— Дзеўка-дзявіца, русая касіца, чаго ты плачаш? — пытаецца бычок.
Расказала яму Галя, што надумалася зрабіць злая мачыха.
— Ня плач, дзеўча, — кажа бычок. — Лепш паслухай, што я табе параю. Як зарэжуць мяне, вазьмі маю печань, і там знойдзеш залатое зярнятка. Пасадзі тое зярнятка ў садку каля хаты. Вось і ўсё.
Галя так і зрабіла, як сказаў бычок.
Вырасла зь зярняткі яблынька з залатымі яблыкамі.
Хто ні ідзе ці ня едзе каля садка — усе дзівяцца з залатой яблынькі.
Ехаў аднойчы з вайны прыгожы малады гусар. Убачыў яблыньку і спыніўся. Працягнуў руку да яе, каб сарваць залаты яблык. А яблынька — дзын, дзын, дзын! — і паднялася ўгору. Апусьціў гусар руку — яблынька зноў стала на сваё месца.
Убачыла гэта праз акно Галя і кажа да мачыхі:
— Пайду я сарву гэтаму прыгожаму гусару адзін яблычак.
А мачыха як затупае на яе, як закрычыць:
— Я табе галаву сарву!
Схапіла яна Галю ды засадзіла пад карыта, а ў садок паслала Юлю: няхай, думае, лепш родная дачка сарве гэтаму гусару яблык, можа, ён закахаецца ў яе…
Падышла Юля да яблынькі, а тая — дзын, дзын, дзын! — і паднялася ўгору.
Узлавалася Юля на яблыньку, пачала яе лаяць апошнімі словамі.
А тут якраз па дварэ хадзіў пеўнік. Ускочыў ён на плот і кукарэкае:
— Ку-ка-рэ-ку! Дзедава дачка пад карытам схавана, а бабіна хоча яблыкі яе сарваць ды выйсьці замуж за пана…
Пачуў гэта гусар, зьлез з каня і пайшоў у хату. Знайшоў там пад карытам дзедаву дачку. Як зірнуў на яе, дык вачэй ня можа адарваць: так яна яму спадабалася.
— Дзеўка-дзявіца, — пакланіўся ёй гусар. — Сарві мне на памяць залаты яблык з сваёй яблынькі.
Падышла Галя да яблынькі — і ўсе яблыкі ўпалі да яе ног.
Сабрала яна іх у прыпол, прынесла гусару. Гусар падхапіў яе, пасадзіў на каня побач з сабою і павёз да сваіх бацькоў.
Дома яны згулялі вясельле і сталі жыць-пажываць у згодзе ды ў ладзе. Нарадзіўся ў іх сын, ды такі прыгожы, што бацькі не наглядзяцца на яго.
Тым часам злая мачыха не магла спаць ад зайздрасьці, чаму гусар не яе дачку, а дзедаву замуж узяў. І ўсё думала, як яе ізь сьвету зьвесьці.
Аднаго разу кажа яна сваёй дачцэ:
— Схадзі ты, дачушка, да сястры ў госьці. Пакліч яе з сабою купацца ды ўтапі…
Паслухала Юля маткі, пайшла ў госьці да сястры. Падгаварыла яе купацца. На рэчцы кажа ёй:
— Сядзь ты, сястрыца, на кладцы, я табе плечы памыю.
Села Галя на кладцы, а Юля ськінула яе ў ваду і пабегла дахаты.
Чакаюць дома Галю — няма. Малы сын плача, ніхто суцешыць ня можа. Узяла яго нянька на рукі, пайшла ўздоўж рэчкі гукаючы:
— Галя, Галюся, твой маладзён плача, есьці хоча. Куры сьпяць, гусі сьпяць, адзін ён ня ўсыпаецца, маткі не дачакаецца…
І чуе яна голас з вады:
— Ой, цяжка мне выйсьці да сына: камень ногі падбівае, вада вочы залівае…
Пачуў малы сынок матчын голас і яшчэ мацней заплакаў.
— Ой іду, сынок, ой бягу, — адгукаецца маці. — Слухаць плач твой, сынок, не магу.
Выйшла маці з вады, накарміла сына, ён і заснуў. А сама назад пайшла.
Вярнулася нянька дадому, расказала, што было каля рэчкі.
Назаўтра сам бацька ўзяў залаты яблык і сына ды пайшоў да рэчкі. Прыйшоў на бераг і гукае:
— Галя, Галюся, твой маладзён плача, есьці хоча…
Пачула маці плач сына і адказвае:
— Ой, іду, сынок, ой бягу: слухаць плач твой, сынок, не магу.
Выйшла яна на бераг, пакарміла сына, — ён і заснуў. Тады муж дастаў зь кішэні залаты яблык і даў жонцы. І як толькі ўкусіла яна залаты яблык — адразу апрытомнела.
Зарадаваўся муж, прывёў яе дадому. Сталі яны зноў жыць добра і шчасьліва.
А злую мачыху і яе дачку больш да сябе і на парог ня пускалі.
Паляшукі й Палявікі
Было ў бацькі дванаццаць сыноў, усе рослыя ды ўдалыя хлопцы.
Жылі яны на вялікай палянцы, між цёмнага лесу. Вялі там сваю гаспадарку, палявалі на дзікіх зьвяроў і птушак.
Стары бацька, сівы, як голуб, сядзеў сабе ў кажушку зімой і ўлетку ды толькі камандаваў. І былі ў той сям'і лад ды згода.
Суседзі жылі ад іх далёка і не рабілі ім шкоды, бо баяліся дружнай сям'і.
Пажаніліся сыны, пайшлі ў іх свае дзеці. Вялікая вырасла сям'я. Ды ўсе слухалі старога бацьку, і кажны рабіў сваю работу.
Але вось па некаторым часе памёр бацька, і пачаліся ў сям'і нялады. Жонкі братоў сварацца, адна адну заядаюць, — рады няма. Такая пайшла між імі калатня, пгго й мужыкі нічога зрабіць ня могуць. Крычаць жонкі, хочуць дзяліцца.
«Ну, што-ж, — думаюць браты, — трэба дзяліцца».
Пачалі дзяліцца. Ды справа гэта не такая й лёгкая, як ім здавалася. Сяк-так з крыкам ды зыкам падзялілі дабро й жывёлу. А як дайшло да зямлі, дык тут ледзь адзін аднаго не пазабівалі: ніяк ня могуць падзяліць сваю палянку, каб нікому крыўды ня было. Перасварыліся браты з-за зямлі і сталі адзін аднаму ворагамі.