Вось мокну я, мокну ў дзяжы, кісну я, кісну; месяць мяне, перакідаюць; потым, скачаўшы баханку, кідаюць мяне ў напаленую да чырвана печ. Рача, рача! Ці-ж можаш ты сабе ўявіць тую пакуту, якую мне трэба цярпець у печы?
Ой, цяжка, ой, страшна. Ты гэтак ні разу не пакутваў. Тады толькі страшэнная боль усьцішыцца, калі дастануць мяне зь печы і абальюць халоднай вадзіцаю.
І ўсё-ж такі я ня гневаюся на Бога.
Заварушыў рак сваімі доўгімі вусамі і вылез з нары.
Заяц і Вожык
У вадзін ясны сонечны дзень стаяў вожык каля дзьвярэй свайго дому, склаўшы рукі на жываце, і напяваў песеньку. Сьпяваў ён сваю песеньку, сьпяваў і раптам уздумаў: «Пайду я на поле ды на сваю бручку зірну. Пакуль мая жонка дзяцей мые ды апранае, я пасьпею і ў поле схадзіць і вярнуцца дадому».
Пайшоў вожык і сустрэўся падарозе з зайцам, які таксама йшоў у поле на сваю капусту паглядзець.
— Добры дзень, паважаны заяц! Як вы маецеся?
А заяц быў вельмі важны й горды. Замест таго, каб ветліва прывітацца з вожыкам, ён толькі кіўнуў галавою ды сказаў груба:
— Што гэта ты, вожык, так рана па полі лётаеш?
— Я на шпацыр выйшаў, — кажа вожык.
— На шпацыр? — запытаўся заяц насьмешліва. — А па-мойму, на такіх кароценькіх ножках далёка ня зойдзеш.
Пакрыўдзіўся вожык за гэткія словы. Ня любіў ён, калі гаварылі пра ягоныя ногі, якія запраўды былі кароткія ды крывыя.
— Ці ня думаеш ты, — запытаўся ён у зайца, — што твае ногі бегаюць хутчэй і лепш?
— Вядома, — адказаў заяц.
— А ці ня хочаш ты зы мною навыперадкі пабегчы? — пытаецца вожык.
— З табою навыперадкі? — кажа заяц. — Не сьмяшы ты мяне, калі ласка. Няўжо-ж ты на сваіх крывых нагах мяне абгоніш?
— А вось пабачым, — адказвае вожык. — Убачыш, што абганю.
— Ну, давай пабяжым, — кажа заяц.
— Пачакай, — адказвае вожык, — спачатку я схаджу дадому пасьнедаю, а праз паўгадзіны вярнуся на гэтае месца. Тады і пабяжым. Добра?
— Добра, — сказаў заяц.
Пайшоў вожык дадому. Ідзе й думае: «Заяц, вядома, хутчэй за мяне бегае. Але ён дурны, а я разумны. Я яго перахітру».
Прышоў вожык дадому і кажа жонцы:
— Жонка, апранайся хутчэй, прыдзецца табе зы мною ў поле йсьці.
— А што здарылася? — пытаецца вожычыха.
— Ды вось мы з зайцам паспрачаліся, хто хутчэй бегае — я ці ён. Я павінен зайца абагнаць, а ты мне ў гэтай справе дапаможаш.
— Што ты — звар'яцеў? — зьдзівілася вожычыха. — Ён-жа цябе адразу перагоніць.
— Не твая справа, жонка, — сказаў вожык. — Апранайся хутчэй ды пойдзем. Я ведаю, што раблю.
Апранулася жонка ды пайшла з вожыкам у поле.
Падарозе вожык кажа жонцы:
— Мы пабяжым з зайцам вось па гэтым доўгім полі. Заяц пабяжыць па аднэй баразьне, а я па другой. А ты, жонка, стань у канцы поля каля маёй баразны. Як толькі падбяжыць пад цябе заяц, ты крыкні: «Я ўжо тут!». Зразумела?
— Зразумела, — адказвае жонка.
Так яны й зрабілі. Завёў вожык жонку на канец свае баразны, а сам вярнуўся на тое месца, дзе пакінуў зайца.
— Ну, што-ж — кажа заяц, — пабяжым?
— Пабяжым, — адказвае вожык.
Сталі яны кажны ў пачатку свае баразны.
— Раз, два, тры! — крыкнуў заяц.
І абодвы яны пабеглі з усіх ног.
Прабег вожык крокаў тры-чатыры, а потым ціхенька вярнуўся на сваё месца і сеў. Сядзіць ды адпачывае. А заяц усё бяжыць ды бяжыць. Дабег да канца свае баразны, а тут вожычыха яму і крычыць:
— Я ўжо тут!
А трэба сказаць, што вожык і вожычыха вельмі падобныя адзін да другога. Зьдзівіўся заяц, што вожык яго перагнаў.
— Пабяжым цяпер назад, — кажа ён вожыку. — Раз, два, тры!
І пусьціўся заяц назад хутчэй. А вожычыха засталася сядзець на сваім месцы.
Дабег заяц да пачатку баразны, а насустрач яму вожык крычыць:
— Я ўжо тут!
Яшчэ больш зьдзівіўся заяц.
— Пабяжым яшчэ раз, — кажа ён вожыку.
— Добра, — адказвае вожык. — Калі хочаш, пабяжым яшчэ раз.
Так семдзесят тры разы бегаў заяц туды й назад.
А вожык усё яго пераганяў. Прыбяжыць заяц да пачатку баразны, а вожык крычыць: «Я ўжо тут».
На семдзесят чацьверты раз дабег заяц да сярэдзіны поля ды паваліўся на зямлю.
— Умарыўся, — кажа, — не магу больш бегаць.