Даплылі ўжо траха не да берагу. Каток пытаецца ў мышкі:
— Ці ня згубіла ты табакеркі?
— Не, — кажа мышка, — вось яна!
Падняла табакерку, каб паказаць катку, ды ня ўтрымала: табакерка плюх у мора!
— Ах ты, недарэка! — узлаваўся каток. — Што-ж ты нарабіла?
Выплыў ён на бераг і схапіў мышку зубамі:
— Я цябе задушу!
Убачыў гэта Янка, адабраў мышку. А як даведаўся, што здарылася, дык зноў сеў каля мора і моцна заплакаў — так шкада было яму табакеркі!
Раптам з мора паказалася галава серабрыстай рыбкі:
— Чаго ты плачаш, добры чалавек? Раскажы мне: можа я табе ў чым дапамагу за тое, што ты калісь збавіў мяне ад сьмерці?
Прыгледзеўся Янка — пазнаў тую рыбку.
— Эх, — цяжка ўздыхнуў ён, — вялікая, рыбка, у мяне ўтрата…
І расказаў рыбцы пра сваю бяду. Выслухала яго рыбка і кажа:
— Гэта бяда — не бяда! У мяне тут у моры табакерак колькі хочаш. Я буду выкідаць, а ты пазнавай, якая твая. Сваю забярэш, а мае мне назад кінеш.
Вільнула рыбка хвастом і нырнула на дно мора.
Неўзабаве пачала яна шпурляць на бераг табакеркі — залатыя, сярэбраныя, дыямэнтавыя, маленькія і вялікія. У Янкі аж уваччу мітусіцца ад табакерак. Давай ён пільна прыглядацца да іх, і нарэшце-такі ўбачыў сваю.
Зарадаваўся Янка, павыкідаў у мора лішнія табакеркі і крыкнуў да рыбкі:
— Дзякую, даражэнькая! Збавіла ты мяне ад бяды.
Адчыніў ён сваю залатую табакерку. Выскачыў зь яе чалавечак:
— Што загадаеш, гаспадар?
— Апошняя мая просьба да цябе, добры мой памочнік, — кажа Янка: — аблажы ў поўнач саломаю Зьмеяў замак на высьпе і спалі яго.
— Добра, гаспадар! Будзе зроблена.
Дачакаўся Янка поўначы і, як зашугаў Зьмеяў замак, пайшоў адсюль з катком і мышкаю шукаць лепшых людзей.