Выбрать главу

Выдаў паэмы: «Карвіга пакідае хутар» (1961), «Татры» (1964), «Паэмы» (1968), зборнікі вершаў «Блакітныя вербы» (1973), «Суладдзе» (1975), «Каласы і скалы: Выбранае» (1978). У 1987 г. выйшлі Выбраныя творы (паэмы і вершы). Выступае як перакладчык з польскай і славацкай моў.

Бандарына Зінаіда, нарадзілася 11.10.1909 г. у горадзе Горадня ў сям'і настаўніка.

Скончыла Менскі беларускі педагагічны тэхнікум (1927), літаратурна-сцэнарны факультэт Інстытута кінематаграфіі ў Маскве (1933), аспірантуру пры Дзяржаўнай акадэміі мастацтвазнаўства ў Ленінградзе (1937). Настаўнічала ў беларускай школе для перасяленцаў у сібірскім пасёлку Медзякова (1927-1928), загадвала аддзелам літаратуры ў газеце «Палеская праўда» (1928-1929, Гомель), сцэнарным аддзяленнем у Віцебскім кінатэхнікуме (1933-1934), працавала ў тэатрах і на кінастудыях Масквы, Архангельска, Горкага. У час Вялікай Айчыннай вайны служыла санінструктарам у дывізіі Панфілава. У пасляваенныя гады была супрацоўніцай часопіса «Бярозка» і карэспандэнтам Беларускага радыё (1945-1946), дырэктарам Дома народнай творчасці ў Горадні (1946-1948), загадвала філіялам музея Янкі Купалы ў Вязынцы (1948-1950), працавала ў газетах «Зорька», «Літаратура і мастацтва» (1950-1956). Сябра СП СССР з 1957 г.

Узнагароджана медалямі.

Памерла 16.04.1959 г.

Літаратурную дзейнасць пачала ў 1926 г. Выйшлі зборнікі паэзіі «Вершы» (разам з Н.Вішнеўскай і Я.Пфляўмбаўм, 1926), «Веснацвет» (1931).

Выступала і ў жанры прозы. На расейскай мове напісала аповесці «Дипломная работа» (альманах «Советская Отчизна», 1953) і «Галина Ильина» (1959), на беларускай - аповесць «Шуміць тайга» (часопіс «Маладняк», 1928), аповесць пра дзіцячыя і юнацкія гады Янкі Купалы «Ой, рана на Івана...» (1956, апошняе выданне ў 1979), зборнік апавяданняў для дзяцей «Лясныя госці» (1960).

Пераклала з расейскай мовы «Апавяданні пра Пакістан» (1954) М.Ціханава.

Баравікова Раіса, нарадзілася 11.05.1947 г. у вёсцы Пешкі Бярозаўскага раёна Берасцейскай вобласці ў сям'і служачага.

Пасля заканчэння Бярозаўскай сярэдняй школы (1965) пачала працаваць у быхаўскай раённай газеце «Маяк Прыдняпроўя» літсупрацоўнікам. Скончыла аддзяленне мастацкага перакладу Літаратурнага інстытута ў Маскве (1971). Працавала рэдактарам кінастудыі «Беларусьфільм» (1971-1972). У 1972-1977 гг. - карэспандэнт газеты «Літаратура і мастацтва», у 1983-1988 гг. - літкансультант рэдакцыі газеты «Чырвоная змена». Сябра СП СССР з 1977 г.

У друку выступае з 1960 г. Аўтар зборнікаў паэзіі «Рамонкавы бераг» (1974), «Слухаю сэрца» (1978), «Такое кароткае лета» (1981), «Адгукнуся голасам жалейкі» (1984), «Каханне» (1987), «Пад небам першага спаткання» (1990).

Напісала аповесць «Кватарантка» (1980). Выйшла кніжка казак і апавяданняў для дзяцей «Галенчыны «Я», альбо Планета Цікаўных Хлопчыкаў» (1990). Перакладае з расейскай, украінскай і польскай моў.

Лаўрэат Літаратурнай прэміі СП БССР імя А.Куляшова (1988) за кнігу лірыкі «Каханне».

Барадулін Рыгор, нарадзіўся 24.02.1935 г. на хутары Верасоўка Ўшацкага раёна Віцебскай вобласці ў сям'і рабочага.

У 1954 г. скончыў Ушацкую сярэднюю школу, у 1959 г. філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Працаваў у рэдакцыях газеты «Советская Белоруссия», часопісаў «Бярозка», «Беларусь», «Полымя», з 1969 г. у выдаведтве «Беларусь», з 1972 г. рэдактарам, затым загадчыкам рэдакцыі ў «Мастацкай літаратуры». У 1984 г. у складзе дэлегацыі Беларускай ССР прымаў удзел у рабоце XXXIX сесіі Генеральнай Асамблеі ААН. З 1989 г. - прэзідэнт Беларускага ПЭН-цэнтра. Сябра СП СССР з 1958 г.

Узнагароджаны ордэнамі Дружбы народаў, «Знак Пашаны», медалём Францыска Скарыны і іншымі медалямі.

Першыя вершы апублікаваны ў 1953 г. (газета «Чырвоная змена»). Выдаў зборнікі паэзіі «Маладзік над стэпам» (1959), «Рунець, красаваць, налівацца» (1961), «Нагбом» (1963), «Неруш» (1966), «Адам і Ева» (1968), «Лінія перамены дат» (1969), «Вяртанне ў першы снег» (1972), «Рум» (1974), «Свята пчалы: Выбранае» (1975), «Абсяг» (1978), «Вечалле» (1980), «Амплітуда смеласці» (1983), «Маўчанне перуна» (1986), «Самота паломніцтва» (1990), паэму «Балада Брэсцкай крэпасці» (1975). Творы гумару і сатыры - у кніжках «Дойны конь» (1965), «Станцыя кальцавання» (1971), «Журавінка» (1973), «Прынамсі» (1977), «Бервенізацыя» (1988), «Мудрэц са ступаю» (1988). Разам з мастаком М.Лісоўскім выдаў альбом сяброўскіх шаржаў і эпіграм «Няўрокам кажучы» (1971), а разам з К.Куксом - «Абразы` без абра`зы» (1985). Выйшлі кніжкі паэзіі для дзяцей «Мех шэрых, мех белых» (1963), «Красавік» (1965), «Экзамен» (1969), «Ай! Не буду! Не хачу!» (1971), «Суровая вымова» (1976), «Што было б тады, калі б?» (1977), «Ці пазяхае бегемот?» (1981), «Азбука не забаўка» (1985), «Індыкала-кудыкала» (1986), «Кобра ў торбе» (1990). У 1984 г. выйшлі выбраныя творы ў 2 тамах.