Выбрать главу

«Ці ня тут толькі мае браты сядзелі?» — думае паляўнічы.

І раптам чуе — шум, сьвіст, дрэвы гнуцца, кусты да зямлі сьхіляюцца, — ляціць Баба-Яга ў ступе, валасы матляюцца, спадніца надзімаецца, сама памялом сьлед замятае.

Прыляцела Баба-Яга, апусьцілася на палянку.

— Добры дзень, хлапчына!

— Добры дзень, бабка, — адказвае паляўнічы.

— Што гэта ў цябе так смачна смажаным пахне?

— Вазьмі, бабка, паеш, — кажа паляўнічы і падае ёй кавалак мяса.

А Баба-Яга адказвае:

— Не, сынок, баюся я тваіх зьвяроў. Дай ты мне пяць валаскоў із сваей галавы ды па пяць валаскоў ізь зьверанят, — тады падыйду.

— О, не, бабка, не на таго натрапіла, — адказвае паляўнічы. — А ну, зьвераняткі мае, дапамажыце мне з бабкай паквітавацца.

Кінуліся зьвераняты на Бабу-Ягу.

Львянё яе за горла хапае, ваўчанё — за ногі, мядзьведзянё лапамі камечыць.

Напужалася Баба-Яга, запішчэла, закрычала, загаласіла. А паляўнічы й кажа:

— Цяпер я ведаю, што з маімі братамі здарылася. Гэта твая работа. Кажы, што ты зь імі зрабіла, а не, дык мае вартаўнікі цябе жывую зьядуць.

Бачыць Баба-Яга, што няма рады ёй. Дзьмухнула яна на пні — ажылі старэйшыя браты, ажылі й іхныя зьвяры.

Накінуліся трое львянят, трое ваўчанят і трое мядзьведзянят на Бабу-Ягу і разарвалі яе на кавалкі.

Пачалі з таго часу браты сьмела ў пушчу на паляваньне хадзіць. Шмат дзічыны ў ёй стралялі, шмат зьвяроў лавілі, і добра жыць сталі.

Стралец і Рыбак

Былі ў бацькі два сыны. Вырасьлі яны, як дубы, а бацьку ўсё няма палёгкі.

Большы, праўда старанны быў хлопец, ды вось бяда: змалку ўсё розныя пасткі майстраваў, а як падрос, дык дастаў сабе стрэльбу і не разлучаўся зь ёю. Людзі на работу ідуць, а ён стрэльбу на плячо ды шмыг у лес ці на балота. Цягаецца там увесь дзень, дахаты-ж з пустымі рукамі ідзе, галодны, як воўк. Топча лапці, а прыбытку ніякага. Калі-ж часам і ўпалюе якое зайчанё, дык хутчэй нясе пану, каб той даў пораху.

Перш сварыўся на яго бацька, потым бачыць — нічога не парадзіш, калі ў сына такая ахвота.

А меншы сын такі гультай удаўся, хоць ты яго з хаты гані. Дзень і ноч сядзіць з вудаю на рэчцы, за гаспадарку-ж ані не бярэцца. Наловіць жменю пяшкуроў ці яршоў, — якая ад іх карысьць? Хіба што кату паласавацца.

Пачаў і на яго бацька сварыцца, што толькі час марна траціць. Але меншы сын ня слухае бацькі, бо вядома, ахвота горш няволі.

А каб апраўдацца перад бацькам, што з пустымі рукамі прыходзяць, выдумляюць сыны розныя прычыны.

Стралец расказвае:

— Сяньня з самага ранку натрапіў я на чараду коз. Была там каза з казьлянятамі ды стары казёл барадаты. Але толькі я злажыўся, каб выстраліць, ажно ў казла, ліха на яго, у ноздрах восы заказыталі. Ён як чмыхнуў, дык цэлы рой восаў выляцеў з ноздраў. Давай тыя восы казу з казьлянятамі кусаць… Ну, яны і пасмалілі, як шалёныя, у гушчар. Я за імі. Выскачыў на палянку, а там стаіць на задніх лапах вялізны, як вол, мядзьведзь. Бурчыць сярдзіта ды абараняецца пярэднімі лапамі ад чмялёў. Ну, думаю, гэта, відаць, толькі што выйшаў зь яго чмяліны рой. У такі час мядзьведзь вельмі злосны. Пабаяўся я страляць у яго, а хутчэй скокнуў на елку. Дык вось і сядзеў там, на елцы, увесь дзень, пакуль мядзьведзь ня сышоў…

Рыбак расказвае:

— Сяджу гэта я на беразе, цікую за паплаўком. Раптам нейкі шчупачышча цоп за кручок — і на дно! Я за вудзільна цягну, ажно жылы ў мяне трашчаць. Давалок да берагу, а шчупак віль хвастом і будзь здароў… Бадай цябе! Закінуў другі раз вуду. Зноў той шчупачышча папаўся. Падцягнуў яго да берагу, хацеў рукамі ўхапіць, ды ня ўстрымаўся і — шабулдых у ваду!.. Насілу жывы выкарабкаўся.

Слухае бацька сыноў ды толькі галавою круціць:

— Праўду бо людзі кажуць, што ў стральца дым густы, ды абед пусты, а рыбак як намочыцца, дык і рыбы яму не захочыцца.

Думаў, думаў бацька, як яму сыноў адвучыць ад благой прывычкі, але нічога ня можа прыдумаць. Аднойчы зайшоў да яго стары жабрак і папрасіўся нанач.

Разгаварыўся бацька з жабраком, на сыноў паскардзіўся.

— Выгадаваў, — кажа, — дзяцей, а падмогі на старасьць ніякай. Бо, вядома, стралец страляе, а гаспадарка гуляе…

Выслухаў жабрак бацькаву скаргу і параіў, што яму зрабіць, каб прывучыць сыноў да гаспадаркі.

Назаўтра бацька кажа сыном:

— Вось што, сынкі, ёсьць у мяне адна далёкая радня. Пайду я да яе. А вы сабе жывіце, як хочаце.

Сабраўся і пайшоў.

Засталіся сыны гаспадарамі.

Доўга яны гаспадарылі ці нядоўга, але хутка дажыліся так, што няма чаго, як кажуць, і ў рот палажыць. Пачалі браты спрачацца, хто вінаваты. Спрачаліся, а праўды так і не знайшлі.