— Ну, — кажа, — ты лепшы штукар за мяне.
Назаўтра іх ажаніў і загадаў, каб матка пільнавала, каб часам яны не паўцякалі. А нявеста ціха кажа каралевічу:
— Мы ўцячом, але паставім дванаццаць зэдлікаў, то гэтыя зэдлікі будуць за мяне адказваць.
Так і зрабілі, а самі наўцекача. Матка пытае:
— Галена, ты ёсьць?
— Ёсьць.
Так яна пытала дванаццаць разоў, а зэдлікі адказвалі; запытала трынаццаты раз — ціха, дык яна як крыкне:
— Мужу, уставай — няма!
Тады чараўнік кажа:
— Бяжы хутчэй, маці, калі ўпусьціла, гані іх.
Маці зрабілася цёмнаю хмараю і гоніцца, а дачка тое пачула й кажа:
— Гоніць нас маці, я стану вялікім лесам, а ты маленькаю птушачкаю, толькі ня дайся ёй ухапіць.
Вырас адразу вялікі лес, а маленькая птушачка лятае ў ім. Пачала баба за птушкаю ганяцца: лятала, лятала, ды не ўхапіла. Вярнулася назад, чараўнік пытае:
— А што ты бачыла?
— Так і так.
— А чаму ты ня брала, то-ж гэта яны, — гані баба ізноў.
Баба зноў зрабілася цёмнаю хмараю і гоніць, а дачка тое пачула й кажа:
— Ну, гоніцца зноў маці, я зраблюся вялікаю гарою, зарослаю церняю, а ты будзеш салавейчыкам, толькі ня дайся ёй ухапіць.
І стала адразу вялікая гара, зарослая церняю, а салавейчык песьню сьпявае. Хмара надыйшла, стала баба за салавейчыкам хадзіць: хадзіла, хадзіла — ня дала рады прадзіраць гэтага церня калючага, завярнулася і паляцела, а яны далей уцякаюць. Прылятае да хаты, а ён:
— А што, бачыла?
— Так і так.
— Чаму ты, дурная баба, ня брала, то-ж гэта яны й былі. Гані трэйці раз, як знойдзеш, забірай.
Узяла баба із сабою тры гарэхі і зноў гоніць іх, а дачка пачула й кажа:
— Я буду возерам, а ты качуром — ня дайся-ж ты ёй ухапіць.
Прыляцела баба, хадзіла кругом возера і не ўхапіла.
— Ну, ты, — кажа, — мяне не шкадуеш, а я цябе шкадую: на табе, дачка, тры гарэхі, яны табе ў няшчасьці дапамогуць.
А потым паляцела назад, а яны з гарэхамі — уцякаюць далей. Калі-ж падыйшлі блізка да дому таго хлапца, яна й кажа:
— Я затрымаюся ў карчме, а ты ідзі дадому, толькі глядзі, каб цябе бацькі не цалавалі, бо ты аба мне зусім забудзеш.
Ён зайшоў у хату, а бацькі з радасьці давай яго цалаваць, дык ён і чыста забыўся. Пабыўшы крыху, гавораць яму, каб жаніўся. Дык ён і жэніцца. Сабралася шмат народу, а чараўніковая дачка раскусіла азін гарэх і вынула зь яго сукню, як месяц, убралася й ідзе. А матка каралевіча, як пабачыла яе, пачала бедаваць, што тую пакіне. Клікнула яна яе да пакою, дала ёй такога віна, што яна выпіла і заснула. Зьнялі яны тады зь яе тую сукню і схавалі. Прачнулася яна — няма сукні. Заплакала з гора і пайшла.
Аж на другі вечар зноў зьяжджаюцца госьці, яна раскусіла другі гарэх, дастала зь яго сукню, як зоркі на небе, убралася і пайшла. Матка яго яе пабачыла, зноў таксама зрабіла. Тая назаўтра прачнулася, але што-ж зробіш? Заплакала зноў і пайшла. Ідзе, аж спатыкае нейкую старую бабу. Тая падыйшла да яе і пытае:
— Чаго ты, доньку, плачаш?
— Так і так; парадзь мне, бабка, што мне рабіць, я яго ад сьмерці ратавала, а ён мяне забыў, хоць мы ўжо пажаніўшыся былі.
Тады бабка кажа:
— Убярыся ты ў кепскае адзеньне, напішы ліст, занясі і палажы пад люстэрка, дзе ён чэшацца, а ўвечары ўбярыся і ідзі. — Яна так і зрабіла.
У вечары раскусіла яна гарэх, дастала сукню, як сонца, апранула на сябе і ідзе. А ён, прачытаўшы ліст, успомніў яе, засмуціўся моцна, выйшаў на вуліцу і стаў пільнаваць. Пастаяў крыху, аж бачыць — ідзе. Пацалаваў яе, перапрасіў і йдуць разам да хаты, а людзі дзівяцца, што гэта за яснасьць такая, аж відна, як удзень. Увайшлі, яна пакланілася бацьком, расказалі, што было і, замест вясельля, зрабілі толькі вялікі баль.
На гэты баль і мяне клікалі, казалі, каб я ім паказаў камэдыю, а я ім сказаў, каб мне далі шкляныя боты, з масла капялюш і папяровы сурдут. Музыка то зайграла, я хацеў пайсьці танцаваць, але шкадаваў, каб не пабіліся боты, ськінуў іх і ўцёк, бо хацеў паказаць дома, што гэта за штука. Ішоў, ішоў, аж ноч занялася, лёг каля каменя начаваць. Дождж як пайшоў, чыста сурдут размок, я схапіўся і далей, а тут сонца як прыгрэла, капялюш растапіўся на галаве. Абуў боты шкляныя і іду, аж спаткнуўся на камень, а яны — дзын-дзын і пабіліся. Тады я давай ужо йсьці босы: ішоў, ішоў, прыйшоў на свой пасеў і тутка сеў. Байку вам сказаў, усё роўна як зьвязаў, а тыя ўсё жывуць, мёд віно п'юць, мне затое, што стуль уцёк — не даюць.
Браты-Паляўнічыя
Жылі-былі ў вадной вёсцы стары із старою. Было ў іх тры сыны.
Слаўныя гэта былі хлопцы й добрыя работнікі. Але найбольш за ўсё любілі яны на паляваньне хадзіць.