Толькі два малодшыя браты жылі між сабою ў вялікай згодзе: куды адзін, туды й другі. Не захацелі яны калаціцца з братамі за зямлю, пакінулі бацькаву хату ды падаліся ў сьвет шукаць іншага прытулку.
Зрабілі браты з двух дубоў вялікія сані, запрэглі ў іх шэсьць пар валоў, наклалі дабро, пасадзілі жонак зь дзяцьмі ды паехалі на санях па пяску. А каровы і дробная жывёла ззаду за імі пайшлі.
Працягнулі крыху валы дубовыя сані па пяску ды сталі, як укопаныя. Калёс тыя браты ня мелі і нічога пра іх ня ведалі, бо нікуды яны з свайго лесу ня толькі ўлетку, але і зімою ня езьдзілі.
Пачалі браты адпілоўваць круглыя калодкі ды падкладваць пад палазы. Коцяцца калодкі, і сані паўзуць уперад.
Надакучыла меншаму брату падкладваць калодкі пад палазы, вось ён і кажа большаму:
— Давай зробім такую прыладу, каб калодкі самі круціліся пад палазамі.
І зрабілі яны першыя ў тым краі калёсы. Лёгка пайшлі цяпер валы, так што браты і самі паселі на воз. Едуць і дзівяцца, як яны да гэтага часу абыходзіліся без калёс.
Ехалі яны, ехалі, даехалі да вялікай ракі. Агледзелі раку — усюды глыбока, нідзе няма зручнага месца, каб пераехаць уброд. А тут такая навальніца ўсхадзілася, што лес, як зьвер, раве. Ломіць навальніца дрэвы, як саломінкі, ды шпурляе ў раку. Плывуць яны па вадзе цэлымі сьціртамі.
Паглядзеў на іх малодшы брат, падумаў і здагадаўся, як перабрацца цераз раку.
Налавілі яны з братам дрэў, ачысьцілі гальлё, калоды зьвязалі адну з аднэй і зрабілі моцны плыт. А як сьціхла навальніца, узьвезьлі свой воз на плыт. Самі стаяць на плыце ды кіруюць доўгімі жэрдкамібусакамі, а плыт плыве, як параход.
Убачылі каровы, што валы паплылі на другі бераг, кінуліся ў раку ды за імі наўздагон. Толькі свіньні і авечкі не адважыліся скакаць у ваду. Стаяць на беразе, рохкаюць, мэкаюць. Вярнуліся потым браты з плытам назад і забралі іх.
Гэтак усе і пераправіліся праз шырокую і глыбокую раку.
Паехалі яны далей і забраліся ў такую пушчу, што й канца ёй няма.
Пачалі браты церабіць прасекі ў пушчы ды масьціць грэблі. Але дзе там! Чым далей, тым лес гусьцей, а ў ім такія нетры, што й выбрацца нельга.
Большы брат змарыўся, аслабеў.
— Застануся, — кажа ён меншаму брату, — я тут, бо ня хопіць у мяне сілы з гэтага лесу выцерабіцца.
І застаўся з сваёю сям'ёю жыць у лесе.
З таго часу і яго самога і ўвесь яго род пачалі зваць паляшукамі.
А малодшы брат не захацеў заставацца ў лесе. Быў ён дужы, як тур, і спадзяваўся на сваю сілу. Ён адзін церабіў прасекі, масьціў грэблі і ехаў далей.
І да гэтых часоў засталіся яшчэ на Палесьсі тыя прасекі ды грэблі, што нарабіў малодшы брат.
Ці доўга ён так выбіраўся зь цёмнага лесу, ці не, але вось нарэшце пачалі трапляцца прагаліны ды палянкі зь пяскамі. Асеў малодшы брат на гэтых палянках, пачаў іх араць і сеяць збожжа.
І з таго часу празвалі яго самога і ўвесь яго род палявікамі.
А потым размножыліся паляшукі й палявікі, занялі новыя лясы і палі ды сталі добрымі суседзямі.
Так і цяпер жывуць.
Ох і залатая табакерка
Жыў сабе сіраціна Янка, лясьнікоў сын. Бацькі яго памерлі, а радні ніякай ня было. Так і жыў ён адзін у лесе, у бацькавай хатцы. А каб весялей было, гадаваў пярэстага катка.
Прывык да яго каток. Бывала, куды гаспадар ідзе, туды і ён.
Пайшоў аднойчы Янка дровы зьбіраць. Ну, вядома, і каток за ім.
Набраў Янка вязку, нясе дадому, а каток адну сухую галінку ўсьлед цягне.
Стаміўся Янка, прысеў на пні, успомніў як цяжка яму жыць на сьвеце, і застагнаў моцна сам сабе:
— Ох, ох!
І толькі ён сказаў, — выскачыў з-пад пня маленькі дзядок з доўгаю барадою.
— Чаго ты мяне клікаў, дзяцюк?
Паглядзеў Янка спалохана на дзіўнага дзядка і кажа:
— Не, дзедка, ня клікаў я цябе.
— Як ня клікаў? — заспрачаўся дзядок. — Я-ж ня глухі! Ты два разы назваў маё імя: Ох, Ох… Мусіш мне цяпер сказаць, чаго ты ад мяне патрабуеш.
Падумаў Янка і кажа:
— Нічога, дзедка, мне ня трэба. Але я вельмі галодны. Калі маеш кавалак хлеба, то дай.
Ох нырнуў назад пад пень, і праз хвіліну вынес адтуль міску тлустай капусты і кавалак хлеба.
— На, — кажа, — еш.
Наеўся сіраціна, катка накарміў і нізка пакланіўся дзядку:
— Дзякую за абед: даўно такой смачнай стравы ня еў.