Назаўтра ведзьма ўстала, прыбралася, як на кірмаш, а ўсё Алёнчына адзеньне схавала і будзіць яе:
— Уставай, паедзем братоў шукаць!
Устала Алёнка, глядзіць — няма адзеньня…
— Як-жа я паеду? — бядуе Алёнка.
Прынесла ёй ведзьма старыя жабрацкія рызманы.
— На, — кажа, — добра табе будзе і такое адзеньне.
Адзелася Алёнка, пайшла Сіўку запрагаць.
Узяла ведзьма нож і таўкач, села ў палукашак, як пані, а Алёнку за хурмана пасадзіла.
Едуць яны, а Лысун бяжыць збоку ды цяўкае:
Пачула гэта ведзьма Бабарыха, схапіла таўкач і шпурнула ў Лысуна. Лысун заенчыў — перабіла яму ведзьма нагу. Алёнка заплакала:
— Бедны, бедны Лысун, як-жа ты цяпер без нагі будзеш бегчы!..
— Сьціхні, — пагразіла ёй ведзьма, — а то і табе так будзе!
Едуць яны далей, а Лысун не адстае, на трох нагах скача. Даехалі да новага перакрыжаваньня. Сіўка спынілася. Алёнка пытаецца ў яе:
Сіўка заржала, на правую дарогу паказала.
Цэлую ноч ехалі яны цёмнаю пушчай па правай дарозе. Раніцай выехалі на луг, бачаць — перад імі шаўковы шацёр стаіць, а каля яго трое жарабкоў пасецца. Сіўка весела заржала і павезла Алёнку зь ведзьмай проста да шатра.
Алёнка зарадавалася:
— Гэта тут напэўна мае браты жывуць!
Ведзьма злосна цыкнула на яе:
— Маўчы лепш. Тут жывуць не твае браты, а мае!
Пад'ехалі да шатра. Выходзяць адтуль тры статныя хлопцы-малайцы — твар у твар, волас у волас, голас у голас.
Ведзьма саскочыла з возу і да іх:
— Як маецеся, браткі? Я ўвесь сьвет звандравала, сваю галоўку стурбавала, усё вас шукала…
— Дык гэта ты наша малодшая сястра? — пытаюцца браты-асілкі.
— Але, — кажа ведзьма, — ваша родная сястра…
Кінуліся браты да яе, давай цалаваць, на руках падкідаць. Так рады, што і сказаць ня можна.
— Бач, — дзівяцца яны, — як доўга мы ваявалі: сястра за гэты час ня толькі вырасла, а і пастарэла… Ну, ды нічога: усіх ворагаў мы пазьнішчалі; засталася толькі адна ведзьма Бабарыха. Як знойдзем яе — спалім і тады дахаты паедзем.
Пачула гэта ведзьма, і аж ухмыльнулася: цяпер паглядзім, хто каго спаліць!..
— А якая гэта, сястрыца, дзяўчынка з табою прыехала? — пытаецца старэйшы брат.
— Гэта мая наймічка, — адказала ведзьма Бабарыха. — Яна ў мяне за хурмана езьдзіць і маю кабылку пасе.
— Добра, — кажуць браты, — яна і нашых коней пасьвіць будзе.
Павярнулася ведзьма, гукнула срогім голасам да Алёнкі:
— Чаго сядзіш? Выпрагай Сіўку ды вядзі пасьвіць!
Заплакала Алёнка, пачала Сіўку выпрагаць. А браты падхапілі ведзьму Бабарыху на рукі, панесьлі ў шацёр, пачалі частаваць-трактаваць.
Есьць ведзьма Бабарыха, п'е, а сама сабе думае: «Як палягуць спаць, дык я іх усіх і парэжу…»
Тым часам Алёнка сядзіць на лузе каля коней і сьпявае, плачучы:
Зямля і сонца адказваюць:
Выйшаў меншы брат з шатра, заслухаўся. Вярнуўся назад і кажа:
— Ведаеш, сястрыца, ведаеце, браткі, ці то птушка на лузе шчабеча, ці то дзяўчына сьпявае. Але так жаласна, што аж за сэрца хапае.
— Гэта мая наймічка, — кажа ведзьма Бабарыха, — яна на ўсе штукі здатная, толькі да работы лянівая.
Выйшаў тады сярэдні брат паслухаць, хоць ведзьма ня пускала яго.
Паслухаў ён жаласную песьню Алёнкі, а потым чуе, як сабака Лысун зацяўкаў:
Вярнуўся сярэдні брат і кажа да старэйшага:
— Пайдзі ты паслухай.
Пайшоў старэйшы брат, а сярэдні вока зь ведзьмы Бабарыхі ня спускае…
Паслухаў старэйшы брат Алёнчыну песьню, паслухаў, што сабака Лысун сказаў пра ведзьму Бабарыху, і аб усім здагадаўся.
Пабег ён тады да Алёнкі, схапіў яе на рукі і прынёс у шацёр.