Выбрать главу

Дзядзькі так і зрабілі. Жарабя пабегла за кабылаю, на гэтым і спрэчка ў іх скончылася.

Вярнуўся пан з-за мяжы і дачуўся, што разумная дзяўчынка безь яго суды судзіла. Узлаваўся ён, нарабіў крыку:

— Што-ж ты не паслухала мяне? Цяпер ты не мая дачка. Бяры сабе з маёнтку, што пажадаеш, ды ідзі дахаты, каб я цябе больш ня бачыў!

— Добра, — кажа дзяўчынка, — але мне хочацца на адход цябе віном пачаставаць.

— Частуй, — буркнў пан. — толькі хутчэй.

Напаіла яго дзяўчынка віном, пан і заснуў бяз памяці. Загадала яна тады слугам запрэгчы каня, палажыла пана ў карэту і павезла дахаты. Дома з бацькам зьняла яго з карэты ды перанесла ў сенцы на салому.

— Вось табе, — кажа, — пасьцель замест пярын. Ачухвайся тут.

Прачнуўся назаўтра пан, аглядаецца — дзе-ж гэта ён? Убачыў сваю прыёмную дачку, якую прагнаў, і пытаецца:

— Чаму я тут, у бруднай мужыцкай хаце, ляжу?

— Ты сам так захацеў, — сьмяецца дзяўчынка. — Ты сказаў мне: «Бяры сабе з маёнтка, што пажадаеш, ды ідзі дахаты». Я і ўзяла цябе. Уставай ды ідзі замест бацькі паншчыну адбываць. Ты мужык дужы, роботнік зь цябе будзе нядрэнны.

Пачуўшы гэта, пан усхапіўся на ногі і так драпануў назад у свой маёнтак, што толькі яго і бачылі. Навет ад коней з карэтаю адрокся.

Залатая яблынька

Жыў дзед і баба. І былі ў іх дочкі — дзедава дачка і бабіна дачка. Дзедаву дачку звалі Галя, а бабіну — Юля.

Баба сваю родную дачку песьціла, даглядала, а дзедаву ў чорным целе трымала і ўсё шукала прычэпкі, каб ізь сьвету зьвесьці.

Пайшоў аднойчы дзед на кірмаш, купіў бычка-трацячка. Прывёў дахаты і кажа дочкам:

— Будзеце пасьвіць яго па чарзе — адна дзень і другая дзень.

Пагнала ў першы дзень бычка на пашу дзедава дачка. Злая мачыха дала ёй верацяно і мех кудзелі.

— Глядзі, — кажа, — каб за дзень усю кудзелю спрала, кросны выткала, палатно выбяліла і ўвечары дамоў прынесла. А калі ня зробіш — ня жыць табе.

Вывела Галя бычка з хлява, пагладзіла па шыі і пагнала на пашу. Гоніць, а сама горкімі сьлязьмі заліваецца.

Бычок пытаецца:

— Дзеўка-дзявіца, русая касіца, чаго плачаш?

— Як-жа мне ня плакаць, бычок? Загадала мне мачыха гэты мех кудзелі спрасьці, кросны выткаць, палатно выбяліць і ўвечары дамоў прынесьці… Ці-ж зраблю я за дзень такую работу?

— Ня плач, — адказвае бычок, — гані мяне на шаўковую травіцу, на сьвежую расіцу, там мы што-небудзь прыдумаем.

Прыгнала Галя бычка на шаўковую травіцу, на сьвежую расіцу. Наеўся бычок, напасьвіўся, а потым і кажа:

— Цяпер кладзі мне ў правае вуха кудзелю і верацяно. А сама хукні ў левае вуха і глядзі, што будзе.

Палажыла Галя бычку ў правае вуха кудзелю і верацяно, хукнула ў левае вуха і глядзіць. Аж там — кудзеля прадзецца, кросны ткуцца, палатно беліцца і ў сувой скочваецца…

Як усё было зроблена, выняла Галя гатовы сувой палатна і вясёлая пагнала бычка дахаты.

Злая мачыха сустрэла яе на дварэ:

— Ну, што: спрала кудзелю?

— Спрала, — кажа Галя, і падала ёй гатовы сувой палатна.

Мачыха аж за галаву хашлася: такую работу зрабіла яе падчарка! А тут і суседкі прыйшлі — дзівяцца, якое тонкае палатно выткала Галя. Усе хваляць яе, не нахваляцца.

Прыйшла чарга гнаць бычка бабінай дачцэ Юлі. Дала ёй маці верацяно і поўмяха кудзелі.

— Спрадзі, — кажа, — дачушка, гэтую кудзелю і вытчы палатно яшчэ лепшае, чым выткала твая няродная сястра. Хачу, каб цябе людзі хвалілі, а не яе.

Узяла Юля тоўсты дубец і пагнала бычка. Гоніць ды ўсё хвошча яго дубцом. Бычок давай кідацца туды-сюды, а Юля бегае за ім, кляне на чым сьвет стаіць. Бегала, бегала і верацяно згубіла.

Прыгнала яна сяк-так бычка на пусты выган, палажыла кудзелю, а сама спаць уклалася. Бычок узяў кудзелю, пабэрсаў нагамі і ўтаптаў у балота.

Прачнулася пад вечар Юля, глядзіць — кудзеля ў балоце ўтоптана… Схапіла яна дубец ды давай бычка біць. Бычок пабег дахаты, і яна за ім з крыкам.

Дома маці пытаецца ў яе:

— Ну, як, дачушка: зрабіла работу?

— Ды не, — кажа дачка.

— Чаму?

— Бычок вінаваты. Празь яго я верацяно згубіла, а потым яшчэ ён і кудзелю маю ў балота ўтаптаў…

Узлавалася мачыха на бычка. Пайшла да дзеда і кажа:

— Зарэж, дзед, бычка!

— Ці ня здурэла ты, баба? — падзівіўся дзед. — Навошта нам яго рэзаць?

Тут баба як затупае нагамі, як накінецца на дзеда з кулакамі:

— Калі не зарэжаш, дык я цябе вон выганю разам з тваёй дачкою!

Нічога не парадзіш — згадзіўся дзед зарэзаць бычка.

Пачула гэта Галя, пабегла ў хлеў да бычка, абкяла яго за шыю і залілася сьлязьмі.