— Хто тут ёсьць?
— Я, — кажа Сіняя сьвіта.
— А чаго ты сюды залез?
— Дык вось, узяўся ад цара-чараўніка схавацца, а ніяк не ўдаецца.
— Хочаш, я цябе схаваю?
— Схавай, добрая птушка. Век буду табе дзякаваць.
Птушка Нагай перакінула яго пярынкаю, узяла пад крыло, занесла ў царскі палац і палажыла соннаму цару за пазуху.
Раніцай цар устаў, памыўся, паглядзеў у чараўнічую кнігу і кажа:
— Перада мною стаяў добрым малайцом, па двары бег чорным сабалём, пад вароты лез белым гарнастаем, па полі бег шэрым зайцам, забег у трыдзесятае царства. Ёсьць у тым царстве дуб, што карэньні ў зямлі, а вяршыня ў небе. Забраўся ён за яго кару і сядзіць там, перакінуўшыся іголкаю.
Загадаў цар слугам сьпілаваць дуб, пакалоць на дровы і спаліць.
Слугі так і зрабілі, а Сіняй сьвіты не знайшлі. Прыходзяць і кажуць цару:
— Няма там Сіняй сьвіты.
— Як няма? — усхадзіўся цар. — Ня можа гэтага быць!
— Няма і ўсё, — кажуць слугі.
Выйшаў цар на ганак, пачаў клікаць:
— Сіняя сьвіта налева пашыта, пакажыся!
— Зьбяры, — адказвае Сіняя сьвіта, — сваіх генэралаў, тады пакажуся.
Цар чуе голас Сіняй сьвіты, а ня ведае, адкуль ідзе той голас.
Круціўся ён, круціўся, усюды заглядваў, а Сіняя сьвіта, як вадой разьліўся.
Ну, рабіць няма чаго, сабраў цар сваіх генэралаў. Выйшаў на ганак і зноў кліча:
— Сіняя сьвіта, пакажыся!
— Не, — чуе голас Сіняй сьвіты, — сьпярша пры генэралах адпішы мне палавіну царства, тады пакажуся. Бо ты падманіш — я цябе ведаю!
Як не хацелася цару, а прыйшлося адпісаць палавіну царства. Як толькі пры генэралах паставіў ён на ўказе сваю царскую пячатку, — з-за пазухі яго выпырхнула лёгкая пярынка і стала добрым малайцом.
— Вось і я! — кажа Сіняя сьвіта.
Схапіў ён той указ ды ў кішэню. Перастаў тады цар-чараўнік хованкамі займацца.
Алёнка
Жылі дзед і баба. І была ў іх дачка Алёнка. Ды ніхто з суседзяў не называў яе па імені, а ўсе звалі Крапіўніцай.
— Вунь, — кажуць, — Крапіўніца сваю Сіўку павяла пасьвіць.
— Вунь Крапіўніца з Лысуном у грыбы пайшла.
Толькі і чуе Алёнка — Крапіўніца ды Крапіўніца…
Прыйшла яна аднойчы дадому з вуліцы і скардзіцца матцы:
— Чаму гэта, мамка, ніхто мяне па імені не называе?
Маці ўздыхнула і кажа:
— Таму, дачушка, што ты ў нас адна: няма ў цябе ні братоў, ні сясьцёр. Расьцеш, як тая крапіва пры плоце.
— А дзе-ж мае браты і сёстры?
— Сясьцёр у цябе, — кажа маці, — няма, гэта праўда, а братоў было тры.
— Дзе-ж яны, мамка?
— Хто іх ведае. Як я цябе яшчэ ў калысцы калыхала, паехалі яны ў сьвет зь лютымі Зьмеямі-Цмокамі ваяваць, сабе і людзям шчасьце здабываць. З таго часу і не вярнуліся…
— Дык я пайду, мамка, шукаць іх — не хачу, каб мяне Крапіўніцай называлі!
І як бацька і маці ні адгаварвалі яе, — нічога зрабіць не маглі. Тады маці і кажа:
— Адну цябе я ня пушчу: малая ты яшчэ для такой дарогі. Запрагай Сіўку і едзь. Сіўка наша старая, разумная — яна завязе цябе да братоў. Ды глядзі, нікуды нанач не заяжджай: едзь як дзень, так ноч, пакуль братоў ня знойдзеш.
Запрэгла Алёнка Сіўку, узяла хлеба на дарогу і паехала. Выехала за вёску, бачыць — бяжыць за возам і стары іх сабака Лысун. Хацела Алёнка назад яго прагнаць, ды перадумала: няхай бяжыць — весялей будзе ў дарозе.
Ехала яна, ехала — прыехала да перакрыжаваньня дарог. Сіўка спынілася, назад паглядае. Алёнка пытаецца ў яе:
Тут Сіўка галаву ўзьняла, заржала, на левую дарогу паказала.
Алёнка пусьціла яе па левай дарозе.
Едзе яна чыстымі палямі, едзе цёмнымі барамі. Прыехала на сутоньні (зьмярканьні) ў вялікую пушчу. Бачыць — стаіць у пушчы пры дарозе хатка. Толькі Алёнка даехала да хаткі, як выбегла адтуль нейкая гарбатая кабеціна з доўгім носам. Спыніла Алёнку і кажа ёй:
— Куды ты, неразумная, едзеш супраць ночы? Цябе тут ваўкі зьядуць! Заставайся ў мяне — пераначуеш, а заўтра повідну паедзеш.
Пачуў гэта Лысун і зацяўкаў паціху:
Не паслухала Алёнка Лысуна, засталася начаваць у хатцы.
Распытала ведзьма Бабарыха ў Алёнкі, куды яна едзе. Алёнка ўсё расказала. Ведзьма ад радасьці аж падскочыла: браты Алёнчыны, думае яна, напэўна і ёсьць тыя асілкі, якія ўсю радню яе ізь сьвету зьвялі. Цяпер яна зь імі расправіцца…