Выбрать главу

Друкавацца пачаў у 1981 г. Аўтар кнігі прозы «Фарбы душы» (1989), п'ес «Іскры ўначы» (пастаўлена ў 1982, апублікавана ў 1986), «Камедыянт, ці Ўзнёсласць сумнай надзеі» (пастаўлена ў 1984, апублікавана ў 1985), сцэнарыяў тэлевізійных мастацкіх фільмаў «Камедыянт» (1987), «Сон» (кароткаметражны паводле ўласнага апавядання «Чарга», 1989; прыз Саюза кінематаграфістаў СССР на XIII Усесаюзным фестывалі тэлевізійных фільмаў, 1989; першае месца ў конкурсе ў рамках Тыдня міжнароднага кіно ў Тэруэлі, 1989, Гішпанія).

Перакладае з французскай, ангельскай, летувіскай моў. Пераклаў раманы «Порт туманаў» Ж.Сіменона («Сучасны замежны дэтэктыў», 1988), «Планета малпаў» П.Буля («Сучасная замежная фантастыка», 1990), п'есы «Улюбёнец публікі» С.Палякова (пастаўлена ў 1985), «Жаночы стол у паляўнічай зале» В.Мярэжкі (пастаўлена ў 1988), «Матылёчак, матылёчак...» А.Нікалаі (пастаўлена ў 1988), аповесць Веркора «Маўчанне мора» («Далягляды», 1987), аповесці Ж.Сіменона «Пад страхам смерці» (часопіс «Беларусь», 1988), «Дзяўчына і бясхвостыя парсючкі» («Далягляды», 1989) і іншыя творы замежных пісьменнікаў. Сумесна з В.Грыгалюнасам пераклаў з летувіскай мовы асобныя апавяданні Б.Радзявічуса, М.Слуцкіса, С.Шальцяніса.

Астрэйка Анатоль (таксама Астрэйка Акім), нарадзіўся 24.07.1911 г. у вёсцы Пясочнае Капыльскага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Скончыў двухгадовыя настаўніцкія курсы пры Менскім беларускім педагагічным тэхнікуме (1930), вучыўся на літаратурным факультэце Менскага вышэйшага педагагічнага інстытута (1932-1934). З 1930 г. працаваў у газетах Полацка, Воршы, Горак, Менска. У час Вялікай Айчыннай вайны быў адказным сакратаром сатырычнай газеты-плаката «Раздавім фашысцкую гадзіну». Двойчы (1942, 1943) накіроўваўся на акупіраваную тэрыторыю Беларусі. У 1946-1948 гг. - старшыня Гарадзенскага аддзялення СП БССР, у 1948-1953 гг. - адказны сакратар часопіса «Вожык». Сябра СП СССР з 1939 г.

Узнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі, «Знак Пашаны» і медалямі.

Памёр 23.08.1978 г.

Вершы пачаў друкаваць у 1929 г. Першы зборнік вершаў «Слава жыццю» выдадзены ў 1940 г. Рукапіс другога зборніка - «Квецень» згарэў у час вайны ў Менску. У 1943 г. друкарня слуцкай падпольнай газеты «Народны мсцівец» выпусціла зборнік «Слуцкі пояс». У пасляваенныя гады выйшлі кнігі паэзіі «Крамлёўскія зоры» (1945), «Добры дзень» (1948), «Зямля мая» (1952), «Песня дружбы» (1956), «Бацька мой Нёман» (1961), «Сэрца насцеж» (1965), «Цвіціце, верасы» (1975), «Зямная Случчына» (1977), «Ураджай цяпла» (1978), «Памяць дарог» (1980), а таксама вершаваная казка «Елка» (1949) і паэма для дзяцей «Прыгоды дзеда Міхеда» (1956). Выдадзены Выбраныя творы ў 2 тамах (1970, 1981).

Перакладаў творы пісьменнікаў народаў СССР на беларускую мову. Аўтар тэкстаў многіх беларускіх песень.

Астрэйка Сяргей, нарадзіўся 09.07.1912 г. у вёсцы Каласаўшчына Капыльскага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Скончыў Менскі беларускі педагагічны тэхнікум (1930). Быў рэдактарам у Беларускім навукова-даследчым інстытуце прамысловасці, а ў 1932-1933 гг. - навуковым супрацоўнікам Інстытута мовы, літаратуры і мастацтва АН БССР (працаваў у слоўнікавай камісіі). У 1933 г. арыштаваны і асуджаны да пяці гадоў высылкі. Пакаранне адбываў у г. Ірбіт Свярдлоўскай вобласці. Працаваў бухгалтарам матэрыяльнага аддзела Ірбіцкага падшыпнікавага завода. У 1937 г., не адбыўшы тэрміну, арыштаваны паўторна. Прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Рэабілітаваны ў 1957 г.

Расстраляны 14.09.1937 г.

Першыя паэтычныя творы апублікаваў у 1928 г. на старонках газеты «Чырвоная змена». Вершы друкаваліся ў часопісах «Полымя» (1930, 1931, 1965), «Чырвоная Беларусь» (1931, 1932), зборніку «Дзень паэзіі» (1965). Рукапіс першага зборніка «Смарагды кроз» не ўбачыў свету з-за арышту, рукапіс паэмы «Бенгалія» загінуў у час Вялікай Айчыннай вайны.

Аўрамчык Мікола, нарадзіўся 14.01.1920 г. у вёсцы Плёсы Бабруйскага раёна Магілеўскай вобласці ў сялянскай сям'і.

У 1938 г. паступіў на філалагічны факультэт Менскага педагагічнага інстытута, адначасова працаваў у рэдакцыі газеты «Піянер Беларусі». У час Вялікай Айчыннай вайны ўдзельнічаў у баях на Паўночна-Заходнім і Волхаўскім франтах. Пры акружэнні ў чэрвені 1942 г. быў узяты ў палон і вывезены фашыстамі ў Рур на каменнавугальныя шахты. Пасля вайны працаваў на аднаўленні Данбаса. Скончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1949). Працаваў у рэдакцыях газет «Чырвоная змена», «Літаратура і мастацтва», у часопісе «Полымя», у 1953-1980 гг. - рэдактар аддзела паэзіі часопіса «Маладосць». Сябра СП СССР з 1947 г.