Выбрать главу

— Вось, — кажа да братоў, — хто наша сапраўдная сястра! А гэта подманшчыца: ведзьма Бабарыха!

Расклалі браты вялікае вогнішча, спалілі на ім ведзьму Бабарыху, попел па чыстым полі разьвеялі, каб і духу яе ня было. А потым згарнулі шаўковы шацёр ды вясёлыя паехалі з Алёнкай да старых бацькоў.

Разумная дачка

Жыў адзін бедны чалавек з жонкаю. Нарадзілася ў іх дачка. Прышлося спраўляць радзіны. А ў чалавека таго ні хлеба, ні да хлеба. Чым гасьцей частаваць?

Пайшоў бядняк на рэчку па ваду. Аж бачыць — ляжыць у кустох цялушачка. Ды такая слабая, што сама і ня ўстане.

Прынёс ён цялушачку дахаты і кажа жонцы:

— Давай зарэжам яе: будзе чым гасьцей пачаставаць.

Спадабалася жонцы цялушачка — такая рыжанькая ды лысенькая.

— Не, — адказвае яна, — хай лепш гадуецца.

— Дык яна-ж зусім кволенькая. Яе, відаць, нехта знарок выгнаў, каб у хляве ня здохла.

— Нічога, можа як і выгадуем. Падрасьце дачка — будзе ёй малако.

Паслухаў чалавек жонку, і пачалі яны гадаваць цялушачку.

Падужэла тая, расьце, як на дражджах. І дачка таксама расьце, як на дражджах. Ды такая разумніца ўдалася, што і старыя ахвотна слухаюць яе.

Выгадавалася з лысенькай цялушкі слаўная карова.

Падрасла дзяўчынка, стала ёй сем гадоў, пачала сама пасьвіць карову.

Заглядзеўся аднойчы багаты сусед на карову бедняка.

— Адкуль у цябе такая добрая карова? — пытаецца.

Бядняк і разказаў яму ўсё, як было.

— Эгэ, — кажа багацей, — дык гэта-ж мая цялушка! Гэта я выгнаў яе — ня думаў, што яна на ногі ўстане. Не, тады я забяру сваю карову назад…

Зажурыўся бедны чалавек.

— Я-ж яе гадаваў, — кажа. — І яна цяпер мая.

Не згаджаецца багаты:

— Не аддасі дабром — пойдзем да пана на суд.

Што рабіць? Пайшлі да пана на суд.

Багаты падаў пану руку, прывітаўся: вядома, багаты з багатым свае людзі. Пан кажа яму:

— Садзіся ў мяне.

Багаты сеў у крэсла, а бедны стаіць у парозе, шапку зьняўшы. Пан на яго і не глядзіць.

— Ну, што добрага скажаш? — пытаецца пан у багатага.

— Ды вось, пане, якая справа, — пачаў скардзіцца багаты. — Сем гадоў таму назад гэты чалавек забраў маю цялушачку і цяпер не аддае…

Выслухаў пан і бедняка. А потым кажа ім:

— Добра. Суд мой будзе такі. Я загадаю вам тры загадкі: што на сьвеце сыцей за ўсё, што на сьвеце саладзей за ўсё, што на сьвеце шпарчэй за ўсё? Хто адгадае, таму і застанецца карова. А цяпер ідзіце дахаты, падумаўце. Заўтра прыдзеце з адгадкамі.

Вярнуўся бедны чалавек дахаты, сеў і плача.

— Чаго ты, тата, плачаш? — пытаецца дачка.

— Ды так і так, — адказвае бацька. — Хоча багаты сусед адабраць у нас карову. Пайшлі мы зь ім да пана на суд. А той загадаў нам тры загадкі. Хто з нас адгадае, таму і карова застанецца. Дзе-ж мне адгадаць тыя загадкі!

— А якія, тата, загадкі? — пытаецца дачка. Бацька сказаў.

— Нічога, тата, ня турбуйся, — кажа дачка. — Кладзіся спаць. Раніца за вечар мудрэйшая, заўтра што-небудзь прыдумаем.

А багаты прыйшоў дадому і радуецца.

— Ну, баба, карова будзе наша! Трэба нам з табою толькі адгадаць тры загадкі: што на сьвеце сыцей, што саладзей, і што шпарчэй?

— Вось, дзіва! — усьміхнулася жонка. — Тут і адгадваць няма чаго. Сыцей за нашага рабога парсюка нікога на сьвеце няма. Саладзей за ліпавы мёд ад нашых пчол таксама няма нічога. А шпарчэй за нашага гнядога жарабца ніхто ня зможа бегчы: ён-жа як памчыцца, дык і вецер не дагоніць!

— Праўда, — згадзіўся мужык, — так я і скажу пану.

Назаўтра прыходзяць бедны з багатым да пана.

— Ну, што, адгадалі мае загадкі? — пытаецца пан.

Багаты выйшаў наперад:

— Ды тут і адгадваць няма чаго: няма нікога і нічога на сьвеце сыцей за майго рабога парсюка, саладзей — за ліпавы мёд ад маіх пчол і шпарчэй — за майго гнядога жарабца.

— А ты, — пытаецца пан бедняка, — адгадаў?

— Адгадаў, пане: няма нічога сыцей за зямлю, бо яна ўсіх корміць; няма нічога саладзей за сон, бо хоць якое гора, а засьнеш дык і забудзешся; і няма нічога шпарчэй за людзкія думкі, бо сам ты яшчэ тут, а думкі ўжо далёка-далёка…

Правільна адгадаў бядняк! Прышлося пану прысудзіць яму карову.

— Хто гэта цябе навучыў так адказваць на мае загадкі? — пытаецца пан у бедняка.

— Мая дачка-сямігодка.

Зьдзівіўся пан: ня можа таго быць, каб такая малая беднякова дачка адгадала яго загадкі! І захацелася яму паглядзець на разумную дзяўчынку. Прыехаў ён аднойчы да бедняка, а той якраз з жонкаю ў полі быў. Сустрэла пана беднякова дачка-сямігодка.