрабіў.
— Рыбу аблічыў?
— Аблічыў: большай трыста шэсьцьдзесят, а меншай не аблічыў.
— О, мусіць, то мая дачка зрабіла, а ня ты? — А ён:
— Не, — кажа, — далі-Бог не: яна толькі прынесла есьці і зараз-жа пайшла.
— Ну, ідзі дадому, калі ты пазнаеш, каторая прыносіла табе палудзень, то я цябе ажаню зь ёю, а калі не — то галаву адарву.
Пайшлі. Прыходзіць, аж ён паставіў сем паненак, як адна, ніякае адмены нідзе няма.
— Ну, — кажа — выбірай.
Прыгледзеўся ён над катораю муха лятала і кажа:
— Вось гэта.
— Ну, добра, ідзі спаць.
На другі дзень вывяў зноў сем, як адну, і кажа:
— Выбірай цяпер.
Так абыйшоў ён кругом, угледзіў белую кветачку і кажа:
— Гэта мая.
Чараўнік толькі галавою пакруціў і думае сабе: ну й хітры-ж ты.
Назаўтра выводзіць зноў сем галубіц, як адна, аніякае адмены, і кажа:
— Ну, хлопча, выбірай, каторая табе палудзень насіла.
Хадзіў ён кругом, хадзіў і ўгледзеў на пазурку зялёную нітачку, ды й кажа:
— Калі ня мыляюся, то гэта мая. А чараўнік: